Tribuna/Тэніс/Блогі/Матчбол/Зорка новага «Аватара» з мільярднай касай – дачка мінчанкі з тэніса: тая прадстаўляла Беларусь у Данецку і адвяла актрысу на плаванне дзеля ролі

Зорка новага «Аватара» з мільярднай касай – дачка мінчанкі з тэніса: тая прадстаўляла Беларусь у Данецку і адвяла актрысу на плаванне дзеля ролі

Але маглі дапамагчы і сувязі айчыма.

Блог — Матчбол
Аўтар — bytribuna com
18 лютага 2023, 18:00
Зорка новага «Аватара» з мільярднай касай – дачка мінчанкі з тэніса: тая прадстаўляла Беларусь у Данецку і адвяла актрысу на плаванне дзеля ролі

Магчыма, вам нічога не скажа імя 19-гадовай амерыканскай актрысы Бэйлі Бас. Але таксама магчыма, што вы бачылі яе на экране – проста ў адмысловым вобразе: Бас iграла ў вельмі папулярным леташнім фільме «Аватар: Шлях вады», дзе прымала звыклую для сусвету фільма форму сіняскурай Цырэі, дачкі правадыра аднаго з кланаў і сяброўкi сына галоўнага героя. А сама Бас – дачка беларускай экс-тэнісісткі, спартыўная кар'ера якой, праўда, атрымалася далёка не такой паспяховай, як акцёрская ў Бэйлі. Раскажам падрабязней пра маці Бас і саму актрысу.

Бас нарадзілася 18 чэрвеня 2003-га ў Нэшвіле, але ў два гады пераехала з сям'ёй у Бруклін, раён Нью-Ёрка. Яна расла, як сама прызнавалася, у «рускім атачэнні» і добра вывучыла рускую мову, аднак пры гэтым, пералічваючы культуры, якія на яе паўплывалі, першай назвала менавіта беларускую, якую лічыць сваёй. Бэйлі здаецца, што яна вельмі шмат ведае пра Беларусь, хаця ніколі не была ў нашай краіне.

Будучая актрыса з двух гадоў выступала фотамадэллю, а ўжо ў пяць з паловай знялася ў сваёй першай рэкламе – мультсерыяла My Little Pony. Далей было некалькі малазначных роляў у не самых папулярных серыялах, але ў 12 гадоў здарыўся вялікі поспех – Бас прайшла кастынг у працяг франшызы «Аватара», самага касавага фільма ў гісторыі кінематографа, адразу на тры часткі. Вытворчасць другой часткі моцна затрымалася з-за некаторых тэхнічных прычын і пандэміі каранавіруса, і ў выніку здымачны працэс будучай трэцяй часткі ў некаторых момантах праводзілі ўжо паралельна з заканчэннем здымак другой. Да рэлізу працягу «Аватара» Бэйлі паспела зняцца ў адной з галоўных роляў серыяла на Netflix «Інтэрв'ю з вампірам», які выйшаў у кастрычніку 2022-га і атрымаў выдатныя водгукі крытыкаў.

«Шлях вады», які выйшаў на экране толькі ў канцы 2022-га, не падкачаў па фінансах – сабраў у пракаце ўжо больш за 2,2 мільярда долараў і паказвае чацвёрты вынік у гісторыі, а яшчэ крыху – і абгоніць «Тытанік» з трэцяга месца. Ёсць фінансавы поспех і ў самой Бэйлі – паводле ацэнак амерыканскіх парталаў, яна як мінімум стала доларавай мільянеркай, а магчыма, зарабіла і некалькі мільёнаў. А ў шматлікіх інтэрв'ю пасля поспеху фільма Бас успамінала, што для ролі вельмі фізічна актыўнага персанажа некалькі гадоў актыўна налягала на спорт – займалася паркурам, а таксама пагрузілася ў плаванне, бо па сюжэце Цырэя любiць і выдатна ўмее затрымлiвацца пад вадой. Як прызнавалася Бас, мама паслала яе на ўрокі ў басейн яшчэ перад вырашальным этапам кастынгу, бо разумела, што плавальныя скілы сапраўды спатрэбяцца акторцы на гэтай ролі. У працэсе падрыхтоўкі да здымак Бэйлі таксама атрымала сертыфікат па падводным плаванні і фрыдайвінгу і навучылася затрымліваць дыханне на 6,5 хвіліны.

У Бас ёсць браты, старэйшы з якіх, Элайджа Бас, імкнецца пабудаваць мадэльную кар'еру. Імя бацькі Бэйлі застаецца невядомым, а сама дзяўчына вельмі задаволеная сваім айчымам Дэйвам Маркенам – называла яго «найлепшым, пра якога толькі можа марыць дзяўчынка», і «верталётам», як у англійскай мове называюць бацькоў, якія надаюць дзіцяці вельмі шмат увагі. А яшчэ Маркен – прадзюсар з вялікім стажам, які рабіў кантэнт для буйных амерыканскіх тэлеканалаў, рэкламу для Pepsi і іміджавы ролік для тэнiснага US Open. Таксама ў некаторых крыніцах Маркен называецца лаўрэатам прэстыжнай ТБ-прэміі «Эмі», аднак, здаецца, калі прызнанне і было, то не на агульным узроўні (ва ўзнагароды ёсць рэгіянальныя версіі ў амерыканскіх штатах). Зрэшты, іншыя дасягненні прадзюсара і той факт, што айчымам Бэйлі ён стаў прыкладна ў адзін час з праходжаннем ёй кастынгу ў «Аватар», наводзіць на пэўныя думкі аб дапамозе падчарыцы ў прасоўванні кар'еры – тым больш агенцтва Маркена, мяркуючы па пастах у сацсетках, напрамую пазіцыянуе Бас як сваю падапечную.

Дэйв Маркен i Алеся Iгнацьева

Але ніяк не менш уплыву на дачку мае маці Бас – 42-гадовая ўраджэнка Беларусі Алеся Ігнацьева, сваяцтва якой з актрысай заўважыла «Наша Нiва». Бэйлі не раз казала, што захапляецца і натхняецца ёй, а Ігнацьева ў сацсетках напрамую называе сябе Momager – сумессю слоў «маці» і «менеджар». Сама ж Алеся калісьці спрабавала пабудаваць кар“еру ў тэнісе – і, напрыклад, прадстаўляла Беларусь у 1997-м на юнацкім турніры ў Данецку. Вядома таксама аб адным матчы Ігнацьевай ўзроўню ITF – у тым жа годзе яна прайграла ў кваліфікацыі турніру ў амерыканскім Стакдэйле. І, падобна, тэнісістцы ў Амерыцы спадабалася – неўзабаве Алеся выявілася ў складзе каманды ўніверсітэта Місісіпі, якая выступала ў вышэйшым дывізіёне студэнцкіх турніраў ЗША.

«Тэніс – тое, за што маме плацілі стыпендыю. Яна з Беларусі, і гэта тое, што прывяло яе ў ЗША. Гэта тое, што дапамагло стварыць мяне, бо з-за гэтага я вырасла ў канкурэнтаздольнай сям'і», – казала Бас.

На адным з сайтаў нават захаваўся дастаткова падрабязны роспіс поспехаў Ігнацьевай – мінчанка трапляла ў топ-6 па сваім узросце, а таксама, паводле водгукаў, «валодала адным з лепшых бэкхэндаў у студэнцкім тэнісе» і мела «рэпутацыю пераможцы ў доўгіх, упартых матчах». Ігнацьева і зараз не забывае пра тэніс – унесла наведванне US Open у падборку галоўных кадраў за 2022-ы.

Пра сваё асабістае жыццё Ігнацьева не распаўсюджваецца – так што мы не ведаем, калі канчаткова завяршылася яе тэнісная кар'ера, як яна сустрэла бацьку Элайджы і Бэйлі, а як утварыла пару з Маркенам. Затое ў Instagram экс-спартсменка любіць выкладваць сямейныя фота і відэа – а ў апошні час таксама кантэнт з рознага роду цырымоній, на якія запрашаюць дачку.

Зарабляе ж Ігнацьева вядомым у Беларусі спосабам – прадае сродкі для скуры і валасоў як агент сеткавага маркетынгу ў адной з кампаній. Пра гэта таксама шмат пастоў у сацсетках Алесі, а рэкламу пры выпадку яна можа атрымаць і ў Instagram-акаўнце дачкі на 343 тысячы падпісчыкаў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты