Усе навіны

Яраслаў Чупрыс: «Трэба прапусціць першымі, каб потым узбадзёрыцца і перавярнуць гульню»

23 лютага, 12:51

Галоўны трэнер «Шахцёра» Яраслаў Чупрыс даў каментар пасля перамогі над «Брэстам» (3:2 АТ) у матчы Экстралігі.

– Нядрэнная гульня па самааддачы, жаданні, выкананні гульнявога задання. Але першы гол – дурнейшы, няправільны – тут ёсць пытанні. Спадабалася, што згулялі ў трэцім перыядзе поўнасцю па заданні. Тое, што я хацеў убачыць, убачыў. Каманду – з перамогай! Усіх заўзятараў – з перамогай! Маглі і раней усё вырашыць, момантаў хапала.

– Трэці матч запар прапускаеце першымі.

– А вось такое было заданне. Трэба прапусціць першымі, каб потым узяць свае мужчынскія якасці, узбадзёрыцца і перавярнуць гульню.

– Добра працавала тройка Шалагін – Андрушчанка – Яркін. Але вы яе разбілі.

– У пэўным моманце нешта перастала працаваць. Але яны гуляюць у большасці. Далі пагуляць Кірылу Брыкуну. Хочацца, каб Арцём Дзямкоў вярнуўся ў хакей. Вельмі хочацца, і мы ўсё гэтага вельмі чакаем, ён – лідар каманды.

– Ці было дадатковае хваляванне, улічваючы, што сёння маглі аформіць перамогу ў рэгулярцы?

– Вядома, лепш было вырашыць сёння. Перамога ў рэгулярцы, магчыма, не найважнейшая перамога, але яна даецца нялёгка і дае перавагу хатняй пляцоўкі. Зразумела, што лёгка не будзе, вы самі бачылі, якія каманды зараз у чэмпіянаце. Мяркую, мы гэтую перамогу заслужылі, гэта важны момант. Трымаць удар на працягу ўсёй рэгуляркі не вельмі лёгка. Практычна ўсю рэгулярку мы ішлі на першым месцы. Так, нешта ў гэтым месяцы не атрымалася, але ідэалу не бывае. У патрэбны момант мы сканцэнтраваліся. Так, прапусцілі гол, зраўнялі, было нервова. Але мужчыны сабралі волю ў кулак, выйшлі ў авертайм і тым было радасней і эмацыйней перамагчы, як сказаў капітан перад авертаймам.

– Наперадзе – апошні матч рэгуляркі. Ці супалі вашыя чаканні перад пачаткам чэмпіянату з тым, што ёсць зараз?

– Трэба ўсё прааналізаваць. Калі глядзець на прамежкавы вынік, то заняць высокае месца – гэта правільны і добры вынік. Але ў каманды ўсё яшчэ наперадзе.

– Зразумела, што суперніка не выбіраюць. Але ці будзеце сачыць за плэй-ін ці проста чакаць выніку?

– Проста не будзе ў любым выпадку. Пераможа мацнейшы. У плэй-оф іншы хакей. Мы будзем рыхтавацца, каб выйграваць, трэба абыгрываць усіх, – сказаў Чупрыс.