Tribuna/Футбол/Блогі/У Мiнску можна жыць проста на «Дынама» – у пакоі з панарамнымі вокнамі. I гэта не ўсе незвычайныя магчымасцi стадыёна

У Мiнску можна жыць проста на «Дынама» – у пакоі з панарамнымі вокнамі. I гэта не ўсе незвычайныя магчымасцi стадыёна

А вяселле даступна i на «Барысаў-Арэне».

12 траўня, 15:30
У Мiнску можна жыць проста на «Дынама» – у пакоі з панарамнымі вокнамі. I гэта не ўсе незвычайныя магчымасцi стадыёна

Беларуская лёгкаатлетка Ірына Жук расказвала, што ў яе планах ёсць выступленне на расiйскiх турнiрах з буйнымi прызавымi, а ячшэ хоча на Алімпіяду – але тут пакуль няма допуску, а калi i будзе, то прыйдзецца выбiраць.

Пакуль жа Жук рыхтуецца да спаборніцтваў – i для гэтага, як расказала, пачала на некаторы час жыць проста на сталічным стадыёне «Дынама». Спартсменка выклала вiдэа, як без штаноў i абутку расшторвае панарамныя вокны ў пакоi з вiдам на поле.

А таксама выйшла адпачыць на віп-месцы, якія знаходзяцца адразу за вокнамi. Ад стандартных крэслы адрозніваюцца абіўкай i падлакотнікамi з месцам для кубка.

Хутчэй за ўсё, скакуху засялiлi ў VIP-памяшканне стадыёна – паводле нашай інфармацыі, пустых такiх на «Дынама» хапае. А вось як выглядала аналагiчная прастора, абсталяваная пад прагляд матчаў.

Размешчана гэтае памяшканне над сектарам А8 (VIP 43 на схеме). Жук жа знаходзiлася, што вынiкае з вiдэа, у прасторы ля пачатку бегавых дарожак – ля сектара А3.

Летась кошт білета на зручныя месцы на матчы «Дынама» складаў 30 рублёў. Сярод пераваг элітнага сектара, акрамя зручных крэслаў, былi пазначаны доступ да пакояў з кандыцыянерамі, дзе ёсць мяккія канапы і крэслы, тэлевізары, дзе можна паглядзець паўтор з бягучага матча ці іншую трансляцыю, асобны санвузел, асобны ўваход, бясплатная пітная вада і розныя закускі і напоі па спецыяльным меню.

Звычайна інфармацыя пра месцы на элітны сектар з’яўлялася толькі ў сярэдзіне траўня – так што нядзiўна, што на 2024-ы яе пакуль няма. На тыя матчы мiнскага «Дынама», якiя ўжо прайшлi на аднайменным стадыёне, самы дарагі білет каштаваў 13 рублёў (сектары А4, А5, А6, А7).

А вось на «Барысаў-Арэне» VIP-месцы ўжо даступныя – за 20 рублёў. Праўда, з пераваг тут толькi больш зручныя крэслы – пра iншае не паведамляецца. На фота яны знаходзяцца ніжэй за агароджаную шклом VIP-ложу (сектары VIP E і VIP F), куды бiлеты не прадаюцца.

Вернемся да стадыёна «Дынама», дзе сярод стандартных паслуг для буйных арэн (трэнажорная зала ці сауна) ёсць незвычайная прапанова. Даступная там студыя падводнай здымкі з коштам адной гадзіны фотасесіі ад 100 да 130 рублёў i магчымасцю арэнды некаторага рэквізіту. У студыi ёсць i партфоліа для патэнцыйных клiентаў.

Таксама на «Дынама» можна правесцi вяселле – на сайце стадыёна сказана, што даступныя «ўсе магчымасці», але коштаў не прыводзiцца.

А вось на сайце «Барысаў-Арэны» даводзiцца, што ўрачыстая рэгістрацыя шлюбу на футбольным полі каштуе 200 рублёў. Столькi ж прыйдзецца даплацiць за гасцей – максiмум 20 чалавек. Ёсць і бюджэтны варыянт правядзення цырымоніі – на сінтэтычным пакрыцці за 50 рублёў.

Зноў перамясцiмся на сайт «Дынама» – i знойдзем прапановы (зноў без пазначэння коштаў) наконт арэнды розных офісных памяшканняў плошчай ад 18 да 690 квадратных метраў. Пры гэтым арандатарам трэба быць гатовымi узгадняць сваю дзейнасць з арганізатарамi мерапрыемстваў на стадыёне. Ёсць складанасць і для тых, хто хоча набыць абанемент на адну са стадыённых парковак: тут хацяць 80 рублёў у месяц за адкрытую i 105 – за крытую. У праве пакiнуць машыну тут могуць адмовіць нават пры аплаце – падчас «масавых і ахоўных мерапрыемстваў».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты