Tribuna/Футбол/Блогі/Былы брамнік БАТЭ двойчы стаў чэмпіёнам Грузіі – і апынуўся ў польскім Д2. У клубе два трэнера-беларуса, а вось канкурэнтаў небагата

Былы брамнік БАТЭ двойчы стаў чэмпіёнам Грузіі – і апынуўся ў польскім Д2. У клубе два трэнера-беларуса, а вось канкурэнтаў небагата

Галоўнага трэнера дапамог выбраць штучны інтэлект.

21 лютага, 17:09
Былы брамнік БАТЭ двойчы стаў чэмпіёнам Грузіі – і апынуўся ў польскім Д2. У клубе два трэнера-беларуса, а вось канкурэнтаў небагата

Антон Чычкан, чыя кар'ера пачыналася ў БАТЭ, правёў у Грузіі паўтара года, за якія паспеў стаць чэмпіёнам адразу з двума «Дынама»: спачатку з тбіліскім, а затым з батумскім. Праўда, за першае галкіпер толькі сядзеў на лаўцы падчас матчаў. За Батумі першую палову 2023-га стабільна гуляў, але ў сярэдзіне лета выходзіць на поле перастаў. Пасля сезона расстаўся з клубам і заявіў на развітанне, што яго «зачахлілі» штучна, таму што «так хтосьці вырашыў».

Чычкан расказваў, што хацеў бы паспрабаваць сябе ў Еўропе. І медыі пісалі пра інтарэс з боку «Краковіі». Аднак, як нам удалося высветліць, гэтыя звесткі не адпавядала рэчаіснасці. Тым не менш у Кракаў брамнік усё ж такі пераехаў. Толькі не ў «Краковію», якая выступае ў эліце, а ў «Віслу» з Д2.

Магчыма, на рашэнне Чычкана паўплывала прысутнасць беларусаў у структуры клуба, дзе працуюць цёзкі па прозвішчы – Сяргей і Аляксандр Міхайлавы. Першы звязаны з клубам з 2016 года. Спачатку працаваў трэнерам з рознымі ўзростамі ў акадэміі, а ад сезона-2022/23 працуе ў другой камандзе «Віслы». Паспеў Сяргей Міхайлаў паспрабаваць сябе і ў першым складзе. Пасля паражэння 1 снежня мінулага года ад «Тэрмалікі» 1:2 у адстаўку падаў галоўны трэнер Радаслаў Сабалеўскі. Часова на выкананне абавязкі паставілі трэнера другой каманды Марыюша Ёпа, якому з брамнікамі прызначылі дапамагаць беларуса. Праца ў першай доўжылася няпоўны месяц. У канцы снежня клуб абвясціў аб прызначэнні іспанца Альберта Рудэ, а Марыюш Ёп і Сяргей Міхайлаў вярнуліся да другой каманды.

У ёй жа з ліпеня 2023 года пасаду асістэнта займае былы галоўны трэнер БАТЭ Аляксандр Міхайлаў, які добра ведае Чычкана па працы ў Барысаве.

Цікава, што іспанскага галоўнага трэнера «Вісла» выбрала з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. Пра гэта распавёў вядучы спецыяліст па апрацоўцы звестак (так, у «Вісле» ёсць і такая пазіцыя) Пётр Ваўжынуў:

– Усё пачалося са стварэння вялікай базы звестак. Там усяго было каля 3000 імёнаў. Кожны трэнер аўтаматычна апісваўся наборам статыстычных звестак, якія казалі нам пра уплыў спецыяліста на стыль гульні або на якасць каманды з пункту гледжання развіцця футбалістаў. З гэтых 3000 імёнаў мы выбралі 100-300. Затым мы правяралі, ці будзе канкрэтны трэнер даступны для нас, і спіс скараціўся да 5-10 кандыдатаў. І ў ім быў Альберт Рудэ.

Гэтак жа [у праграме] мы паказалі нашы чаканні ад трэнера і стварылі гульнявую мадэль. На аснове гэтага была створаная статыстыка. Нам было важна, сярод іншага, стварэнне небяспечных момантаў у чужых варот і нядопуск супернікаў да нашых. Мы глядзелі на паказнікі xG канкрэтнага трэнера да яго прыходу ў канкрэтны клуб і пасля. Такім чынам мы ацэньвалі яго ўплыў на каманду, – распавёў Ваўжынуў.

Фота: галоўны трэнер «Віслы» Альберт Рудэ

Выкарыстанне штучнага інтэлекту для выбару галоўнага трэнера не будзе здавацца дзіўным, калі даведацца некалькі дэталяў пра аднаго з саўласнікаў клуба. Кантрольны пакет акцый належыць Яраславу Крулеўскаму. 37-гадовы бізнесмэн з'яўляецца сузаснавальнікам і прэзідэнтам ІТ-кампаніі Synerise, якая стварае праграмнае забеспячэнне на аснове штучнага інтэлекту і вялікіх баз звестак. Крулеўскі лічыцца адным з самых перспектыўных маладых бізнесменаў Польшчы, а часопіс Forbes параўноўваў яго з маладым Біл Гейтсам.

Саўласнікам клуба зʼяўляецца і экс-паўабаронца «Барусіі» і зборнай Польшчы Якуб Блашчыкоўскі. Менавіта з «Віслы» ў 2007 годзе ён зʼехаў у Дортмунд, з якім выйграў усе тытулы ў Германіі і згуляў у фінале Лігі чэмпіёнаў супраць «Баварыі» (1:2).

Крулеўскі і Блашчыкоўскі сталі ключавымі фігурамі ў выратаванні «Віслы», якая захрасла ў фінансавых праблемах у канцы дзесятых гадоў. Абодва ў 2019 годзе ахвяравалі па 1,33 мільёнаў злотых (каля 333 тысяч долараў). Прычым Блашчыкоўскі яшчэ і вярнуўся ў «Віслу» як гулец. Згодна з кантрактам, ён атрымліваў толькі 500 злотых (125 долараў), а астатнія грошы ішлі на білеты дзецям з дамоў прытулку. У верасні 2021-га Блашчыкоўскі атрымаў цяжкую траўму і наступны раз на полі зʼявіўся толькі ў красавіку 2023-га, а 20 ліпеня абʼявіў пра завяршэнне карʼеры. Дарэчы, 23 лютага выходзіць дакументальны фільм «Куба» пра карʼеру і жыццё Блашчыкоўскага.

У сезоне 2021/22 «Вісла» заняла перадапошняе месца ў Экстракласе і вылецела ў Д2, дзе і выступае на сённяшні момант. Але, нягледзячы на цяжкасці ў апошнія гады, клуб з'яўляецца адным з самых тытулаваных у Польшчы. На яго рахунку 13 перамог у чэмпіянаце, чатыры ў Кубку, адзін Кубак лігі і адзін Суперкубак. Апошні тытул чэмпіёна Экстракласы «Вісла» брала ў сезоне 2010/2011, і да яго быў датычны Міхаіл Сівакоў. Тады беларус пераехаў у Кракаў на паўгода ў арэнду з «Кальяры», прыняў удзел у 14 матчах чэмпіянату і вызначыўся вось такім шыкоўным голам:

Надоўга заставацца ў першай лізе клуб не плануе. «Вісла» была блізкая да павышэння ў мінулым сезоне, але да прамога прасоўвання ёй не хапіла двух пунктаў, а ў паўфінале стыкаў мацнейшай была «Пушча» (1:4), якая і паднялася ў Д1. У бягучым сезоне клуб займае 4-е месца. Адставанне ад дуэта лідараў – тры пункты:

Што да перспектыў Чычкана, то, здаецца, яго запрасілі ў «Віслу» на ролю першага нумара. Намінальна трэці брамнік Мікалай Бяганскі ў зімовае трансфернае акно быў аддадзены ў арэнду ў амерыканскі «Сан-Хасэ» з МЛС. Да снежня-2023 асноўным лічыўся 31-гадовы іспанец Альвара Ратон, аднак пасля таго самага паражэння ад «Тэрмалікі», дзе галкіпер дапусціў памылку пры вырашальным голе суперніка, «Віслу» пакінуў галоўны трэнер. Часовы трэнерскі штаб з Міхайлавым у складзе вырашыў даверыцца Камілю Бродзе, які і выходзіў на ўсе матчы да пачатку зімовай паўзы ў старце. Па паведамленнях польскіх СМІ, Брода і мусіў застацца асноўным пасля перапынку, але на пачатку лютага атрымаў траўму і выбыў на тэрмін ад чатырох да шасці тыдняў. У сваю чаргу Ратон працягваў памыляцца і ў таварыскіх гульнях. Вось яго прывоз у матчы з балгарскай «Ардой»:

Так, Ратон згуляў у першым матчы пасля паўзы супраць «Сталі» Жэшуў (1:2), але яго выхад мог быць звязаны і з адсутнасцю альтэрнатывы ў трэнерскага штаба. Па гэтай жа прычыне «Вісле» давялося ўзяць на лаўку 17-гадовага Якуба Стэнпака з другой каманды.

Да падпісання Чычкана «Белая зорка» актыўна шукала брамніка. Хацелі ўзяць у арэнду 19-гадовага Шымона Веіраўха, які згуляў у гэтым сезоне 9 матчаў за «Заглембе» з Любіна (Д1), аднак бакі не дамовіліся. Таксама «Вісла» была зацікаўленая ў паслугах вопытнага Рафала Глікевіча, на рахунку якога 126 матчаў у Бундэслізе, але той абраў «Відзеў», які выступае ў польскай эліце. Цікавілася «Вісла» і 21-гадовым Кацперам Бешчадам, які належыць зноў жа «Заглембе», але знаходзіцца ў арэндзе ў «Ракове», дзе гульнявую практыку мае толькі ў другой камандзе з трэцяй лігі. У Кракаве былі зацікаўлены 35-гадовым брамнікам «Гурніка» Ленчна (Д2) Мацеем Гастомскім, але канкурэнты не адпусцілі свайго першага нумара.

У рэшце рэшт выбар быў зроблены на карысць Чычкана. На сёння яго шансы праявіць сябе выглядаюць няблага. Але што ў выніку атрымаецца на гэты раз?

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты