Усе навіны

МАК выпусціў тлумачэнне наконт нейтральнага статусу для беларускіх і расійскіх спартсменаў

21 лютага 2023, 18:15

МАК выпусціў тлумачэнне наконт нейтральнага статусу, як умовы для вяртання расіян і беларусаў у міжнародны спорт.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.

«Рашэнне аб удзеле спартсменаў з расійскім ці беларускім пашпартам у Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы не прынятае. Тэма, якая абмяркоўваецца, датычыцца іх удзелу ў міжнародных спаборніцтвах у Азіі ў маючым адбыцца летнім спартыўным сезоне. Ні ў адным з дакументаў, апублікаваных МАК, вы не знойдзеце згадкі пра АГ-2024.

Ці могуць патэнцыйна расійскія і беларускія спартсмены быць на АГ-2024? Мы не можам будаваць здагадкі па гэтым пытанні, нават не ведаючы, ці будзе зроблены першы крок, і калі так, то якім чынам.

Але адно цалкам зразумела: мы не гаворым пра расійскіх ці беларускіх спартсменаў, мы гаворым пра нейтральных спартсменаў, якія выконваюць строгія ўмовы, устаноўленыя намі, уключаючы адсутнасць якой-небудзь ідэнтыфікацыі з іх краінай і НАК і поўнае выкананне антыдопінгавых правіл.

Як тэрмін «нейтральныя і індывідуальныя» можа прымяняцца да камандных відаў спорту? Гэтая частка абмеркаванняў на этапе вывучэння. Аднак зразумела тое, што нейтральныя спартсмены не могуць асацыяваць сябе са сцягам, гімнам, колерамі ці якой-небудзь ідэнтыфікацыяй сваіх краін і НАК.

Якія крытэрыі для вызначэння, ці актыўна расійскі ці беларускі спартсмен падтрымлівае вайну? Цяпер вядзецца распрацоўка першапачатковай канцэпцыі ўмоў для ўдзелу. Рашэнне не прынята. Як могуць выглядаць дэталі, трэба апрацаваць і прыняць рашэнне. На дадзеным этапе заўчасна спрабаваць адказаць на гэтае пытанне», – гаворыцца ў паведамленні МАК.