Tribuna/Футбол/Блогі/Беларус, які на Кіпры спансуе «Арыс», выйграў у покер 4,7 млн долараў. На што хапіла б гэтых грошай у белфутболе?

Беларус, які на Кіпры спансуе «Арыс», выйграў у покер 4,7 млн долараў. На што хапіла б гэтых грошай у белфутболе?

Увесь склад БАТЭ, 4 манежы, 12 гадоў утрымання Брэста.

24 траўня, 07:24
Беларус, які на Кіпры спансуе «Арыс», выйграў у покер 4,7 млн долараў. На што хапіла б гэтых грошай у белфутболе?

У Чарнагорыі завяршыўся галоўны этап турніру Triton Poker. Яго пераможцам стаў беларускі гулец Мікалай Васкабойнікаў. Выйгрыш склаў 4 737 000 долараў і падняў беларуса на 182-е ў сусветным рэйтынгу па выйгрышах (цяпер агульная сума прызавых гульца складае 8 321 768 долараў).

Беларускім аматарам футбола Васкабойнікаў таксама можа быць знаёмы. Ён з'яўляецца галоўным спонсарам у адной з самых беларускіх замежных каманд – «Арысе», а яшчэ дапамагае фінансамі «Макслайну», дзе кіраўніком зʼяўляецца ўласнік аднайменнай букмекерскай канторы Арцём Лявонаў:

Кожны чалавек вольны распараджацца сваімі грашыма так, як яму хочацца (натуральна, у законных мэтах). Але што, калі б Васкабойнікаў захацеў выдаткаваць свой покерны выйгрыш выключна на беларускі футбол, забыўшыся на кіпрскі, – на што гэтага хапіла б? Тут хапае варыянтаў.

Увогуле, каб зразумець маштаб: 4 737 000 долараў – сума вельмі вялікая. Каб яе зарабіць, беларусу з сярэднім афіцыйным заробкам (675 долараў на месяц) прыйшлося б працаваць амаль 600 гадоў.

Выйгрыша Васкабойнікава хапіла б магілёўскаму «Дняпру» для ўдзелу ў вышэйшай лізе цягам трох сезонах і нават яшчэ засталося б. Паводле нашых звестак, сёлета бюджэт магілёўцаў складае 1,5 мільёна долараў. А вось каб закрыць выдаткі АБФФ, гэтай сумы не хопіць. Бюджэт федэрацыі на 2024-ы – 39,3 мільёна беларускіх рублёў, што ў пераліку на долары складае прыблізна 12,278 мільёнам.

Толькі ў трох каманд вышэйшай лігі склад паводле ацэнкі Transfermarkt пераважвае покерныя прызавыя Васкабойнікава – у «Дынама» (6,85 млн еўра), «Тарпеда-БелАЗ» (6,03 млн) і «Нёмана» (5,43 млн). А ростар любога з 13 астатніх клубаў ЧБ, у тым ліку БАТЭ (4,08 млн), можна набыць без праблем цалкам. А з улікам таго, што Transfermarkt традыцыйна пераацэньвае беларускіх футбалістаў, то і на мінскае «Дынама» можна замахнуцца. Зразумець бы толькі навошта.

У канцы мінулага сезона кіраўнік Гродзенскай федэрацыі футбола Андрэй Хмель абяцаў «Нёману» за паспяховае выступленне ў еўракубках (калектыў Кавалевіча адужаў два раўнды ў Лізе канферэнцый) падарыць новы аўтобус, по менавіта ў такім транспарце каманда рассякала па Еўропе, а не самалётам. У студзені чыноўнік слова стрымаў. Цяпер «Нёман» ездзіць на аўтобусе кітайскай маркі Zhongtong Bus за 170 тысяч долараў. Васкабойнікаў такіх можа набыць цэлы парк – амаль 28 бусаў. Хапіла б і на вышэйшую лігу, і на Д2 крыху засталося б:

А што, калі «ўзважыць» покерны прыз не ў заробках звычайных беларусаў, а ў заробках прафесійных футбалістаў? Для прыкладу возьмем брэсцкае «Дынама». Па нашых звестках, сярэдні аклад гульца там складае 1100 долараў. У ростары клуба – 22 гульцы. Атрымліваецца, для іх утрымання трэба прыкладна 25 тысяч долараў на месяц. У трэнерскі штаб брастаўчан акрамя галоўнага Аляксандра Бразевіча ўваходзяць Ігар Тарлоўскі, Аляксандр Дзямешка і Уладзімір Селькін. Іх заробкі нам невядомыя, але можна меркаваць, што Бразевіч як галоўны атрымлівае максімум, які дазваляе столь (3080 долараў), а яго памочнікі – палову (1540 долараў), што ў суме цягне на 7700 долараў штомесяц. Атрымліваецца, што агульны месячны фонд заробкаў у «Дынама» складае 32 700 долараў. То бок каб Васкабойнікаў спансаваў гэты год і скіраваў бы туды выйгрыш, то гульцы 12 гадоў маглі б не думаць пра затрымкі.

А вось калі б галоўны спонсар «Арыса» выдаткаваў чарнагорскія прызавыя на будаўніцтва футбольных манежаў, то грошай бы хапіла прыкладна на чатыры. У Гродне будаўніцтва такога аб'екта каштавала 1,2 мільёна долараў, у Віцебску патрацілі 3,6 мільёна беларускіх рублёў, што ў пераліку раўняецца прыблізна той жа суме (1,125 мільёна долараў).

Ідзем далей. У 2020-м годзе на той момант кіраўнік АБФФ Уладзімір Базанаў прыехаў урачыста адкрываць міні-футбольнае штучнае поле ў Брэсце. Пабудова абышлася прыблізна ў 25 тысяч долараў. Адпаведна, прызавыя Васкабойнікава – гэта 189 такіх пляцовак:

Раз на чатыры гады Беларуская федэрацыя футбола атрымлівае сродкі ад УЕФА ў межах праграмы «HatTrick». Памер – 4,5 мільёны еўра, то бок амаль тыя самыя 4,7 мільёны долараў. Гэтыя грошы звычайна інвестуюцца ў развіццё інфраструктуры. Напрыклад, неяк закуплялася 11 поўнамаштабных штучных газонаў у розныя гарады Беларусі коштам 100 тысяч еўра кожны. Васкабойнікаў можа набыць амаль 50 такіх палёў, але ж іх укладанне – то зусім іншая справа і зусім іншыя выдаткі, якія звычайна бяруць на сябе ўлады гарадоў і раёнаў.

«Макслайн», якому і так дапамагаў Васкабойнікаў, перад сезонам ніяк не мог дамовіцца з «Віцебскам» наконт арэнды галоўнага стадыёна вобласці. Дырэктар клуба-канкурэнта заламіў цэннік у 4,7 тысячы долараў за матч. Покерных грошай хапіла б букмекерскаму праекту на 50 з паловай сезонаў такой драконаўскай арэнды з разлікам на 20 сустрэч у кожным. Ёсць вялікія сумневы, ці працягне «Макслайн» так доўга. «Дынама» ў Мінску (просяць 5,6 тысяч долараў за гульню) можна карыстаць 42 сезоны, а «Барысаў-Арэну» (2,7 тысячы долараў) – усе 88.

Мы пакуль не ведаем, колькі атрымлівае Карлас Алос у зборнай Беларусі, але заробак яго папярэдніка Георгія Кандрацьева складаў 15 тысяч долараў да выліку падаткаў. Калі Алос атрымлівае прыкладна тыя ж грошы, прызавых з покера хапіла б на 26 гадоў і 3 месяцы аплаты працы іспанскага спецыяліста або любога спецыяліста за адпаведные грошы ў беларускай камандзе. Дастаткова часу, каб вывесці яе на топ-турнір, хаця...

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты