Tribuna/Хакей/Блогі/У клубе КХЛ за віншаванні з ДН адказвае беларускі гігант: яго фішка – тортам у твар (прыклаўся і да сына пуцінскага мільярдэра)

У клубе КХЛ за віншаванні з ДН адказвае беларускі гігант: яго фішка – тортам у твар (прыклаўся і да сына пуцінскага мільярдэра)

Незвычайны абавязак Сцяпана Фалькоўскага.

29 лютага, 14:37
У клубе КХЛ за віншаванні з ДН адказвае беларускі гігант: яго фішка – тортам у твар (прыклаўся і да сына пуцінскага мільярдэра)

У СКА з Санкт-Пецярбургу беларускі нападаючы Уладзімір Алістраў праводзіў свой рэкордны сезон у КХЛ па выніковасці. Паспеў набраць у 39 матчах 31 пункт (13+18), аднак у снежні атрымаў сур'ёзнае пашкоджанне, праз якое паводле розных СМІ выбыў да канца чэмпіяната, хаця галоўны трэнер СКА Раман Ратэнберг называе такія паведамленні ўкідам і выказвае спадзеў, што беларус вернецца ў найбліжэйшы час.

Ад моманту траўмы мінула амаль два месяцы, а беларус, якому 12 лютага споўнілася 23, усё яшчэ перасоўваецца на мыліцах. Павіншавалі яго ў традыцыйным для СКА стылі – далі тортам у твар:

Віншаваў імянінніка іншы беларус – Сцяпан Фалькоўскі, і гэта – яго абавязак у камандзе. Габарытны абаронца падсалоджвае свята і гульцам, і трэнерам. Тут ён радуе Канстанціна Шафранава, памочніка Ратэнберга.

А тут дабраўся да лекара Дзмітрыя Багдашэўскага:

Фалькоўскі прызнаецца, што трэнераў і персанал ён стараецца віншаваць крыху мякчэй – не так моцна прыціскае торт да твару. Дабраўся ён і да маскота клуба Каня-Агня:

Абаронца не памятае, адкуль у СКА ўзялася традыцыя віншаваць такім чынам, а разважаючы, чаму менавіта ён зʼяўляецца выканаўцам, толькі выказаў здагадку, што яму проста ніхто не наважыцца адпомсціць. І сапраўды: Фалькоўскі – калі не гігант, то вельмі габарытны хлопец: рост – 205 см, вага – 111 кг. Нават калі камусьці нечаканы падарунак не спадабаецца, нейкім чынам запярэчыць будзе няпроста. Як мінімум, у СКА нікога большага няма.

Першы торт хакейнаму легіянеру ўручыў Ратэнберг, і той адразу зразумеў, што трэба рабіць. Дарэчы, галоўнаму трэнеру армейцаў – сыну каляпуцінскага алігарха і проста вялікаму фанату расійскага дыктатара – таксама прылятала ад Фалькоўскага. Уся каманда падбадзёрвала партнёра, заклікала ўсё зрабіць ад душы, але той відавочна заасцярожнічаў. У выніку Ратэнберг сам уціснуў твар у торт, каб было мацней.

Калі Фалькоўскі з нейкіх прычын не можа выканаць абавязак, то ў яго ёсць памочнікі. Напрыклад, сын экс-гульца зборнай Беларусі Аляксандра Гальчанюка Алекс:

Ці расійскі абаронца Аляксандр Нікішын – менавіта ён віншаваў самога Фалькоўскага. Беларус казаў, што хоча на дзень нараджэння мяккі бісквітны торт з вяршкамі, а не вафельны. Яму пайшлі насустрач, але ўціснулі падарунак напоўніцу.

Званне «дзяжурны па тартах» настолькі замацавалася за беларускім абаронцам, што ў СКА на закрыцці сезона-2022/23 нават адмыслова абыгралі гэта. Выконваць буліт Фалькоўскі вылез з вялікага торта, праўда, спроба аказалася няўдалай:

Добра, што торт нікуды не трэба кідаць.

У гэтым сезоне Фалькоўскі адгуляў за СКА 39 матчаў з 68 магчымых і набраў у іх 4+7 пры паказніку карыснасці «+ 12» (у сярэднім 17 з паловай хвілін на пляцоўцы). Пры гэтым каля месяца ён прапусціў праз траўму. СКА заняў другое месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ па выніках рэгуляркі, таму ў плэй-оф з мінскім «Дынама» не сустрэнецца.

Фалькоўскі хаця б тортам мог падсаладзіць суайчыннікам верагодную няўдачу. З маскоўскім «Дынама» мінчукам дакладна будзе нясоладка.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты