Усе навіны

БФСС пра «вотум недаверу»: «Абвінавачванне ў невыкананні абавязкаў не мае пацвярджэння і будзе мець юрыдычныя наступствы»

24 траўня, 10:47

БФСС пракаментаваў вотум недаверу кіраўніку фонду Аляксандру Апейкіну.

– Юрысты БФСС дасканала прааналізавалі заяву шэрагу беларускіх спартоўцаў з гучнай, але вельмі недарэчнай назвай «вотум недаверу».

Адразу адзначым, што выраз «вотум недаверу» у дадзеным выпадку юрыдычна не можа ўжывацца.

Большасць з 42 падпісантаў «вотуму» складаюць спартоўцы, якія ніколі ў БФСС не звярталіся. Таму «неналежнае выкананне ўзятых на сябе абавязкаў» ці «невыкананне даўгавых абавязкаў» з боку БФСС проста тэарэтычна не магчыма. Складаецца ўражанне, што вялікая частка падпісантаў увогуле не ў курсе справы, а проста прыцягнута «да купы».

Таксама ў звароце няма фізічных подпісаў, што не дае магчымасці юрыдычна спраўдзіць рэальную прыналежнасць падпісантаў да ліста. У бліжэйшы дні юрысты БФСС звернуцца да падпісантаў, каб спраўдзіць іхнія подпісы.

На дадзены момант БФСС не мае ніякіх даўгавых ці іншых абавязальніцтваў. Аніводны падпісант «вотуму» так і не змог прадставіць хоць адзін доказ невыкананых фінансавых абавязкаў з боку фонду. Больш за тое, некаторыя падпісанты «вотуму» атрымалі сур'ёзныя кампенсацыі ад фонду. Напрыклад, толькі аднаму ініцыятару «вотуму» самбісту Сцяпану Папову па розных праграмах было пералічана на карт-рахунак 17 500 еўра дапамогі. Цікава, што на той момант праца БФСС яго цалкам задавальняла. Такія ж істотныя кампенсацыі ад фонду атрымалі і некаторыя іншыя падпісанты – Кудзеліч, Леўчанка, Скіба, Вахавяк і г.д.

Такім чынам, абвінавачанне ў невыкананні абавязкаў не адпавядае рэчаіснасці, не мае ніякага пацверджання і будзе мець юрыдычныя наступствы дзеля абароны гонару і рэпутацыю БФСС.

Іншыя заявы «вотуму» можна не разглядаць. Гэта ўласная крыўда некалькіх чалавек, якая ніяк не адлюстроўвае рэальны стан рэчаў, – гаворыцца ў заяве.