Tribuna/Адзінаборствы/Блогі/А помніце серыял пра барца Мядзведзя? Стужку «рэпрэсавалі», але крытык ўсё ж змог паглядзець – і кажа, што яна зусім не ок

А помніце серыял пра барца Мядзведзя? Стужку «рэпрэсавалі», але крытык ўсё ж змог паглядзець – і кажа, што яна зусім не ок

«Нагадвае мешаніну».

Аўтар — bytribuna com
24 траўня, 11:47
А помніце серыял пра барца Мядзведзя? Стужку «рэпрэсавалі», але крытык ўсё ж змог паглядзець – і кажа, што яна зусім не ок

У 2021-м у Мінску здымалі серыял “Дзесяць жыццяў Мядзведзя” - планавалася зміксаваць біяграфію барца Аляксандра Мядзведзя з камп’ютарнай гульнёй, а вынік прадаць расійскім кінаплатформам. Цяпер серыял на паліцы, але копію стужкі атрымаў кінакрытык Тарас Тарналіцкі. Папрасілі яго паглядзець фільм і падзяліцца ўражаннямі.

Лёс праекту не заладзіўся з самага пачатку. У чэрвені 2020-га ён упершыню перамог у тэндары Мінкульту, але вынікі давялося адмяніць праз скандал - іншыя ўдзельнікі тэндару, у тым ліку Андрэй Курэйчык і яго арганізацыя Bez Buslou Arts, падалі ў так званае міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю скаргу на працэдуру дзяржзакупкі. Ведамства скасавала закупы “Дзесяці жыццяў Мядзведзя” і яшчэ аднаго праекту “Першай КінаВідэаКампаніі”, “Радзіва “Прудок”. У лістападзе 2020-га, ужо пасля выбараў, стужка пра барца зноў выйграла тэндар, і тады абышлося без перагляду вынікаў.

Прадзюсар серыяла Віктар Лабковіч не хаваў энтузіазму: “Мы пабачым жыццё Аляксандра Мядзведзя вачамі маладога чалавека з коміксавай свядомасцю. На экране будзе сваеасаблівы квест па жыццях легендарнага барца, і як любіць [рэжысёр] Андрэй Кудзіненка, не абыдзецца без сімвалічных смерцяў і адраджэнняў. Адсюль і назва стужкі, якая адсылае да вядомага павер’я про мноства жыццяў”.

Пра тое, што за серыял атрымаўся ў выніку, кінакрытык Тарас Тарналіцкі расказвае эмацыйна - як ён прызнаецца, праект яго расчараваў.

Пачнем з сюжэту. Цяжка вызначыць, расказвае Тарналіцкі, дзе і калі адбываецца дзеянне - ці то 2000-я, ці то 2010-я, незалежная ўсходнееўрапейская краіна. Магчыма, Беларусь, але ясна толькі, што ў краіне гутараць па-руску.

З першай серыі незразумела, пра што гісторыя. Героі з’яўляюцца ў кадры без аніякіх тлумачэнняў, кажа Тарналіцкі: “Гэта сам Аляксандр Мядзведзь - яму ўжо за 60, ён сядзіць на ўласным юбілеі і трохі сумуе - зараз яго будуць віншаваць, але вялікага імпэту святкаваць у яго няма. Пры гэтым мы не ведаем, хто такі Мядзведзь і чаму нам варта глядзець гэты фільм. 

Яшчэ там ёсць унучка Мядзведзя, якая чамусьці не хоча яго віншаваць. Яна трохі раздражнёная і трымае дыстанцыю з дзедам, але прычыны нам таксама не тлумачаць”.

Паралельна з гэтым у серыяле з’яўляецца сябар унучкі на інвалідным вазку. Ён узломвае гульнявую зону ў гандлёвым цэнтры, каб загрузіць у тамтэйшыя камп’ютары сваю гульню пра Аляксандра Мядзведзя. У гэтую зону прыходзіць унучка спартсмена, а таксама пісьменнік Ленкін, які напісаў кнігу пра Мядзведзя. Разам з унучкай Мядзведзя і яе сябрам Ленкін трапляе ў камп’ютарную гульню і не можа з яе выйсці.

Навошта гэта трэба, спытаеце вы? Справа ў героі на вазку, які стаў інвалідам праз сваіх бацькоў. Яны быццам хацелі, каб ён стаў спартсменам, і ставілі  яму ў прыклад Аляксандра Мядзведзя, таму хлопец і быў на яго раззлаваны, і праз спорт апынуўся ў вазку. Дзіўная гульня - яго спосаб “пакараць” Мядзведзя. Таксама - спойлер! - калі прайсці гульню, гэта па задумцы давала права на жаданне, і хлопец у вазку хацеў такім чынам пачаць хадзіць. Але ж гульня і жыццё - гэта розныя рэчы.

Большасць часу, кажа Тарналіцкі, ты не разумееш, што адбываецца ў стужцы - гэта часткова тлумачаць толькі за 15-20 хвілін да канца: “Увесь сцэнар нагадвае мешаніну. Чаму ў пэўны момант аднаго з герояў ператвараюць у рыбку, а ў іншай серыі гэтая рыбка трапляе ў ваду і ён зноў ператвараецца ў чалавека? Навошта гэта?

Адзіная матывацыя для герояў - скончыць гэтую гульню і выйсці з яе. Але вельмі дрэнна тлумачыцца, чаму ўвогуле гэтую гульню стварылі, ты ў гэта не верыш і не спачуваеш гэтым героям, не разумееш іх, за гэтым нецікава назіраць”.

І гэта не ўсё! У адной з серый, расказвае Тарналіцкі, планета нібыта пагрузілася ў ядзерную зіму, таму што паміж СССР і ЗША адбылася вайна. А адбылася яна быццам таму, што Аляксандр Мядзведзь прайграў на турніры, за якім сачыў савецкі генеральны сакратар Леанід Брэжнеў, і той так узлаваўся, што націснуў кнопку выпуску ракет. З дапамогай камп’ютарнай гульні героі вырашаюць "праблему", але ж больш лагічным гэта гісторыю не робіць. 

У фільме насамрэч ёсць адсылкі да момантаў з біяграфіі Мядзведзя, але ж, кажа кінакрытык, няясна, дзе тут рэальнасць, а дзе - прыдумка сцэнарыстаў. Там згадваюць Алімпіяды ў Мюнхене і ў Мехіка, дзе насамрэч удзельнічаў Мядзведзь, ёсць і сцэна, дзе зусім малады Мядзведзь на нейкім кірмашы змагаецца з сапраўдным мядзведзем. 

Калі вы ўсё гэта прагледзіце, у вас не будзе цэльнага ўяўлення пра асобу Мядзведзя і яго біяграфію, запэўнівае Тарналіцкі. Зразумела, што гаворка пра алімпійскага чэмпіёна, але больш нічога пра яго няясна, яго ідэнтычнасць і нацыянальнасць нам не тлумачаць. Там пазначана толькі адна краіна - СССР.

Тарналіцкі расказвае, як так атрымалася: “Гэта адна са стужак ад прыватных кінематаграфістаў, якія дзяржава падтрымала яшчэ да пачатку масавых рэпрэсій у 2020-м, сярод іх былі вельмі добрыя праекты - напрыклад, “За паўгадзіны да вясны”, серыял пра Мулявіна. Большасць праектаў, якія ўхваліў Мінкульт у той год, хаця і былі забаўляльныя, але былі звязаныя з савецкім мінулым. Маўляў, у СССР жылося добра, там былі цікавыя музыкі і выбітныя спартсмены, то бок трэба падкрэсліць веліч мінулага. 

“Дзесяць жыццяў Мядзведзя” - таксама міфалагізаваны праект, ён ідэалагізуе СССР. Канешне, у тыя часы былі добрыя моманты, але я б паспрачаўся, ці варта лічыць увесь той перыяд добрым для Беларусі. Але замова была якраз такая”.

Што да ўсёй стужкі, Тарналіцкі характарызуе яе як няякасна зроблены дзіцячы серыял, дзе праблемы ва ўсім: дрэнна напісаны, дрэнна зроблены і дрэнна пастаўлены. Магчыма, разважае кінакрытык, справа ў тым, што на пачатку здымак арыштавалі Віктара Лабковіча, прадзюсара фільма, і ён доўга праседзеў за кратамі - верагодна, і не сачыў за працай на праектам. У чэрвені 2021-га сілавікі прыйшлі ў кампанію "Модум", Лабковіч быў яе топ-мэнэджэрам. Ён выйшаў з-пад варты праз год. Засталося невядомым, за што затрымалі мужчыну і ці знятыя з яго абвінавачванні.

У 2022-м фільм апынуўся на паліцы, дзе і знаходзіцца да сёння. Тады стужка мусіла ўдзельнічаць у кінафестывалі “Лістападзік”, і рэжысёр мусіў там быць ментарам на пітчынгах. Па звестках Тарналіцкага, мелася дамова - рэжысёр “Дзесяці жыццяў” Андрэй Кудзіненка збіраўся наведаць фестываль, каб фільм не трапіў на паліцу і была магчымасць яго паказваць, але паказаў так і не адбылося. Фільм знялі і з фестываля, і з пракату - гэта тлумачылі тым, што пракатчыкам патэлефанавалі з так званага Мінкульта і сказалі, што нехта з акцёраў праекта ў чорных спісах лукашыстаў, верагодна, гэта былы купалавец. Галоўную ж ролю, сталага Аляксандра Мядзведзя, у фільме выканаў расіянін Яўген Сідзіхін, вядомы па расійскіх серыялах, дзе часцяком грае сілавікоў.

Некаторыя фільмы, расказвае Тарналіцкі, пасля дзесяцігоддзяў на паліцы трапляюць у пракат і нават могуць знайсці свайго гледача. Для гэтага, аднак, яны мусяць мець мастацкую каштоўнасць, якая не знікне з часам. Ці чакае такі ж лёс “Дзесяць жыццяў Мядзведзя”? Тарналіцкі ў гэтым сумняецца.

Фота: скрын з трэйлера серыяла

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты