Усе навіны

Аляксандр Апейкін: «Прапаганда выдасць адмену абмежаванняў за вынік дзейнасці рэжыму. Маўляў, гэта перамога Лукашэнкі ці Пуціна, яны дабіліся свайго»

24 сакавіка 2023, 15:43

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін распавёў для «Трыбуны» як магчымым допускам беларускіх атлетаў на міжнародныя спаборніцтвы можа скарыстацца прапаганда ў Беларусі і Расіі.

– 22 сакавіка выйшла інтэрв'ю кіраўніка Міжнароднага алімпійскага камітэта Томаса Баха, дзе ён прама заявіў, што МАК не з'яўляецца пасярэднікам у палітычных пытаннях. Гэта тонкі намёк на тое, што камітэт мае намер пакінуць у сіле студзеньскае рашэнне, і будзе заклікаць спартовыя федэрацыі ўсяго свету дзейнічаць па рэкамендацыях МАК. Ну а другая аснова для маіх слоў – гэта ўласныя інсайды з колаў алімпійскага руху. І атрыманыя даныя пацвярджаюць думкі аб тым, што спартсменаў Беларусі і Расіі дапусцяць да спаборніцтваў.

– Верагоднасць практычна 100-працэнтная?

– Так.

– І што вы думаеце на гэты конт?

– Шчыра кажучы, асаблівай рэакцыі ў мяне не было, таму што проста пацвердзілася тое, што МАК будзе і надалей прытрымлівацца свайго рашэння, прынятага ў студзені 2023 года.

– Беларускія чыноўнікі негатыўна настроены да нейтральнага сцяга.

– Спартсмены паедуць на спаборніцтвы, я ўпэўнены. Тым больш Аляксандр Лукашэнка, па-мойму, нядаўна сказаў, што не важна, пад якім сцягам, бо «сцяг ён у сэрцы».

Спартсменам, думаю, пофіг. Яны едуць не прадстаўляць краіну, а рэалізоўваць сябе. Многім, не выключаю, будзе нават камфортней выступаць у нейтральным статусе, чым бегаць пад чырвона-зялёным сцягам і асацыявацца з краінай, якая выступае суагрэсарам у вайне.

– Можна сказаць, што рашэнне МАК - на карысць спартсменаў, якія прадстаўляюць рэжым?

– Рашэнне МАК, вядома, дастаткова паспешнае ў бягучых умовах. Гэтая сітуацыя можа быць выкарыстаная прапагандай, якая выдасць адмену абмежаванняў за вынік дзейнасці рэжыму. Маўляў, гэта перамога Лукашэнкі ці Пуціна, яны дабіліся свайго. Але я б усё роўна не называў гэта перамогай. Чаму? Атлеты ж будуць прадстаўляць не краіны, а саміх сябе. І рэжымам ад гэтага лягчэй не стане, – сказаў Апейкін.