Tribuna/Хакей/Блогі/«Адзін з тых, хто мог абагнаць Макдэвіда». Хакейны свет развітваецца з Кальцовым

«Адзін з тых, хто мог абагнаць Макдэвіда». Хакейны свет развітваецца з Кальцовым

Людзі ўзрушаныя па абодва бакі акіяну.

Аўтар — Pam-pam
19 сакавіка, 18:59
«Адзін з тых, хто мог абагнаць Макдэвіда». Хакейны свет развітваецца з Кальцовым

У ноч з 18 на 19 сакавіка з'явілася інфармацыя пра гібель экс-хакеіста зборнай Беларусі, падпісанта ліста за Лукашэнку і кавалера Арыны Сабаленкі Канстанціна Кальцова. Праз пару гадзін трагічную навіну пацвердзілі ў «Салават Юлаеве», дзе спецыяліст працаваў апошнія 2 гады.

Як паведамілі «Трыбуне» ў паліцыі Маямі, былы спарстсмен скончыў жыццё самагубствам.

На нечаканую смерць 42-гадовага Кальцова адрэагавалі ў хакейным свеце – калегі, хакеісты і функцыянеры раздавалі каментары з успамінамі, рабілі рэпосты некралогаў і выказвалі спачуванні родным і блізкім.

Афіцыйныя заявы зрабілі старшыня ФХБ Аляксандр Багдановіч і сама федэрацыя, КХЛ, а таксама хакейныя клубы «Ак Барс», «Салават Юлаеў», «Сочы» і «Дынама-Мінск».

Свае спачуванні выказаў «Пітсбург», за які Кальцоў правёў у НХЛ тры сезоны:

«Пінгвіны» выказваюць глыбокія спачуванні сям'і і сябрам былога нападніка каманды Канстанціна Кальцова.

Ураджэнец Беларусі быў абраны ў першым раўндзе драфта «Пінгвінаў» у 1999 годзе і выступаў за каманду з 2003 па 2006 гады. Канстанцін быў партнёрам Сіндзі Кросбі і Марыё Лемье ў сезоне 2005-2006».

Галоўны трэнер «Салавата Юлаева» Віктар Казлоў, дзе Кальцоў правёў апошнія два гады, назваў смерць калегі вялікай стратай:

«Канстанцін быў вельмі добрым чалавекам і калегам, магу сказаць пра яго толькі найлепшыя словы. Прыношу спачуванні ўсім родным і блізкім Канстанціна. Мы два гады разам працавалі ў трэнерскім штабе ва Уфе, разам выступалі ў складзе «Салавата Юлаева», я гуляў супраць Косці ў НХЛ».

Капітан «Салавата» Рыгор Панін заявіў, што ў камандзе шакаваныя навіной.

Галоўны трэнер піцерскага СКА Раман Ратэнберг таксама ў шоку. Ён прыгадаў нядаўнюю сустрэчу з Кальцовым на Кубку расійскага прапагандысцкага Першага канала, дзе той узначальваў беларускую зборную:

«Пад кіраўніцтвам Кальцова беларусы паказалі яркі, цікавы хакей, гуляць з імі было няпроста і вельмі цікава. Канстанцін быў выдатным гульцом і, не сумняюся, стаў бы выдатным трэнерам».

Былы хакеіст НХЛ, а сёння вядоўца папулярнага падкасту Spittinʼ Chiclets Раян Уітні зрабіў допіс у сацсетцы Х (былы Twitter):

«Гэта жахлівая навіна. Я гуляў з Колцы пару гадоў ва «Уілкс-Бэарз» і «Пітсбургу». Адзін з самых хуткіх хакеістаў, якіх я калі-небудзь бачыў. І ён быў такім пацешным. Асабліва з яго акцэнтам і словамі, якія ён выкарыстоўваў, каб падкалоць мяне.

Гэта жудасна. Я думаю пра яго сямʼю ў гэты цяжкі час».

Журналіст The Athletic Джэсі Маршал назваў Кальцова адзіным гульцом сярод тых, каго ён бачыў, здольным абагнаць Макдэвіда:

«Гэта так сумна. Кальцоў быў бясспрэчна маім любімым гульцом пакалення X.

І адзіны хлопец з тых, каго я бачыў, хто, як мне падаецца, мог абагнаць Макдэвіда. Хай ён спачывае ў спакоі», – напісаў ён.

У каментары да некралогу на старонцы «Салавата» прыйшоў і былы партнёр Кальцова нарвежац Патрык Торэсан:

«Мае глыбокія спачуванні яго сямʼі і бліжэйшым сябрам. Я буду памятаць яго як выдатнага таварыша па камандзе, які заўсёды ставіў каманду на першае месца».

Заслужаны трэнер Расіі Юрый Новікаў згадаў пераезд Кальцова ў Расію:

«Памятаю, як мой таварыш і калега Раман Хайрэтдзінаў прывёз яго з Беларусі і апекаваўся. Косця жыў у іх дома. Яны апекаваліся над ім, верылі ў яго. Ён выступаў і за «Крылы», і за «Спартак». Я добра ведаў Канстанціна. Мы вельмі смуткуем. Шкада, што пайшоў чалавек у росквіце сіл. Нядаўна была інфармацыя, што ён можа ўзначаліць каманду з Беларусі. Гэта несправядліва і няправільна, што такія хлопцы ад нас сыходзяць».

Пра гульнявыя якасці былога нападніка зборнай Беларусі гаварыў і ўладальнік Кубка Стэнлі Валерый Каменскі:

«Як гульца я яго ведаю. Блізка я не быў з ім знаём, але таленавіты хлопец, сурʼёзны. Спачуванні сямʼі, родным, блізкім. Любіў вельмі хакей, любіў сваю працу, быў вельмі перспектыўным. Шкада, што мы губляем такіх людзей у такім узросце», – выказаў свае спачуванні ён.

Былы нападнік мінскага «Дынама» расiянiн Аляксей Цярэшчанка лічыць, што кар'ера Кальцова ў НХЛ (а гэта 144 мачты з 12 шайбамі і 26 асістамі) была выдатнай:

«Навіна пра смерць Кальцова стала шокам. Ён быў вялікім прафесіяналам. Правёў выдатную кар'еру ў НХЛ і ў Расіі, шмат чаго дамогся. Вялікі майстар быў. Толькі пачынаў трэнерскую кар'еру, шмат што рабіў для свайго развіцця.

Жыццярадасны быў чалавек, камандны гулец. Гэтае жыццё, на жаль, так адбылося. Мае спачуванні родным і блізкім, гэта страшна, 42 гады».

Двухразовы алімпійскі чэмпіён пуцініст Вячаслаў Фяцісаў назваў Кальцова хакейным братам:

«Спачуваю сямʼі, перш за ўсё. Наш брат хакейны, таварыш, верай і праўдай служыў хакею – вялікай гульні. Як шкада... Такі ўзрост для трэнера, перыяд станаўлення. Вялікая страта. Будзем памятаць пра чалавека, іншых слоў у мяне няма».

Былы хакеіст, а сёння агент Уладзімір Анціпаў напісаў, што страціў брата.

Журналіст «СЭ» Іван Богун згадаў стасункі Кальцова і Арыны Сабаленкі:

«Цяжка ўявіць, што цяпер адчувае дзяўчына Канстанціна Арына Сабаленка. Параўнальна нядаўна адна з найлепшых тэнісістак свету страціла бацьку, які пайшоў з жыцця ў 43 гады, а гэтай ноччу амаль у гэтым жа ўзросце яе пакінуў іншы каханы мужчына.

Велізарная страта для ўсяго хакея на постсавецкай прасторы».

Многія хакеісты, у ліку якіх Ягор Чазганаў, Іван Кульбакоў, Іван Зінчанка, Уладзімір Алістраў, Сцяпан Фалькоўскі, Раман Дзюкаў, рабілі рэпосты паста аб смерці Кальцова ў сваіх сацсетках.

Гулец «Вашынгтона» Аляксей Протас з цяжкасцю падабраў словы:

«Не магу падабраць словаў, каб апісаць страту. Канстанцiн Яўгенавіч – легенда ўсяго беларускага хакея і цудоўны чалавек. Спачуванні ўсім родным і блізкім. Зямля пухам».

Міністэрства спорту Башкартастана заявіла, што сумесна з «Салаватам» акажа дапамогу родным і блізкім Кальцова, а КХЛ абʼявіла. што матчы 1/4 фіналу Кубка Гагарына, якія пройдуць 19 сакавіка, пачнуцца з хвіліны маўчання. Таксама ў памяць аб Кальцове з хвіліны маўчання пачнуцца матчы Экстралігі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты