Tribuna/Іншыя/Блогі/Які рэальны спартыўны ўзровень у гульняў краін СНД, што стартуюць у Беларусі?

Які рэальны спартыўны ўзровень у гульняў краін СНД, што стартуюць у Беларусі?

4 жніўня, 18:08
Які рэальны спартыўны ўзровень у гульняў краін СНД, што стартуюць у Беларусі?

4 жніўня ў Беларусі пачынаюцца ІІ гульні краін СНД. Ва ўмовах міжнароднага бана гэта абвяшчаецца як сапраўднае свята дзяржаўнага спорту. Давайце разбірацца, а які ўзровень можна чакаць ад такога мерапрыемства.

Першае і галоўнае пытанне: хто будзе ўдзельнічаць у гульнях? Па запрашэнню на спаборніцтвы прыедуць прадстаўнікі Расіі, Азербайджана, Арменіі, Кыргызстана, Казахстана, Узбекістана, Таджыкістана і Туркменістана. А ўвогуле дазволена ўдзельнічаць спартоўцам з усіх краін. Вядома, што да нас прыедуць не еўрапейцы ці амерыканцы, а прадстаўнікі менш спартыўна развітых краін. Напрыклад у пляжным футболе можна будзе пабачыць зборныя Ірана, Егіпта, Амана і Арабскіх Эміратаў. Без такіх госцяў цяжка было б уявіць, як за медалі змагаюцца чатыры каманды.

Але гэта яшчэ не ўсе дэталі. На гульнях будуць спаборніцтвы ў 20-ці відах спорту, і ў рэгламенце прапісаны абмежаванні паводле ўзросту магчымых удзельнікаў у кожнай дысцыпліне. У большасці выпадкаў дапускаюцца толькі юніёры, прычым у розных відах макісмальны ўзрост розны. Напрыклад, у гандболе і пяцібор’і можна змагацца толькі тым, каму не больш за 19, у баскетболе 3х3 максімальны ўзрост 20 гадоў, а ў лёгкай атлетыцы – 14 гадоў. Для барцоў абмежаванні яшчэ больш моцныя. У вольнай і грэка-рымскай барацьбе ўзрост павінен быць ад 19 да 23 гадоў, у дзюдо – ад 15 да 17. У валейболе і тайскім боксе зрабілі яшчэ дзіўней, там абмежаванні нават розныя для мужчын і жанчын.

З усяго шэрагу выбіваюцца толькі цяжкая атлетыка, самба, мастацкая гімнастыка і пляжны футбол, дзе дазволены ўдзел і больш дарослых спартоўцаў. Таму там выступяць некаторыя беларусы, у якіх ёсць дасягненні на чэмпіянатах свету і Еўропы. Амаль немагчыма аргументавана растлумачыць такую разнастайнасць абмежаванняў . Можна толькі дапускаць, што ў гэтых узроставых катэгорыях беларусы мацней, чым у іншых, і таму былі выбраны менавіта яны. Так ці інакш, спаборніцтвы сур’ёзнага ўзроўню павінны адпавядаць прынцыпам роўнасці, а тут іх няма. І нават калі лічыць, што гульні будуць увасабляць змаганні наступнага пакалення спартоўцаў, такі сабе юніёрскі чэмпіянат, то дзіўна і трохі несправядліва, што шмат юніёраў не змогуць прыняць удзел з-за таго, што яны занадта ці недастаткова маладыя.

Што мы маем у выніку? Мы маем мерапрыемства, якое толькі выглядае маштабна. Хоць на гульнях і будуць праведзены спаборніцтвы па шмат якіх цікавых відах спорту, удзельнічаць у іх будуць не самыя прафесіянальныя атлеты. У Беларусь не прыедуць зоркі светавога ўзроўню, замест іх будуць падлеткі з Сярэдняй Азіі. Параўноўваць гульні краін СНД немагчыма не тое што з Алімпійскімі, а нават з Еўрапейскімі гульнямі, за якімі мы назіралі 4 гады таму. Тады ўдзельнічалі, хоць і не ўсе, але лепшыя ў сваіх дысцыплінах еўрапейцы. Тады ўсталёўваліся рэкорды, адбіраліся на Алімпійскія гульні, а спартоўцы змагаліся за зразумелы тытул – Чэмпіён Еўропы. Зараз жа, удзельнікі проста атрымаюць вопыт, а пераможцы атрымаюць толькі умоўны тытул чэмпіёна СНД. Ён умоўны, бо па-першае, прымаць удзел будуць зусім не лепшыя прадстаўнікі сваіх краін, а па-другое, СНД – гэта не частка свету, з якой людзі сябе асацыююць, і не асобная спартыўная федэрацыя, нейкім чынам уваходзячая ў сусветны спорт.

З спартыўнага боку атрымліваецца, што ў Беларусі з 4 па 14 жніўня проста пройдзе шмат адасобленых турніраў. Прыкладна як футбольны Кубак Развіцця, толькі адначасова ў розных відах спорту. А грандыёзнасць ці глабальнасць падзеі можа адбывацца толькі з інфармацыйнага боку. Напэўна, магчымасць прыехаць да нас спартоўцаў з 24 краін – гэта ўжо свята і найлепшае, што толькі можна арганізаваць у сённяшніх умовах.