Усе навіны

Жылінскі пасля 4:3 над «Магілёвам»: «Чакаецца ўзмацненне, але трэба падумаць, каго прыбраць»

21 верасня, 23:16

Галоўны трэнер «Лакаматыва» Ігар Жылінскі падзяліўся меркаваннем аб матчы з «Магілёвам» (4:3).

– Галоўны вынік матчу – тое, што заваявалі 2 ачкі. Усё астатняе выклікае вельмі шмат пытанняў, асабліва гульня ў большасці і ў меншасці. Не вытрымлівае ніякай крытыкі. Магчыма, позні пачатак гульні адбіўся, магчыма, яшчэ нешта. Або рана паверылі ў перамогу, калі забілі два лёгкія галы. Такіх жа два лёгкія галы прапусцілі, а потым гульня ўжо ішла, як на арэлях.

Быў сёння такі вельмі моцны нерв. Удзячныя заўзятарам, якія ў такую познюю гадзіну прыйшлі падтрымаць каманду, ну і хлопцам – за цярпенне. Але будзем рабіць высновы.

– Канцоўка была гарачай, супернік захоўваў шанцы да апошніх секунд, вы бралі тайм-аўт. Якія галоўныя словы былі для хлопцаў у тыя хвіліны?

– Згуляць цярпліва, не выдзірацца, дзейнічаць максімальна сабрана пры гульні без шайбы, на сваім пятаку. З большага - атрымалася.

– Тарас Елісееў вярнуўся ў каманду, у яго сёння 1+1. Задаволены яго дзеяннямі?

– Мы таму за яго плацілі грошы – у надзеі на тое, што ён узмоцніць нас як у абароне, так і ў атацы. Дай бог, каб і надалей так працягвалася.

– Чакаецца яшчэ ўзмацненне ў бліжэйшы час?

– Узмацненне чакаецца, але трэба падумаць, каго прыбраць. У нас адно вакантнае месца ёсць, але яно, хутчэй за ўсё, будзе пад лімітчыкам да 23 гадоў. Ёсць розныя думкі, але пакуль іх агучваць няма сэнсу. А так – нікому месца ў складзе не забраніравана. Я хлопцаў папярэдзіў аб тым, што трэба ўмець слухаць і чуць.

– Нягледзячы на ўсе складанасці, у вас чацвёртая хатняя перамога запар. Гэта дадатковы фактар для набыцця ўпэўненасці?

– Мусіць, ёсць, усёткі свае трыбуны і наперад гоняць, і матывуюць. Яшчэ раз хачу адзначыць нашых балельшчыкаў. Гэта немалаважны фактар, які трэба ўлічваць. Але трэба ўмець гуляць і на выездзе, – сказаў Жылінскі.