Tribuna/Футбол/Блогі/Лідар «Дынама» лічыць, што поле ў Маладзечне больш пасуе пад бульбу, а не футбол. А які ураджай там можна сабраць?

Лідар «Дынама» лічыць, што поле ў Маладзечне больш пасуе пад бульбу, а не футбол. А які ураджай там можна сабраць?

Беларусу не з'есці і за ўсё жыццё.

15 траўня, 15:14
Лідар «Дынама» лічыць, што поле ў Маладзечне больш пасуе пад бульбу, а не футбол. А які ураджай там можна сабраць?

У нядзелю мінскае «Дынама» на выездзе мінімальна абгуляла «Іслач» у 8-м туры вышэйшай лігі. Усё вырашыў аўтагол галкіпера гаспадароў Аляксандра Свірскага – удар Паўла Сядзько прыйшоўся ў штангу, але мяч адскочыў у брамніка «ваўкоў», пасля чаго апынуўся ў сетцы.

Гэтая гульня стала першай у сезоне хатняй для падапечных Дзмітрыя Камароўскага на натуральным полі – з траўня «Іслач» прымае гасцей на «Гарадскім» у Маладзечне. Аднак падчас першай гульні вышэйшай лігі-2024 газон стадыёна быў не ў найлепшым стане, пра што казаў пасля матчу Вадзім Скрыпчанка (яму хацелася больш якасных умоў для футбола). А Сядзько ўвогуле сказаў, што лепш гуляць на асфальце, а маладзечанскае поле больш пасуе для таго, каб саджаць на ім бульбу.

А што, калі прыслухацца да парады паўабаронцы «Дынама» і сапраўды засадзіць поле «Гарадскога» бульбай? Колькі ўраджаю можна сабраць? А колькі чыпсаў прыгатаваць? Мы ўсё палічылі і расказваем.

Згодна рэкамендацыям ФІФА, базавы памер футбольнага поля складае 105 метраў у даўжыню і 68 у шырыню. Дапусцім, што ў Маладзечне поле менавіта стандартнага памеру. Тады яго плошча складзе 7140 квадратных метраў, што раўняецца 0.714 гектара (акругляем да 0,7 га).

Сярэдняя ўраджайнасць бульбы па Беларусі складае 351 цэнтнер/гектар. Адпаведна, на полі «Гарадскога» можна разлічваць на ураджай у 245,7 цэнтнера, або 24 570 кілаграмаў.

У кампаніі Lays сцвярджаюць, што для вырабу 1 кг чыпсаў патрабуецца 4 кг бульбы. Атрымліваецца, што з маладзечанскага футбольнага ўраджаю можна было б вырабіць 6142,5 кг чыпсаў, то бок амаль 41 тысячу вялікіх (150-грамовых) пачкаў.

А яшчэ з ураджаю са стадыёна ў Маладзечне можна было б вырабіць прыблізна 3,5 тоны крухмалу, калі прыняць, што ў сярэднім з 1 кг бульбы атрымліваецца 140 грам (вось толькі незразумела, што з гэтым крухмалам рабіць).

Яшчэ адно цікавае пытанне: а на які тэрмін хапіла б ураджаю з «Гарадскога» сярэднестатыстычнаму беларусу? Вядома, што адзін жыхар нашай краіны ў сярэднім з'ядае 178,3 кг бульбы на год. Атрымліваецца, што звычайнаму беларусу хапіла б ураджаю са стадыёна ў Маладзечне на 137,8 гадоў! То бок беларускаму мужчыне ажно на два жыцці (сярэдняя працягласць – 68,4 гады), а беларускай жанчыне на фінішы другога жыцця ўсё ж такі давядзецца хадзіць па бульбу ў краму (78,4 гады). Але лепей есці футбольны ўраджай усё сямʼёй. Напрыклад, сямʼі з чатырох чалавек яго хопіць амаль на 35 гадоў (пры гэтым сярэдняя беларуская сёння налічвае ўсяго 2,9 чалавека).

А вось сярэдні еўрапеец спажывае ўсяго 33,5 кг бульбы на год. То бок калі аддаць ураджай з футбольнага поля ў Польшчу (дзе, калі верыць лукашэкаўскай прапагандзе, праблемы з харчаваннем), то гэтага хопіць на год 733 палякам.

А што, калі ўявіць, што бульба з «Гарадскога» будзе перададзеная ў сталовую мінскага «Дынама»? У ростары «бела-блакітных» на гэты сезон заяўленыя 34 гульцы, а ў трэнерскім штабе акрамя Вадзіма Скрыпчанкі яшчэ пяцёра. Атрымліваецца, што цяперашняй камандзе мінчукоў разам з трэнерамі аднаго ўраджаю хапіла б амаль на 3,5 года. Праўда, спартсменам шмат бульбы нельга, так што па факту тэрмін напэўна будзе большым.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты