Tribuna/Футбол/Блогі/Скрыпчанка не проста паўтарыў мем з Андрушам. Ён сказаў Паліцевічу, дзе той мусіць быць, а не падказваць з трыбуны

Скрыпчанка не проста паўтарыў мем з Андрушам. Ён сказаў Паліцевічу, дзе той мусіць быць, а не падказваць з трыбуны

Больш, чым проста смешная сітуацыя.

15 траўня, 15:22
Скрыпчанка не проста паўтарыў мем з Андрушам. Ён сказаў Паліцевічу, дзе той мусіць быць, а не падказваць з трыбуны

Старт сезона для Сяргея Паліцевіча выдаўся насычаным. У кубкавым супрацьстаянні з БАТЭ, якое скончылася драматычным праходам мінскага «Дынама» (3:3 па суме двух матчаў, 5:4 па пенальці), капітан у першым адгуляў 84 хвіліны, у паўторным – 120. Затым 34-гадовы абаронца правёў поўную сустрэчу 1-га тура супраць «Смаргоні» (5:0) і з'ездзіў у зборную, дзе ад званка да званка адгуляў спарынгі з Чарнагорыяй (0:2) і Мальтай (0:0).

Працягнуць стабільна выходзіць на поле Паліцевічу перашкодзіла траўма. У 2-м туры супраць «Мінска» (0:0) ён зʼявіўся ў старце і пакінуў поле праз пашкоджанне на 57-й хвіліне. Абследаванне паказала траўму задняй паверхні сцягна, і пакуль што ў бягучым сезоне абаронца больш не гуляў, то бок ад канца сакавіка.

Цікава, што перад нядаўнім кубкавым матчам у адказ з «Нёманам» (скончыўся для мінчукоў вылетам з турніру) абследаванне Паліцевіча паказала, што ён можа працаваць у агульнай групе. Аднак гулец з уласнай ініцыятывы працягнуў займацца з рэабілітолагамі. Пры сярэднім тэрміне аднаўлення ад падобных траўм у тры тыдні гулец працуе індывідуальна ўжо больш за месяц.

Не згуляў абаронца і ў матчы 8-га тура з «Іслаччу» (1:0) – гэтую сустрэчу ён глядзеў з трыбун. І падчас матчу адбыўся цікавы эпізод. Галоўны трэнер «Дынама» Вадзім Скрыпчанка ў адным з момантаў вельмі эмацыйна звярнуўся да гульцоў на полі, чым нагадаў сітуацыю з мінулага сезона таксама на «Гарадскім» у Маладзечне, якая завірусілася і стала мемам. Гэтым разам трэнер заклікаў сваіх футбалістаў больш актыўна падказваць адзін аднаму. З трыбун такую ж параду пачаў даваць і Паліцевіч, аднак скончыць ён не паспеў. Скрыпчанка перабіў капітан і раптам голасна звярнуўся да яго самаго:

-- Сярога, ты павінен на полі быць, Сярожанька! Цяпер гаварыць трэба!

Здаецца, думка максімальна зразумелая.

Мяркуючы па рэакцыі галоўнага трэнера «Дынама» на відэа, ён вельмі незадаволены працяглым аднаўленнем капітана, які таксама ўваходзіць у трэнерскую раду калектыва. Паліцевіч на гэты заклік нічога не адказаў - прынамсці, з трыбуны.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты