Усе навіны

Літвінчук пра рашэнне ICF дапусціць беларусаў у нейтральным статусе: «Адчуваецца змякчэнне, але пакуль што яно толькі на словах»

16 траўня 2023, 12:20

Прадстаўніца жаночай зборнай Беларусі па каноэ Марына Літвінчук падзялілася меркаваннем пра дазвол ICF беларусам вярнуцца ў нейтральным статусе на міжнародныя спаборніцтвы.

«Мы працягваем трэніравацца, працягваем рыхтавацца.

Канешне, гэтыя артыкулы ў інтэрнэце мы таксама чытаем. Адчуваецца змякчэнне, але пакуль што яно толькі на словах.

[На ЧС] я буду змагацца са сваёй камандай, са сваімі дзяўчынкамі, са сваім трэнерам, доктарам, масажыстам – з усёй сваёй камандай. Я буду змагацца толькі за вышэйшую прыступку пастамента», – сказала Літвінчук.

Адзначым, што Літвінчук з'яўляцца падпісанткай праўладнага ліста.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.