Tribuna/Тэніс/Блогі/Дзе Сабаленка жыве (і гатуе сырнікі) у Фларыдзе: адзін дом за мільён, другі – каля арэны НХЛ і з сяброўкай за сценкай

Дзе Сабаленка жыве (і гатуе сырнікі) у Фларыдзе: адзін дом за мільён, другі – каля арэны НХЛ і з сяброўкай за сценкай

Прасторнае жыллё выглядае добрай інвестыцыяй.

Аўтар — bytribuna com
27 лютага, 14:44
Дзе Сабаленка жыве (і гатуе сырнікі) у Фларыдзе: адзін дом за мільён, другі – каля арэны НХЛ і з сяброўкай за сценкай

У студзені 2024-га падпісантка за рэжым, беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйграла свой другі запар тытул у адзіночным разрадзе Australian Open – і тут жа заявіла, што для яе «з гэтага моманту Аўстралія – другі дом». А дзе ж першы? Не, не ў Беларусі – пасля перамогі на AO у 2023-м на пытанне, ці паедзе яна святкаваць на Радзіму, Сабаленка адказала: «Я думаю, што вярнуся ў Маямі. Я цяпер там жыву».

Пасля AO-2024 у вялікім інтэрвʼю трэнера Сабаленкі Антона Дубрава таксама ўзнікла тэма жылля. Дубраў распавёў, што ў тэнісісткі на паўднёвым усходзе ЗША свой дом, дзе яны перыядычна жывуць разам з беларускім спарынг-партнёрам Андрэем Васілеўскім і амерыканскім коўчам па фізпадрыхтоўцы Джэйсанам Стэйсі.

«Мы заўсёды стараемся нешта адзін аднаму прыгатаваць. Нешта кшталту традыцыі: мы заўсёды чакаем, калі яна зробіць сырнікі.[Сабаленка таксама гатуе] і салаты, і рыбу, і фірмовую аўсяную кашу, па-рознаму, – дзяліўся Дубраў.

Дзе ж Сабаленка ўсім гэтым займаецца? У штаце Фларыда звесткі пра ўласнікаў нерухомасці агульнадаступныя – мы нядаўна пераконваліся ў гэтым на прыкладзе Вікторыі Азаранкі.

На спецыялізаваных сайтах штата знайшлося цэлых два запісы пра нерухомасць Сабаленкі. Абодва дамы запісалі на яе асабіста ў 2022 годзе. Размешчаныя яны не ў самім Маямі, але зусім недалёка. Не будзем даваць дакладныя адрасы, каб нас не абвінавацілі, што мы заахвочваем зласліўцаў ці фанатаў тэнісісткі сачыць за ёй. Аднак, паўторымся, любы можа знайсці звесткі ў адкрытым рэестры.

Першы з дамоў, што мы знайшлі, знаходзіцца ў горадзе Дэлрэй-Біч з насельніцтвам у 67 тысяч чалавек. Гэта двухпавярховы будынак 2015 пабудовы, які стаіць асобна. Плошча ўчастка, на якім размешчаны дом, – 6,7 «сотак». Да акіянскага берага – 12 кіламетраў, але зусім побач хапае сажалак.

Згодна з даступнымі звесткамі, на момант пабудовы дом ацэньваўся ў суму каля паўмільёна долараў. Аднак у пачатку 2022-га быў выстаўлены на продаж ужо за 900 тысяч, у траўні таго ж года – прададзены за 925 тысяч, а ў жніўні перапрададзены ўжо за 1,05 мільёна спартсменцы з Беларусі. Зрэшты, сёння ацэншчыкі нерухомасці называюць цану патэнцыйнага продажу яшчэ вышэйшую, так што здзелку нельга назваць нявыгаднай для Сабаленкі.

У захаванай абʼяве аб продажы дома яго рэкламавалі адноснай блізкасцю рэстаранаў і маркетплэйса, нізкай аплатай амерыканскага аналогу ТУЖ («усяго» 380 долараў на месяц), магутным кандыцыянерам, магчымасцю зрабіць басейн на ўчастку, эпаксідным пакрыццём у гаражы – і тэнісным кортам па суседстве. Жылая плошча будынка – 240 квадратных метраў, у ім змяшчаюцца пяць спальняў і пяць ванных пакояў. Былі ў абʼяве і фота – прыкладна ў такі інтэрʼер з багаццем карцін заязджала Сабаленка, у акаўнтах якой нічога падобнага на здымкі з гэтага дома мы не знайшлі.

Вашыя стаўкі – ці зняла Сабаленка гэтую карціну ў адной з ванных?

