Tribuna/Футбол/Блогі/Самыя эпічныя прагляды ў гісторыі белфутбола: выправілі дадому будучых гульцоў «Аякса» і зборнай Францыі (Вераціла выглядаў мацнейшым), містыфікацыя з Паўлінья і няўдака, які стаў топ-блогерам

Самыя эпічныя прагляды ў гісторыі белфутбола: выправілі дадому будучых гульцоў «Аякса» і зборнай Францыі (Вераціла выглядаў мацнейшым), містыфікацыя з Паўлінья і няўдака, які стаў топ-блогерам

Лёсавызначэнне.

19 жніўня, 08:00
Самыя эпічныя прагляды ў гісторыі белфутбола: выправілі дадому будучых гульцоў «Аякса» і зборнай Францыі (Вераціла выглядаў мацнейшым), містыфікацыя з Паўлінья і няўдака, які стаў топ-блогерам

24-гадовы харват Якаў Медыч зусім нядаўна стаў гульцом амстэрдамскага «Аякса» і ўжо нават паспеў вызначыцца за новы клуб.

За пяць гадоў да таго ён мог статць гульцом мінскага «Дынама», але падчас прагляду не ўразіў Сяргея Гурэнку.

І гэта – не адзіны прагляд з нечаканым вынікам у беларускім футболе. Лішнім для нашага чэмпіянату аказаўся і будучы гулец зборнай Францыі, а прадстаўнік зборнай Бразіліі прымусіў нас усіх абмяркоўваць тое, чаго не было. Расіянін не змог загуляць у «Нёмане» (і шмат дзе яшчэ), затое пасля стаў самым папулярным футбольным блогерам у сваёй краіне. Вось як усё гэта адбывалася.

Шпілеўскі хацеў гэтага француза, але для Кавальчука той быў слабейшы за Верацілу – хацеў скончыць кар'еру, але прабіўся ў зборную

У 2018 годзе ў брэсцкае “Дынама” прыязджаў зусім невядомы тады Жанатан Клос. На той момант у яго скончыўся кантракт з клубам «Кевіі Руан», які выляцеў з французскай Лігі 2. Гэта быў першы прафесійны клуб для паўабаронцы, раней ён гуляў у яшчэ больш ніжэйшых лігах (за "Раон-л'Этап", "Авранш", "АСПВ Страсбург"), а таксама за "Лінкс" у нямецкай рэгіянальнай лізе.

У Брэст 25-гадовага Клоса запрасіў агент Мікалай Шпілеўскі, бацька галоўнага трэнера Аляксея Шпілеўскага. Тады Аляксей як раз спрабаваў перабудаваць клуб, змяніць падыход да дысцыпліны, інфраструктуры і наогул да гульні. Дадаткова прывабіла француза тое, што за месяц да гэтага прэзідэнтам брэсцкага "Дынама" стаў Марадона. Пасля прагляду Жонатан вельмі спадабаўся Шпілеўскаму-малодшаму, і ўсё ішло да падпісання кантракта. Але новага футбаліста забракаваў тагачасны спартыўны дырэктар клуба Сяргей Кавальчук. Ён не падзяляў меркавання галоўнага трэнера і лічыў француза слабым. Альтэрнатывай Клосу па пазіцыі правага абаронцы ў той час былі Алег Вераціла і Андрэй Залескі. Хутка клуб пакінуў і сам Шпілеўскі праз розныя погляды з кіраўніцтвам "Дынама".

Адмова была вельмі балючай для Клоса, бо пошукі новага клуба зайшлі ў тупік. Яшчэ да Брэста агенты француза сцвярджалі, што ім цікавіцца "Верона", але італьянцы так і не запрасілі гульца. Таксама Клос меў прапанову ад "Армініі" з Білефільда, якая тады гуляла ў другой Бундэслізе, але там зрабілі выбар на карысць швейцарца Брунера. Таму калі і з "Дынама" нічога не атрымалася, Жонатан паехаў дамоў, перастаў адказваць на званкі і хацеў завяршыць кар'еру. Сітуацыю ўратаваў цуд. Брунер траўмаваўся, і "Армінія" згадзілася падпісаць кантракт з французам на два гады. Першы сезон скончыўся добра: каманда заняла сёмае месца, сам Клос забіў 3 галы і зрабіў 3 галявых перадачы. Другі сезон за гэты ж клуб выдаўся зусім класным. "Армінія" выйграла турнір, прычым Клос узяў удзел ва ўсіх матчах і адзначыўся 13 (5+8) ачкамі.

Пасля гэтага хаўбек нарэшце змог дэбютаваць у Лізе 1 за “Ланс”. Кар’ера пайшла ўгару: ён трапіў у каманду года ўсяго чэмпіяната, а "МанСіці" і "Інтэр" хацелі набыць гульца за 20 мільёнаў еўра. Як вынік адбыўся пераход у «Алімпік Марсель», а таксама ў 2022 годзе Клоса паклікалі ў зборную. За галоўную каманду сваёй краіны Клос правёў некалькі таварыскіх сустрэч і матчаў Лігі Нацый. Заставаўся апошні крок - паехаць на чэмпіянат свету, але гэтага не адбылося: гулец не трапіў у выніковы склад зборнай на турнір. Вельмі цікава, як бы склалася жыццё Клоса, калі б ён застаўся ў Брэсце.

Самая недарэчная містыфікацыя ў гісторыі белфутбола: як да нас (не) прыязджаў гулец зборнай Бразіліі

Падчас чэмпіяната свету-2014 тагачасны гулец “Нёмана” Дзмітрый Раўнейка, назіраючы за зборнай Бразіліі, распавёў «Прэсболу» цікавостку:

- Мой «Нёман» некалькі гатоў таму мог падпісаць кантракт з адным гульцом з літоўскага «Вільнюса». Ён правёў з намі некалькі заняткаў, трэнеры прыглядаліся да легіянера, але ад гэтай задумы адмовіліся. А потым транзітам праз польскую «Лодзь» і чацвёрты дывізіён штата Сан-Паўлу той прарваўся да вяршынь і мінулым летам заключыў пагадненне з «Тотэнхэмам». Сёння Паўлінья - асноўны гулец зборнай Бразіліі.

Гэтая інфармацыя не выклікала рэзанансу. Пра яе напісалі ў «Вікіпедыі» і на некаторых сайтах, пасля чаго хутка забылі. Але праз тры гады Паўлінья пераўшоў у “Барселону” за 40 мільёнаў еўра. І вось тады СМІ ўзгадалі быццам бы звязаны з Беларуссю эпізод з жыцця футбаліста. Але ўсіх чакала расчараванне, калі журналісты паспрабавалі высветліць падрабязнасці гэтай гісторыі.

Пра прысутнасць Паўлінью ў Гродна не памяталі ні гульцы “Нёмана”, ні трэнер Людас Румбуціс. Бразільцы, якія тады гулялі за клуб, таксама нічога не маглі падцвердзіць. Па іх словах, прыезд суайчынніка нават на пару дзён абавязкова застаўся б у памяці. Калі да самога Раўнейкі звярнуліся па тлумачэнні, ён сказаў, што тры гады таму, калі глядзеў з сукаманднікамі чэмпіянат свету, хлопцы раптоўна ўзгадалі, што Паўлінью гуляў за «Вільнюс». А адзін з кіраўнікоў клуба тады дадаў, што уласнік «Вільнюса» прыязджаў у Гродна і прапаноўваў некаторых сваіх гульцоў «Нёману», бо літоўскі клуб распадаўся. Але невядома, што гэта былі за гульцы, таму што “Нёман” адмовіўся ад прапановы праз недахоп грошай. Таму ў Гродна Паўлінью адназначна не прыязджаў.

Наконт сваіх слоў у «Прэсболе» Раўнейка распавёў наступнае:

- Гэта газета нешта прыдумала. Шчыра кажучы, я нават не ведаў, што інтэрв'ю выйшла. І што выйшла такім. Я не чытаў яго да публікацыі і не бачыў у газетным нумары. Даведаўся пра гэта праз пэўны час, і высвятляць нешта было ўжо позна. Так атрымалася, што легенда аказалася цікавейшай за сапраўдныя падзеі.

А вось журналіст "Прэсбола" Ягор Бачыла, які тады брал інтэрв'ю ў Раўнейкі, сказаў, што хоць гэта было і даўно, але, маўляў, ён добра памятае, як Дзмітрый прама, без слоў "напэўна" ці "магчыма", сказаў, што прыязджаў Паўльнья.

Так ці інакш, з гэтага вынікае, што бразільскага паўабаронцы не было ў Беларусі. З «Вільнюса» ён трапіў у «Лодзь», адгуляў адзін сезон і вярнуўся на Радзіму. Там вельмі хутка стаў прагрэсаваць. За адзін сезон у клубе «Пан дэ Асукар» з чацвёртага дывізіёна Лігі штата Сан-Паўлу дарос да «Браганціны» з бразільскага Д2. Адзін сезон там - і яго заўважаюць ужо ў топавым «Карынтыянсе». З ім Паўлінью выйграў не толькі чэмпіянат Бразіліі, але і Кубак Лібертадорэс. І ўжо ў 2013 годзе перайшоў у «Тотэнхэм» за 17 мільёнаў еўра. Далей акрамя сезона ў «Барселоне» ён пяць гадоў зарабляў у Кітаі ў «Гуанчжоу Эвергранд», нядоўга пабыў у Саудаўскай Аравіі і вярнуўся ў «Карынтыянс», дзе гуляе і па сёння.

Будучы расійскі топ-блогер 3 месяцы намагаўся ўразіць Гродна – марна

А вось расійскі футбольны блогер Герман Папкоў, вядомы пад нікам Эль Класіка, сапраўды прыязджаў на прагляд у “Нёман”. Праўда, гэта было задоўга да яго медыякар’еры: тады паўабаронцу было толькі 18. Далучыцца да каманд расійскіх топ-ліг у яго не атрымалася, таму бацька футбаліста патэлефанаваў у беларускія клубы. У выніку Герман тры месяцы правёў у Гродне, але без плёну, і таму быў вымушаны з'ехаць.

Далей у жыцці Германа быў досвед у «Рыміні» з Серыі С. Там расіянін прабыў паўгода, але замацавацца ў Італіі не атрымалася: хлопец меў праблемы праз дамову, якую ён падпісаў з маскоўскай футбольнай акадэміяй. Давялося вярнуцца дадому, каб з імі разабрацца, а ў «Рыміні» тым часам змянілася кіраўніцтва, і назад легіянера ўжо не чакалі. Потым некаторы час хаўбек гуляў у чэмпіянаце Маскоўскай вобласці, а таксама ў пляжны футбол. Шлях не ў самых вядомых клубах скончыўся траўмай і поўным адыходам ад спорту на доўгі час.

Вядомым Герман Эль Класіка стаў праз блогерскую дзейнасць. На сваім YouTube-канале ён гуляў у FIFA, здымаў футбольныя чэленджы - і праз пэўны час стварыў сваю каманду «Амкал», назву якой галасаваннем абралі гледачы. «Амкал» не быў створаны для прафесійнага футбола, ён гуляў з іншымі аматарскімі камандамі дзеля стварэння цікавага кантэнта. Першымі супернікамі былі каманды журналістаў і каментатараў з расійскіх тэлеканалаў. Вакол «Амкала» сфармавалася цэлая суполка такіх жа калектываў – i атрымалася расiйская аматарская медыялiга, куды зараз рвецца беларускi рэжымны праект DMedia. Таксама “Амкал” двойчы гуляў ў Мiнску: у 2019-м годзе супраць фанатаў мінскага “Дынама” і ў 2023-м нечакана супраць каманды «легенд» з Глебам у складзе, хаця планавалася зусім іншае.

Зараз «Амкал» – адзiн з двух самых папулярных калектываў расiйскай аматарскай медыялiгi, што пацвярджаюць 2,8 млн падпісчыкаў на YouTube-канале Германа Эль Класіка. Апярэджвае яго толькi 2DROTS – у гэтай каманды 3,5 млн падпісчыкаў на YouTube.