Tribuna/Биатлон/Блоги/Жыве біятлон!/«Такія вынікі з-за памылак у падводцы да чэмпіянату свету». Экс-біятланіст зборнай пра выступ нашых у Антхольцы

«Такія вынікі з-за памылак у падводцы да чэмпіянату свету». Экс-біятланіст зборнай пра выступ нашых у Антхольцы

Чэмпіянат свету па біятлоне пачаўся для нашай каманды вельмі пасрэдна. У змяшанай эстафеце - 12 месца, у звязцы спрынт-прыследванне лепшы вынік 15ае месца Антона Смольскага. Пра вынікі зборнай пагаварылі з экс-біятланістам зборнай Аляксандрам Дарожка.

19 февраля 2020, 11:00
2
«Такія вынікі з-за памылак у падводцы да чэмпіянату свету». Экс-біятланіст зборнай пра выступ нашых у Антхольцы

Ад рэдакцыі Tribuna.com: вы знаходзіцеся ў блогу «Жыве біятлон!» Нядаўна тут запусцілі серыю цікавых інтэрв’ю на роднай мове з біятланістамі зборнай Беларусі. Падтрымайце блог падпіскай і плюсамі, каб класнага кантэнту ў ім стала яшчэ больш!

Чэмпіянат свету па біятлоне пачаўся для нашай каманды вельмі пасрэдна. У змяшанай эстафеце – 12 месца. У звязцы спрынт-прыследванне лепшы вынік 15 месца Антона Смольскага. У жаночай каманды вынікі горш. Лепшы вынік у Італіі пакуль у Ірыны Крыўко, якая паказала 30 вынік у індывідуальнай гонцы ў аўторак.

Пра вынікі зборнай пагаварылі з экс-біятланістам зборнай Аляксандрам Дарожка.

– Саша, чэмпіянат свету ў цэлым для зборнай пачаўся слаба. Асабліва для жаночай. Як думаеш з чым гэта звязана?

– Цяжка назваць дакладную прычыну, не ведаючы ўсіх нюансаў: трэніровачнага плана, псіхалагічнага стану і іншых дробязяў. Можна толькі меркаваць. На мой погляд, былі памылкі ў непасрэднай падводцы да чэмпіянату і ў выбары месц для зборау. Падчас навагодніх вакацый каманда знаходзілася ў гарах, у Антхольцы. Пасля знаходжання ў гарах ёсць невялікае «акно», калі спартовец знаходзіцца на піку функцыянальных магчымасцяў. Аберхоф, Рупольдынг – на гэтыя этапы і патрапіў невялікі «пік». Але пасля гэтага «акна» заўсёды ідзе спад – функцыянальная яма. Што і было відаць на апошнім этапе Кубка свету ў Паклюцы, калі пачаўся відавочны спад вынікаў. Зараз, хутчэй за ўсё, мы назіраем наступствы гэтай ямы i плацiм за выдатныя вынiкi у студнi.

Можа так стацца, што да канца чэмпіянату нашы дзяўчаты разбягуцца. Але ці не будзе занадта позна?

– Трэнерскі штаб рэдка дае інтэрв’ю і заўсёды кажуць, што працуюць на перспектыву, маўляў каманда маладая і мы рыхтуемся да гульняў у Пекіне. Але з кожным годам вынікі не растуць. У мужчын, вядома, ёсць прагрэс. Але калі ўзяць Дзінару Алімбекаву, што, па-твойму, з ёй адбываецца?

– З нагоды Дзінары я магу крыху расказаць. Кожны год у яе суцэльныя прыгоды, для яе гэта норма. І на галоўных стартах сезона ў яе атрымлівалася паказаць найлепшыя вынікі. Гэта дзіўна, але факт! Так было і ў мінулым годзе, і ў алімпійскі сезон, і раней! Шчыра, я чакаў такога павароту і ў гэты раз. Але... Адназначна, на яе цісне статус алімпійскай чэмпіёнкі і тое, што многія чакаюць ад яе пастаяннага пацвярджэння гэтага статусу.

З нагоды падрыхтоўкі да гульняў у Пекіне, то там таксама будуць горы. І горы высокія. І цяперашнія вынікі гэта вялікая нагода задумацца пра тое, ці дакладна абраны шлях...

– Вернемся да Антхольца. У прыследванні ў мужчын Ялётнаў прайграў нагамі крыху менш хвіліны, Смольскі і Лобастаў амаль дзве хвіліны. Гэта шмат. У дзяўчын сітуацыя не лепш. Ці можа адбыцца так, што да індывідуальных гонках разбягуцца?

– Я не раю судзіць аб хуткасці бегу па прыследванню. Усё ж у кантактнай гонцы многае вызначае тактыка. Я прапаную адштурхоўвацца ад спрынту. Дзяўчатам адназначна складаней. У іх менш часу для аднаўлення перад індывідуальнай гонкай. І, што яшчэ можа быць горш, няўдалы пачатак турніру можа загнаць спартовак у псіхалагічную яму. Страціўшы ўпэўненасць у сабе складана рэалізаваць свой патэнцыял на трасе.

У хлопцаў жа Лобастаў бяжыць на сваім узроўні, Ялётнаў трошкi павольней сябе самога. Смольскi у выдатнай форме, але акрамя лепшай гонцы у кар’еры былi праблемы у эстафете i праследаваннi. Можна чакаць паляпшэння хуткасці ад Ялётнава і магчымых сюрпрызаў ад Смольскага з Вераб’ём. Але ў любым выпадку ў індывідуалках усё будзе залежаць ад дакладнасці стральбы.

Што тычыцца Бачарнікава, то прадказаць што-небудзь складана.

– Зараз усе ў біятлонным свеце абмяркоўваюць перамогу Логінава ў спрынце. Тваё стаўленне да гэтага спартоўца і да яго ўжывання ЭПО.

– Калісьці даўно ён, яшчэ будучы юніёрам, паказваў проста касмічныя і неверагодныя вынікі. Паспяхова дэбютаваў на Кубках свету, і так выглядаў будучай суперзоркай. А потым гэты допінг-скандал... Натуральна, гэта поўнае знішчэнне рэпутацыі. Зараз ён чысты, перамагае легальна. Але цень гэтага скандалу будзе пераследваць ўсё яго жыццё. І ўся сутнасць у тым, што для таго, каб перамагаць, Логінаву ня трэба было ЭПО, ён і так моцны спартовец. Але, мабыць, тады хтосьці вельмі хацеў медалёў у Сочы, прычым любой цаной.

– Хтосьці? :)

– Гэта ўсё ідэалогія дзяржавы, трэба было паказаць сваю веліч.

– Чэмпіянат свету ў Італіі радуе нечаканасцямі. Ды хто ж будзе абсалютнымі героямі ў жанчын і мужчын на думку Аляксандра Дарожка?

– А ўжо героі ёсць! Вірэр становіцца чэмпіёнкай свету ў сябе дома, Жаклен праяўляе цуды тактыкі, Данклі праводзіць гонку ўсяго свайго жыцця... Усе гонкі чэмпіянату проста любата! Вялікая колькасць спартоўцаў у выдатнай форме! Усё ж я чакаю яшчэ медалі ад Даратэі Вірэр. А ў мужчын канкурэнцыя настолькі высокая і прэтэндэнтаў на медалі настолькі шмат, што не здзіўлюся калі ніхто не ўвязе больш за два медалі з асабістых гонак.

– Ці чакаць беларусам цуду і медалёў?

– Гэта біятлон, тэарэтычна шанцы ёсць заўсёды, але практычна...

На самай справе ўсё проста: у індывідуальных гонках шанцы ёсць толькі пры беспамылковай стральбе, лепшай у жыцці хуткасці і павальных і масавых памылак у лідэраў.

Ёсць супермікст, хаатычная і бесталковая гонка, у якой нічога ніколі не зразумела. Гэта латарэя, дзе можа быць наогул усё што заўгодна.

Ёсць мужчынская эстафета, але ці знойдзецца ў нас спартовец, здольны абыграць на апошнім этапе лідэраў сусветнага біятлона? Хто зможа не проста навязаць барацьбу, а абыграць Бё, Фіён Майе, Доля, Логінава і іншых лідэраў?

Увогуле, гэта пазіцыя андердога. Сур’ёзна, мала хто ўспрымае шанцы на поспех. Калі ўсё дрэнна ці сярэдне, ніхто і не заўважыць. Усё хутка забудзецца, таму што гэта было чакана. Праз тыдзень ніхто і не ўспомніць. Але ў выпадку поспеху, хай нават лакальнага, без медалёў, на фоне заніжаных чаканняў, можа ўзнікнуць эйфарыя і адчуванні неверагодных падзей :). I тады усе забудуць праблемы, што былi на пачатку чэмпiянату. Дастаткова адной выдатнай гонцы.

Я думаю, што мужчынская эстафета будзе змагацца за шостае-дзевятае месца, у індывідуальнай гонцы пры найлепшым раскладзе трапленне аднаго спартоўца ў 25 наймацнейшых i яшчэ аднаго у 35. У жанчын усё сумна.

– Хацелася б абмеркаваць і актуальную мясцовую тэму – другі раз запар у Раўбічах пройдзе Чэмпіянат Еўропы. Зразумелая справа, што аснова б не паехала ў гэтым годзе ў Эстонію, але тут спаборніцтвы дома. Ці памяняе планы кіраўніцтва і трэнерскі штаб? (Інтэрв’ю бралася да таго, як з’явілася навіна пра склад каманды на чэмпіянат Еўропы).

– Я думаю, і так у плянах стаяў удзел у ЧЕ. Сам чэмпіянат пройдзе ў паўзе паміж Чэмпіянатам свету і наступным этапам Кубка свету. Я практычна ўпэўнены, што асноўны склад выступіць на хатнім турніры. Хто ў Антхольцы прабяжыць адну-дзве гонкі без праблем зможа адбегчы ўсю праграму. Астатнія выбарча, хтосьці спрынт-пасьют, хтосьці эстафету.

– Як думаеш чаму на Кубак IBU ў нас апошнія два сезоны федэрацыя не адпраўляе камплект спартоўцаў? У нас ёсць таленавітая моладзь, можа варта іх спрабаваць?

– Я сам не разумею чаму так адбываецца. Адна версія, што для эканоміі сродкаў. Але сутнасць у тым, што IBU выплачвае кампенсацыі за кожнага, хто стартаваў у гонцы. І сумы цалкам пакрываюць выдаткі на вываз спартоўцаў на спаборніцтвы! Многія малыя каманды, як Малдовы ці Боснія і Герцэгавіна, толькі за кошт гэтага і жывуць! І імкнуцца максімальна магчыма набіраць стартаў. Напрыклад, адбегчы спрынт на КС у Рупольдынгу, а на наступны дзень бегчы ўжо на кубку IBU дзе-небудзь у Рыднаў... А потым за кошт атрыманых грошай ад IBU забяспечыць падрыхтоўку да наступнага сезона. Таму гэта ніякая не эканомія!

А другая версія заключаецца, у тым, што, маўляў, нашы спартоўцы не гатовыя, а раз так – няма чаго ім ехаць і займаць 60-я месцы. Дапусцім гэта так, але як ім набірацца вопыту, вучыцца і расці? Увогуле, ўжо гэтая сітуацыя стала звыклай. Ну бегае там адзін спартовец, ну і бегае. Ну і добра.

– На каго з юніёраў раіць звярнуць увагу Саша Дарожка?

– Вядома, на Дзмітрыя Лазоўскага. На каго ж яшчэ :).

Фотаздымкі: БФБ, bildbyran.se / АНДРЭАС ПРАНТЭР