Другі вядомы адрас тэнісісткі ў Фларыдзе – у горадзе Санрайз на 100 тысяч чалавек. Ён бліжэй да Маямі, чым Дэлрэй-Біч. Да акіяна ад дома Сабаленка 22 км, затое ў пары хвілін – два прыкметных месцы прыцягнення: гандлёвы цэнтр Sawgrass Mills, адзін з найбуйнейшых ва ўсёй Амерыцы, і Amerant Bank Arena на 20 тысяч месцаў, дзе гуляе хатнія матчы ў НХЛ «Фларыда Пантэрс». Цікава, асабліва калі ўзгадаць сувязь Сабаленкі з яшчэ адным рэжымнікам, экс-хакеістам Канстанцінам Кальцовым.

Гэтыя апартаменты Сабаленкі – частка вялікага будынка 2019 года пабудовы, то-бок у тэнісісткі з двух бакоў ёсць суседзі за сценамі. Тэрыторыя Сабаленкі прыкладна адзначаная чырвоным на спадарожнікавым здымку ніжэй.

Дакладная сума пакупкі ў гэтым выпадку невядомая, аднак у 2020-м жыллё ацэньвалася ў 520 тысяч долараў, а цяпер – у 800 тысяч. У запісах аб ўласніку ў Сабаленкі паказаны адрас мінскай кватэры – раскрываць яго таксама не будзем, але адзначым, што яна знаходзіцца ў пары хвілін ад сумна вядомай станцыі метро «Пушкінская», дзе 10 жніўня 2020-га «сілавікі» Лукашэнкі забілі бяззбройнага ўдзельніка пратэстаў Аляксандра Тарайкоўскага, а таксама запускам гранаты скалечылі фаната футбольнага мінскага «Дынама» Георгія Сайкоўскага.

У Санрайзе ў распараджэнні Сабаленкі 287 метраў жылой плошчы – ёсць нават план чатырох паверхаў апартаментаў. Плата за ТУЖ ацэньваецца ў 367 долараў у месяц.

Тут у тэнісісткі чатыры спальні і чатыры ванныя (праўда, адна без ванны/душа). Вось такія мінімалістычныя інтэрʼеры знаходзяцца ў старой абʼяве аб продажы апартаментаў – ізноў жа, Сабаленка ўжо магла ўсё там памяняць, а па яе Instagram можна хіба што зрабіць выснову, што яна трэнуецца на тэнісных кортах непадалёк, дзе паказвала сябе і з футбольным мячом.

Не менш цікавыя вынікі прынесла вывучэнне, хто ў Сабаленкі ў суседзях. На здымку ніжэй машына стаіць ля гаража апартаментаў тэнісісткі, а гараж справа адносіцца ўжо да суседняга адрасу.

І дом за сценкай у Сабаленкі, паводле дакументаў, належыць кампаніі GOVORTSOVA INTERNATIONAL LLC. Кампаніі таксама даступныя ў амерыканскіх рэестрах – і менеджара менавіта гэтай завуць, уявіце сабе, Вольга Гаварцова. Проста як іншую беларускую тэнісістку, з якой Сабаленка сябруе і не раз распавядала, як заязджала ў госці – так-так, у Фларыду.

Яшчэ адзін аргумент за тое, што там жыве менавіта тэнісістка Гаварцова, знаходзіцца ў актуальнай абʼяве аб продажы – на адным з фота бачна, што на сцяне ў дзіцячым пакоі красуецца імя Дамінік. Менавіта так клічуць сына пары Гаварцовай і беларускага экс-хакеіста Канстанціна Захарава.

Дом, які спрабуюць прадаць, па жылой плошчы роўна такі ж, як у Сабаленкі. У 2020-м яго ацэньвалі ў 575 тысяч долараў, сёння – у 927 тысяч. Хочуць за яго пры гэтым 949 тысяч – хоць першапачаткова ставілі кошт у 975 тысяч, але, відаць, ахвотных не знайшлося. У цэлым абстаноўка ў доме вельмі падобная да той, што была ў Сабаленкі.

Абедзве тэнісісткі маглі сабе дазволіць такое жыллё ў гарачай Фларыдзе. 35-гадовая Гаварцова за карʼеру зарабіла 3,66 млн долараў прызавых – ды і Захараў зарабляў хакеем не так мала. Пра Сабаленку ўжо не раз гаварылася – толькі за 2023-й яе даходы склалі 12,2 мільёна долараў, хай і да выліку падаткаў.

Фота: zillow.com

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты