Усе навіны

Чэмпіён АГ-1960 Макаранка: «У юнацтве год працаваў на рудавозе. Пасля вайны арганізм вельмі аслабеў, а ў працы памужнеў, адужэў. Сышоў, калі ўпершыню сеў у каноэ»

17 красавіка 2023, 13:09

Чэмпіён Алімпіяды-1960 у Рыме на каноэ-двойцы на дыстанцыі 1000 м Сяргей Макаранка расказаў аб тым, як у юнацтве працаваў на рудавозе і як упершыню ўбачыў каноэ.

– Паціху пачаў бегаць на раку Мухавец, якая працякала побач з домам. Там размяшчалася вяслярная база «Спартак», якая засталася яшчэ ад палякаў. Мы з хлопцамі вельмі любілі плаваць і катацца на лодках. Мухавец знаходзіўся ў сістэме Днепра-Бугскага канала, праз які дастаўлялі руду ў Нямеччыну.

Каб дапамагчы маме з грашамі, аднойчы папрасіў шкіпера ўзяць мяне на рудавоз матросам. Цэлы год на ім працаваў. Пасля вайны арганізм быў вельмі аслаблены, а за час гэтай працы памужнеў, адужэў... Макароны еў па-флоцку! Самі гатавалі: рудавоз добра забяспечвалі, і прадуктаў хапала.

Аднойчы ўбачыў каноэ... І аж увесь задрыжаў! Мой першы трэнер Уладзімір Піліпенка прывёз іх з Кіева. Не пластыкавыя, як зараз, а драўляныя. Цяжкія... Але такія прыгожыя! У той час я ўжо добра спраўляўся з любымі лодкамі: акадэмічнымі, байдаркамі, шлюпкамі. І калі ўпершыню сеў у каноэ, нават не перавярнуўся, што з навічкамі адбываецца часта. Адразу сышоў з рудавоза.

Мама тады знервавалася: «Ох, сыночак. Ты ж працаваў, быў забяспечаным». Хвалявалася, таму адразу ўладкавала мяне на завод газавай апаратуры ў Брэсце. У найважнейшы цэх: менавіта мы выточвалі ўсе неабходныя дэталі. Зараз гэта «Гефест». Неяк ездзіў туды, патрапіў у свой цэх – а там нічога не змянілася.

Сумяшчаць працу і спорт атрымлiвалася. Усё трэба было рабіць хутка: прыбягаў дадому, пераапранаўся і адразу ж стрымгалоў ляцеў на трэніроўку. Балеў гэтым, было вялізнае жаданне займацца, – падзяліўся Макаранка.