Tribuna/Тэніс/Блогі/Сабаленка прыляцела ў Штутгарт, каб зноў паспрабаваць выйграць аўтамабіль, але спачатку схадзіла на футбол

Сабаленка прыляцела ў Штутгарт, каб зноў паспрабаваць выйграць аўтамабіль, але спачатку схадзіла на футбол

Спроба нумар 4.

Аўтар — Pam-pam
14 красавіка, 12:00
Сабаленка прыляцела ў Штутгарт, каб зноў паспрабаваць выйграць аўтамабіль, але спачатку схадзіла на футбол

У падпісанткі праўладнага ліста Арыны Сабаленкі новы сезон выдаецца вельмі няроўным. Пасля перамогі ў Аўстраліі тэнісістка вылецела ў 1/16 турніру ў Дубаі,  у 1/8 у Індыян-Уэлсе і дабралася толькі да 3-га круга ў Маямі. Апошні турнір праходзіў практычна адразу пасля трагічнай гібелі бойфрэнда спартсменкі, быццам бы на той момант ужо былога, Канстанціна Кальцова.

12 красавіка Сабаленка прыляцела ў Штутгарт, дзе гэтымі днямі праходзіць грунтавы турнір катэгорыі WTA-500, спонсарам якога выступае аўтаканцэрн Porshe.

Для прома сваіх аўто кампанія выкарыстоўвае любы момант – нават прыезд другой ракеткі ў гатэль стаў невялікі рэкламай з аповедам аб аўто, на якім яе даставілі. Сама спартсменка ў відэа гаворыць, што выглядае жахліва, але не перастае грымаснічаць.

Пасля невялікага адпачынку Сабаленка правяла першую трэніроўку на картах і, падобна, была ў выдатным настроі.

Пасля трэніроўкі беларуска разам з Онс Жабер адправілася на матч мясцовага «Штутгарт», які атрымаў упэўненую перамогу над «Айнтрахтам» – 3:0.

Здаецца, футбол займае асобае месца ў яе сэрцы. Раней тэнісітка сама дэманстравала свае навыкі працы з мячом.

Для Сабаленкі гэта ўжо не першая спроба выйграць элітны аўтамабіль, які галоўны спонсар турніру дае ў якасці прыза. У гэтым годзе пераможца пакаціць на Taycan 4S Sport Turismo і чэкам на 100 000 даляраў. Беларуская тэнісістка тройчы выступала на нямецкім турніры і столькі ж разоў дабіралася да фіналу, але выйграць аўто так і не змагла. У 2021-м годзе Сабаленка саступіла Эшлі Барці, а ў 2022 і 2023-м – Ізе Свёнтэк.

У мінулым годзе яна нават папрасіла проста падараваць ёй ужо гэтае аўто:

«Давайце дамовімся – калі я зноў выйду ў фінал, мне проста дадуць лішнюю машыну (смяецца). Рабяты, я сапраўды стамілася гуляць у фінале і пакідаць гэты турнір без машыны. У любым выпадку я ўдзячная ўсім, хто дапамог гэтаму выдатнаму турніру адбыцца. Я атрымала задавальненне ад выступаў тут. Зараз радасць крыху згасла, таму што прайграваць у трэцім фінале цяжка і балюча. Але я буду вяртацца сюды датуль, пакуль не атрымаю машыну (смяецца). Я буду спрабаваць, змагацца, біцца і, можа быць, праз 10 ці 20 гадоў атрымаю гэтую машыну», – сказала Сабаленка пасля матчу.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты