Усе навіны

Трэнер «Гомеля» Кавыршын: «Кубак Салея – сур'ёзны турнір, у якім хочацца перамагаць і заваяваць галоўны трафей»

3 жніўня, 17:06

Трэнер «Гомеля» Яўген Кавыршын пракаментаваў надыходзячы Кубак Салея.

– Наколькі моцна вы чакалі старт Кубка Салея?

– Чакаў з вялікім нецярпеннем, хоць цяпер і ідзе падрыхтоўка да чэмпіянату, усё ж Кубак Салея – гэта сур'ёзны афіцыйны турнір, у якім хочацца перамагаць і заваяваць па выніку галоўны трафей.

– Як ацэніце гатоўнасць хлопцаў да першых гульняў турніру? Ці ўсё цяпер у страі?

– У фізічным плане, я думаю, хлопцы гатовыя. Зразумелая справа, што ад нагрузак на перадсезонных зборах хтосьці адыходзіць раней, хтосьці крыху пазней, цяпер у нас практычна ўсё ў страі і гатовыя да матчаў.

– Пасля таго як перагледзелі таварыскія гульні каманды, на якія аспекты трэнерскі штаб звяртаў увагу хакеістаў?

– Увагу надавалі абсалютна кожнаму моманту гульні: і зоне абароны, і сярэдняй зоне, і зоне атакі. У каманду прыйшло шмат новых хлопцаў, таму нам ёсць над чым працаваць.

– «Хімік» падчас перадсезонкі не праводзіў таварыскіх матчаў, ці можа гэты момант моцна адбіцца на сённяшняй гульні з імі?

– Вядома, лепш загадзя глядзець на суперніка ў матчах, бачыць, у што гуляе апанент. У «Хімік» цяпер таксама некалькі змяніўся склад, прыйшлі вопытныя гульцы, будзем глядзець усё ўжо па ходзе сустрэчы.

– У параўнанні з мінулым годам каманды ў падгрупе засталіся тыя ж, аднак сурʼёзна змяніўся іх склад. Што скажаце пра супернікаў? З кім з іх чакаеце найбольш няпростых сустрэч?

– Як паказаў папярэдні сезон, калі ўсе каманды ішлі ноздра ў ноздру, кожная гульня ў гэтым Кубку Салея таксама будзе няпростай, любы з супернікаў можа даставіць праблем, таму з усімі трэба будзе выкладвацца на сто адсоткаў, – сказаў Кавыршын.