Tribuna/Тэніс/Блогі/У Штутгарце Сабаленку бачылі ў абдымку са спонсарам-качком. Цяпер шмат чутак пра тое, хто яе новы бойфрэнд

У Штутгарце Сабаленку бачылі ў абдымку са спонсарам-качком. Цяпер шмат чутак пра тое, хто яе новы бойфрэнд

Магчыма, былая дзяўчына Кальцова – ужо чыясьці цяперашняя.

Аўтар — bytribuna com
16 красавіка, 12:00
У Штутгарце Сабаленку бачылі ў абдымку са спонсарам-качком. Цяпер шмат чутак пра тое, хто яе новы бойфрэнд

У сакавіку беларуская тэнісістка Арына Сабаленка абвясціла, што рассталася са сваім бойфрэндам. Звычайнай гэтую сітуацыю не дазвалялі назваць абставіны: прызнанне другой ракеткі свету адбылося праз амаль двое сутак пасля раптоўнай смерці ў ноч з 18 на 19 сакавіка экс-хакеіста Канстанціна Кальцова. На момант гібелі лічылася, што адносіны падпісантаў за рэпрэсіі працягваюцца. Сабаленка ж сказала, што яны ўжо не былі разам. Пры гэтым яшчэ на 14 лютага тэнісістка паказвала падпіснікам падарунак ад Кальцова.

Неўзабаве пасля каментара ад Сабаленкі амерыканскі журналіст Крэйг Шапіра, які шмат часу праводзіць на тэнісных турнірах, заявіў, што ўнутры тура яшчэ да гібелі Кальцова ведалі, што ў Сабаленкі «новы хлопец», з якім тэнісістка была на турніры ў Індыян-Уэлсе (праходзіў 6 -17 сакавіка), а потым паляцела ў Маямі на прыватным самалёце.

Па звестках Шапіры, гэта быў той самы рэйс, з якога Сабаленка выклала сумеснае фота з балгарскім тэнісістам Грыгорам Дзімітравым. З ім жа ў тэнісісткі былі здымкі ў снежні 2023-га – у кампаніі сяброўкі Сабаленкі іспанкі Паўлы Бадосы і яе хлопца грэка Стэфанаса Цыцыпаса. «Самалётны» кадр Сабаленкі з балгарынам некаторыя ў сацсетках успрынялі ў якасці намёку на якраз новыя адносіны тэнісісткі. Але Шапіра асобна ўдакладніў, што «новы хлопец» – гэта не Дзімітраў.

Ну а Сабаленка працягвае даваць новыя падставы для чутак. 14 красавіка фота з тэнісісткай выклаў Дэвід Грутман, буйны бізнесмен з Маямі. Сабаленка прыйшла ў каментары і пакінула там эмоджы «сэрцайкаў». Вядома, зноў знайшліся фанаты, якія сталі зваць Сабаленку і Грутмана «выдатнай парай».

Гэта сапраўды памылковыя здагадкі – Грутман шчасліва (па меншай меры публічна) жанаты. А ў Сабаленкі ўжо была своеасаблівая гісторыя з удзелам бізнесмена ў кастрычніку – тады ён паклікаў на адкрыццё сваёй чарговай установы некалькіх заўважных тэнісістак, яны сфатаграфаваліся разам, але амерыканка Серэна Уільямс для сваіх сацсетак здымак абрэзала так, што Сабаленка з яго знікла. Дарэчы, тады ж беларуская тэнісістка рэпостнула фота з адыёзным прадпрымальнікам Дэвідам Партным.

А на днях відавочца з тэнісных колаў паведаміў «Трыбуне», што назіраў, як Сабаленка ў Штутгарце прыйшла на трэнінг у кампаніі мужчыны – ён на трыбунах чакаў, пакуль тэнісістка правядзе занятак, а з кортаў гэтыя двое сышлі ў абдымку.

Нам вядома, хто гэты чалавек – яго завуць Фабіана Дзанэці Маньяні. Хлопец з італьянскім імем даўным-даўно жыве ў бразільскім Сан-Паўлу. Пра яго вядома няшмат – большую частку інфармацыі дае нататка з бразільскага сайта, якая відавочна зробленая са слоў самога Дзанэці. Калі верыць гэтаму апісанню, ён нарадзіўся ў сямʼі паспяховага бізнесмена, з дзяцінства захапляўся рознымі відамі спорту, займаўся футболам у школе «Сан-Паўлу», дзе скончыў у юнацкіх камандах, атрымаў дыплом па бізнес-адміністраванні і пачаў развіваць свае справы ў самых розных сферах: нерухомасць, мода, харчаванне. У даступных рэестраў кампаній на Дзанэці запісана сапраўды нямала.

Самае вядомае прадпрыемства бізнесмена – кампанія Oakberry (ён там суўласнік). Яна заснавана ў 2016-м і спецыялізуецца на «суперфудзе» – ежы, якая нібыта прыносіць больш карысці, чым іншая. У цэнтры вытворчасці – бразільская ягада асаі, якой кампанія прыпісвае ўнікальныя ўласцівасці. Ніякіх навуковых пацверджанняў такой інфармацыі няма. Кампанія мае свае кропкі, аналагічныя фастфуду, у многіх краінах свету. А з пачатку 2024-га адным з рэкламных твараў фірмы стала Сабаленка – так што яе знаёмства з Дзанэці не здзіўляе.

Бізнесмен казаў, што працягвае практыкаваць розныя віды спорту: веласіпед, веславанне, бокс, бег, футбол і якраз тэніс. Але калі б трэба было апісаць Дзанэці адным словам, то гэта было б слова «качок». Вялізныя мышцы ў мужчыны даўно – а ў 2016-м ён дзяліўся сакрэтам: «Бачу толькі карысць ад выкарыстання чалавечага гармону росту. Гэта прэпарат маладосці з масай пераваг. Людзі баяцца пабочных эфектаў, гэта дарагая тэрапія, але я прымаю яго кожны ###### [чортаў] дзень і люблю гэта!».

У сацсетках Дзанэці шмат фатаграфій з адпачынку, з сябрамі, часам з сямʼёй – а вось з дзяўчатамі практычна няма (калі яны і ёсць на здымках, то ў кампаніі з прыяцелямі бізнесмена). Хоць бразільскія сайты ў 2016-м фіксавалі адносіны Дзанэці з бразільскай мадэллю – але з тых часоў ніякай інфармацыі пра асабістае жыццё прадпрымальніка знайсці не ўдалося. Зрэшты, сцвярджаць, што менавіта ён зʼяўляецца новым бойфрэндам Сабаленкі, таксама не выпадае, бо абдымацца могуць і людзі, якія проста вельмі добра знаёмыя.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты