Усе навіны

Краўчанка пра 3:0 з «Гомелем»: «Металург» губляў шайбу на роўным месцы, супернікі гублялі – эмацыйная гульня, цяжкая»

27 сакавіка, 11:18

Галоўны трэнер «Металурга» Дзмітрый Краўчанка расказаў пра першы матч з «Гомелем» (3:0) у паўфінальнай серыі Экстралігі.

– Матч забраў сёння шмат эмоцый, добра, што атрымалася перамагчы. Вельмі радасная была атмасфера, я глядзеў на людзей, якія прыйшлі падтрымаць свае спартыўныя калектывы і быў задаволены, такое адчуванне, што ўся вобласць была тут і нават на даху сядзелі. Я думаю, што сёння заўзятары абедзвюх камандаў атрымалі станоўчыя эмоцыі, вядома, я рады за нашых заўзятараў. Сёння была эмацыйная гульня, цяжкая, кожны мог перамагчы, але мы рады, што перамогу атрымала наша каманда.

– Як вам хлопцы, якія далучыліся да каманды?

– Ніхто не гуляе абыякава, што-то ў іх можа атрымлівацца ці не – гэта іншае пытанне, але пра гэта можна казаць толькі пасля серыі гульняў, трэба глядзець на дыстанцыі. Самае галоўнае – аднавіць іх, каб не было такога, што пасля першай гульні іх ужо і не будзе відаць.

– Было шмат галявых момантаў, гэта звязана з тым, што абедзве каманды гуляюць у атакуючы хакей? Ці адбілася нейкае хваляванне і памылкі першага матча серыі?

– Хваляванне ва ўсіх прысутнічае, мы гублялі шайбу на роўным месцы, супернікі гублялі, мы стваралі моманты – і яны іх стваралі. Калі ўзгадаць наш першы матч з «Юнацтвам», то я там увогуле ледзь прытомнасць ад страху не страціў, але потым захацеў, каб ужо нашы хакеісты страцілі прытомнасць ад маіх прэтэнзій.

– Канадская пляцоўка мае значэнне?

– Тут усё бліжэй, хутчэй, усё цікавей, хоць цікава ўсюды. Гэта ж гульня, яна павінна даваць эмоцыі, нават адмоўныя эмоцыі – гэта таксама эмоцыі, іх трэба дзесьці перамагчы, прапусціць праз сябе, добрае пакінуць, а дрэннае выкінуць.

– Ці чакаць Лукіна ў серыі?

– Ведаеце, усё залежыць ад яго ўнутранага стану душы, чакр. Але і ад доктара таксама, каб ён яму ўсё ўправіў і паправіў. Калі ён скажа, што гатовы, значыць, тады і будзе гатовы. А так, канешне, яго нам не хапае. Сёння ў яго якраз дзень нараджэння, віншую яго. Каманда паднесла яму святочную перамогу, – сказаў Краўчанка.