Tribuna/Футбол/Блогі/Чычкан перад фіналам Кубка Польшчы нарэшце дэбютаваў за «Віслу» – прапусціў за каўнер, але атрымаў пахвалу ад трэнера

Чычкан перад фіналам Кубка Польшчы нарэшце дэбютаваў за «Віслу» – прапусціў за каўнер, але атрымаў пахвалу ад трэнера

Цяпер коуч думае, хто згуляе за трафей.

Аўтар — Pam-pam
27 красавіка, 14:34
Чычкан перад фіналам Кубка Польшчы нарэшце дэбютаваў за «Віслу» – прапусціў за каўнер, але атрымаў пахвалу ад трэнера

Беларускі брамнік Антон Чычкан нарэшце дэбютаваў за кракаўскую «Віслу», кантракт з якой падпісаў 20 лютага 2024-га. Паводле інфармацыі «Трыбуны», такая затрымка з дэбютам здарылася з-за праблем з дакументамі, якія б дазвалялі беларусу працаваць у Польшчы.

Гэты факт пацвердзіў і галоўны трэнер каманды Альберт Рудэ, які ў пасляматчавым каментары зазначыў, што ўсе бюракратычныя праблемы беларуса вырашаны.

У гульні супраць «Падбескідзэ» беларускі галкіпер выйшаў на поле з першых хвілін, а яго партнёры адкрылі лік ужо на 16-й хвіліне – дакладным аказаўся ўдар Хесуса Альфара.

Праз дзесяць хвілін сапернікам удалося зраўняць лік. Міраслаў Іліч скарыстаўся абрэзкай абаронцы «Віслы» ды выбег сам-насам з беларускім галкіперам. Чычкан апынуўся ў паўпазіцыі, таму сапернік без вялікіх праблем адправіў мяч над брамнікам (адзнака 1:16).

І ўсё ж «Белая Зорка» аказалася больш паспяховай у гэтай сустрэчы. На 32-й хвіліне мяч забіў Анхель Рададо, а кропку ў дададзены час паставіў Патрык Гогол.

Важную вікторыю 3:1 каманда адсвяткавала з заўзятарамі.

За дэбютам беларуса назірала амаль 15 тысяч гледачоў. «Вісла» лідэр польскага Д2 па хатняй наведвальнасці. На кракаўскія матчы ў сярэднім прыходзяць 15 675 гледачоў – гэта ў два разы больш, чым у каманды з другога месца.

Традыцыйнае пераможнае фота ў распранальні таксама было.

Пасля гульні галоўны трэнер хоць пахваліў Чычкана, але сказаў, што пакуль не ведае, хто выйдзе ў вароты ў наступным матчы. А гэта не шмат не мала фінал Кубка Польшчы супраць шчацінскай «Пагоні», які пройдзе 2 траўня ў Варшаве на Нацыянальным стадыёне.

У Д2 «Вісла» ідзе на трэцім месцы, адстаючы ад лідэра на дзесяць ачкоў. У найбліжэйшых праследавацеляў з «Тыхы», «Катавіцы» і «Аполе» ёсць яшчэ адзін матч у запасе. Наўпрост у эліту выходзяць дзве каманды. Чатыры наступныя клубы згуляюць у плей-оф за яшчэ адну пуцёўку ў наймацнейшы дывізіён.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты