Усе навіны

Генеральны сакратар БФВ Цяцерына пра бан: «Самае галоўнае пытанне – пры якім прэзідэнце ЕКВ Беларусь могуць вярнуць да міжнародных спаборніцтваў»

29 сакавіка, 08:32
1

Генеральны сакратар Беларускай федэрацыі валейбола Ала Цяцерына падзялілася меркаваннем аб адхіленні беларусаў ад міжнародных спаборніцтваў.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Валейбол – камандны від спорту, а гульнявікоў зараз нікуды не дапускаюць. Але мы не пакутуем. Спорт у нас развіваецца. Праводзім унутраны чэмпіянат, выступаем у Суперлізе расійскай – самай моцнай лізе свету. У нашых гульцоў ёсць магчымасці. Таму яны атрымліваюць добрую гульнявую практыку і фінансава не пакутуюць.

Што да еўрапейскай міжнароднай федэрацыі, то яны там, як павукі ў банках. Цяпер у іх выбары пачынаюцца. 24 жніўня пройдзе паседжанне ў Неапалі, дзе абяруць прэзідэнта. Яны выбралі такую палітыку, што баяцца сказаць штосьці і тым і іншым. Не дай бог не нашкодзіць сабе. Кандыдаты розныя.

Ёсць прадстаўнік з Польшчы – бізнэсмэн. Мала мае чаго агульнага з валейболам. Але паколькі ён прыйшоў з вялікімі грашыма, яго прасоўваюць. Тыя ж балтыйскія краіны пачынаюць падтрымліваць такіх людзей.

Узровень валейбола ў іх сумнеўны, а выказванні вельмі гучныя. Самае галоўнае пытанне, якое хвалюе нас і Расію – пры якім прэзідэнце нас могуць вярнуць. Пакуль нічога не зразумела. Вельмі складаныя хады робяць, прам шахматы. Да жніўня проста назіраем, а потым будзем глядзець, хто больш аб'ектыўны і лаяльны.

Але ў нас усе вельмі кансерватыўныя федэрацыі і заўсёды гавораць, што ўсё залежыць ад Мока. Як ім скажуць, дык яны і зробяць. Ніхто на сябе адказнасць браць не хоча, – сказала Цяцерына.