Tribuna/Футбол/Блоги/На ніве спорту/«Люблю нашу мову». Бягунка Марына Арзамасава – пра жыццё, пакуты і перамогі

«Люблю нашу мову». Бягунка Марына Арзамасава – пра жыццё, пакуты і перамогі

Пасля перамогі на чэмпіянаце Еўропы беларуская лёгкаатлетка расказала Нашай Ніве пра гісторыю свайго поспеху, рамантыку, вандроўкі і сямейныя справы. Поўную версію матэр’ялу мы публікуем толькі ў блогу На ніве спорту!

Автор — Zmicier Mickiewicz
11 сентября 2014, 19:35
6
«Люблю нашу мову». Бягунка Марына Арзамасава – пра жыццё, пакуты і перамогі

Пасля золата на чэмпіянаце Еўропы лёгкаатлетка распавяла «Нашай Ніве» пра мужа-нерамантыка, заробкі спартоўцаў, слёзы над кнігамі, віншаванні прэзідэнта і размовы з расейцамі па-беларуску.

«Прэзідэнт павіншаваў па-бацькоўску»

 - Па-першае, ад імя ўсёй рэдакцыі віншуем Вас з такім поспехам. І з гэтай нагоды першае пытанне. Яшчэ перад чэмпіянатам Еўропы Вы казалі, што сезон атрымаўся – да таго моманту Вы ўжо выйгралі бронзу чэмпіянату свету ў памяшканні. А што адчуваеце зараз?

– Дзякуй вялікі за віншаванні. Вядома, бронза на чэмпіянаце свету прынесла шмат радасці і пасяліла ўва мне вялікую упэўненасць: выступаючы летам, я была спакойная і добра сябе адчувала. Зімовы медаль быў, можна сказаць, выпакутаваным. Бо зіма кароткая, і на працягу аднаго месяца праходзіць вельмі шмат стартаў. Ды і холадна. Цяжка займацца ў манежы – з-за віражоў вельмі хутка «забіваюцца» ногі. І наогул я была на гэтым чэмпіянаце вельмі стомленай – выпакутавала гэты медаль. Былі слёзы палёгкі і радасці, што я заслужыла гэтую ўзнагароду, усё вытрымала. А на летніх спаборніцтвах я была ў добрым фізічным стане: аднавілася, адпачыла. У маёй сям’і мне ўсе дапамагалі – у першую чаргу даглядаць дзіцё. Мой муж спецыяльна ўзяў адпачынак на працы, каб быць са мной, дапамагаць мне – мы нават трэніраваліся разам.

- Вас пасля перамогі павіншаваў наш прэзідэнт. Тэлефанаваў?

– Мне ўрачыста ўручылі тэлеграму ад яго. Для мяне гэта было вельмі нечакана, і гэта вялікі гонар, што за намі сочаць і ацэньваюць нашы заслугі на такім высокім узроўні. І вельмі прыемна заваяваць медаль для нашай краіны.

- Там былі нейкія цёплыя словы?

– Так, менавіта так па-бацькоўску павіншаваў, а не нейкімі афіцыйнымі словамі. Калі б ён мяне ўбачыў, то, напэўна, сапраўды так бы і сказаў. Усе блізкія, хто чытаў гэтую тэлеграму, вельмі парадаваліся за мяне.

- Вы не толькі выйгралі чэмпіянат Еўропы, але выканалі сваю мару – паўтарыць поспех Вашай мамы. Што адчуваеце ў гэтым дачыненні?

– Вядома, я яшчэ не ўсяго дасягнула. Па-першае, хацелася б наблізіцца да яе вынікаў: яны на парадак вышэй, гэта рэкорды нашай краіны. Ну і цяпер перада мною яшчэ трэніроўкі і новыя спаборніцтвы – Кубак свету, дзе я буду прадстаўляць каманду Еўропы, таму пакуль не расслабляюся. Я сябе выдатна адчуваю і гатовая працаваць.

- Спачатку Ваша мама хацела бачыць сваю дачку тэнісісткай, а толькі потым накіравала яе па сваім шляху.

– Атрымалася так, што з чатырох гадоў я досыць доўга займалася вялікім тэнісам. Аднак гэта даволі дарагі від спорту. А паколькі мама гадавала мяне адна, то нам гэтыя заняткі давялося спыніць. Неяк улетку яна накіравала мяне ў спартыўны лагер, дзе і пачаліся мае лёгкаатлетычныя заняткі. Калі мама загінула, то мне было ўсяго 11 гадоў. І я пераехала жыць у Калінінград да матуліных сяброў – сям’і трэнераў – Аляксандра Гаўрылавіча і Надзеі Вітальеўны Гадзіятавых. Нейкі час у іх трэніравалася мая мама. Вось там я і працягнула свае заняткі.

«Аддамо дачку ў спартыўную секцыю»

- У вас такая спартыўная сям’я – Вы, муж, вашы бацькі, а таксама тыя, хто потым гадаваў Вас у Калінінградзе. Дачка таксама пойдзе гэтым шляхам?

– Усё будзе залежаць ад яе жадання – гвалтам за вушы ніхто цягнуць не будзе. Яна вельмі актыўная дзяўчынка – пастаянна бегае, скача. Спрабуем яе трэніраваць: пампаваць прэс, адціскацца – у яе для свайго ўзросту выдатна атрымліваецца. Пакуль яна такая дзяўчынка-дзяўчынка, прынцэса: сукеначкі, лялечкі, прычосачкі. Няхай займаецца тым, што ёй больш падабаецца. Але, вядома ж, будзем старацца накіраваць яе ў спорт, таму што мы ўсе самі жывем спортам – гэта наш лад жыцця і па-іншаму мы не можам. Аддамо яе ў якую-небудзь секцыю. Пакуль жа ў мяне чыста фізічна не атрымлівалася яе куды-небудзь вадзіць: не было часу. Пакуль я больш сканцэнтравана на сваіх трэніроўках.

- Як пазнаёміліся з мужам?

– Ён займаўся тут жа, толькі ў іншага трэнера. Даўно ведалі адно аднаго, але адносіны зарадзіліся дзякуючы Інтэрнэту. Спачатку перапісваліся ў сацыяльных сетках, потым пачалі сустракацца, закахаліся.

- Самы рамантычны падарунак ад яго?

– Калі шчыра, ён не вельмі вынаходлівы ў гэтым плане, не ў крыўду яму будзе сказана :) Але ён пра гэта, думаю, здагадваецца. Ён ведае, што я люблю завушніцы, і на кожнае свята мне іх дорыць. Зараз ён мне таксама сказаў, што хацеў бы што-небудзь падарыць з ювелірных вырабаў, але я сказала, што не трэба больш :) Часам мне нават прасцей пайсці самой сабе што-небудзь купіць, а потым сказаць яму, што гэта падарунак ад яго :)

- Вось ён прачытае інтэрв’ю, яму стане сорамна, і ён зменіць сваё стаўленне ў гэтым плане.

– Я і так, калі шчыра, часам тыкаю яго, нагадваю пра гэта :)

  

«Наша мова вельмі прыгожая»

- Ваша дзяцінства прайшло ў трэніроўках і спаборніцтвах? І ці жадаеце такога каму-небудзь яшчэ?

– Сапраўды, мой падлеткавы перыяд і юнацтва прайшлі ў спорце. Мяне трэніравалі, спрабавалі дысцыплінаваць і нацэльваць на тое, што я чагосьці даб’юся. Ужо тады мне верылася, што ўсё будзе добра. Шчыра кажучы, у той час мне было цяжка. Былі і сваркі, і істэрыкі ў перыяд сталення, калі ўсе людзі гуляюць, збіраюцца кампаніямі. У гэты час я або была на трэніроўцы, або займалася школьнымі заняткамі. Вучылася ў школе я вельмі добра, за гэтым таксама пільна сачылі. Але цяпер я ўсведамляю, што гэта сапраўды мне дапамагло дамагчыся цвёрдасці характару і знайсці свой шлях. Маладых таленавітых спартоўцаў вельмі шмат, але дамагаюцца поспеху толькі тыя, у каго ёсць выразнае разуменне сваёй мэты, у каго перамагае характар.

- Калі Вы зразумелі, што займецеся спортам прафесійна?

– У мяне ўвесь час было разуменне, што трэба займацца спортам. Пасля заканчэння дзясятага класа я пераехала назад у Мінск, каб скончыць школу і паступіць ва ўніверсітэт. Тады я разумела, што акрамя спартыўнай мне трэба і іншая адукацыя. Таму заканчвала я юрыдычны факультэт БДУ. Я ведаю, што пасля спорту павінен мецца нейкі тыл, куды можна будзе сысці. Але пытанне выбару не ўзнікала – заўсёды мае трэніроўкі былі ў шкоду вучобе. Таму ва ўніверсітэце я вучылася абы як – прыходзілася шмат прапускаць.

- Гэта значыць, Вас у Беларусь вярнула менавіта магчымасць паступлення ва ўніверсітэт?

– Па-першае, у мяне не было расійскага грамадзянства, і на ўнутрырасійскіх спаборніцтвах я выступала, скажам так, нелегальна. Я не магла ўваходзіць у зборную. А для прыняцця расійскага грамадзянства трэба было мець цвёрды намер жыць у гэтай краіне. Тым больш, у Расіі вельмі жорсткая канкурэнцыя: дзяўчынкі, якія былі ўсяго на год старэйшыя за мяне, ужо выконвалі нормы на майстроў спорту. Ды і я ж з Мінска – у мяне тут бабуля, кватэра, вельмі шмат матуліных сяброў. Вырашылі, што я заўсёды тут буду пад наглядам, і ніхто мне не дасць прапасці або сысці з правільнага шляху. Калі вярнулася, то ў 11 класе прыйшлося наганяць упушчанае па беларускай мове, бо ў Расіі я яе не вучыла. Таксама як і гісторыю Беларусі, беларускую літаратуру. Але тэставанне я здала і ў выніку паступіла.

- А цяпер як справы з беларускай мовай?

– Я ўсё выдатна разумею, проста трохі забылася правапіс. Магу размаўляць, калі трэба. Звычайна мяне просяць што-небудзь сказаць па-беларуску расейцы ці ўкраінцы, калі мы сустракаемся. Яны заўсёды кажуць, што ў нас незразумелая мова, і просяць што-небудзь сказаць. Вось я з імі і размаўляю на беларускай мове. Я нашу мову люблю – яна вельмі прыгожая. Але склалася так, што ўсе размаўляюць па-руску.

- Вы цяпер, здаецца, ужо лейтэнант ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Гэта ўвогуле як адбылося?

– Вядома, гэта дзякуючы спартовым поспехам і выслузе гадоў. Спачатку я атрымала афіцэрскую пасаду, а потым мяне павысілі ў званні. Мы папярэдне здавалі экзамены: была страявая падрыхтоўка, тэарэтычная частка, ідэалагічная праграма.

- Гэта значыць, маршыраваць можаце?

– Магу.

- І дома ўсіх пашыхтаваць?

– Так, сапраўды :)

- А як Вы патрапілі ва ўзброеныя сілы?

– Для спартоўцаў ёсць магчымасць служыць у сілавых структурах. Для мяне гэта быў спартыўны камітэт арміі. Гэта выдатная магчымасць служыць і займацца спортам. Там нас падтрымліваюць, робяць усё, каб мы паказвалі высокія вынікі і годна прадстаўлялі нашу краіну. У нас таксама ёсць вайсковыя спаборніцтвы, у якіх я двойчы прымала ўдзел.

 

«Вельмі хочацца пагуляць у тэніс»

- Як праходзіць звычайны дзень Марыны Арзамасавай?

– Я прачынаюся тады, калі прачынаецца мая дачка. Цяпер гэта вельмі рана – шэсць, палова сёмай раніцы. Мой дзень пачынаецца са слоў «Добрай раніцы, матуля і татачка... Уключыце мульцікі». Звычайна гэта самы просты спосаб падрамаць яшчэ трохі. Потым я адвожу дачку за горад да бацькоў мужа. Затым трэніроўка, аднаўленчыя мерапрыемствы: масаж, фізіяпрацэдуры. Еду дамоў, кушаю, трошкі адпачываю. Далей еду забіраць дзіця, можам пасядзець на дачы трошкі. Учора, напрыклад, мы крыху засядзеліся, і дачка там і заснула. Таму пакінулі яе начаваць там. Мы з мужам скарысталіся выпадкам і першы раз за доўгі час схадзілі ў кіно.

- Што глядзелі?

– «Нестрымальныя».

- І як ўражанні?

– У прынцыпе, спадабалася. Вядома, гэта такі баявік-баявік, але было цікава паглядзець на ўсіх гэтых трошкі састарэлых зорак. 

- Любіце кіно?

– Так, вельмі. Калі выдаецца вольны час, люблю паглядзець які-небудзь фільм, серыял альбо пачытаць кнігу. Гэта адцягвае ад думак аб спаборніцтвах, дазваляе расслабіцца.

- Які фільм можаце пераглядаць па сто разоў?

– Такі, каб ах, гэта Форэст Гамп. Яго, вядома, цяжка пераглядаць сто разоў. Але кожны раз я рыдаю, як быццам гляджу першы раз. Наогул я люблю кранальныя фільмы, меладрамы: паглядзець, паплакаць. Але і камедыі падабаюцца. Наогул, калі бачу якія-небудзь кранальныя моманты, слёзы на вочы наварочваюцца.

- А якая Ваша настольная кніга?

– Яшчэ зімой я адкрыла для сябе французскага аўтара Марка Леві. Ужо прачытала шмат яго кніг, і ў кожнай з іх плачу :) Там ёсць трохі фантастычны сюжэт, нават у анатацыях гаворыцца, што гэта казкі для дарослых. Але ўсё роўна гэта адлюстраванне рэчаіснасці, чалавечых пачуццяў. А зараз я чытаю таксама французскую кнігу пад назвай «Дзяўчына, якую ты пакінуў». 

- Я гляджу, Вы рамантык-рамантык.

– Так і ёсць. Такая сентыментальнасць. І дачцэ гэта таксама перадалося: яна мульцікі глядзіць, і калі там нейкі напружаны момант ці ёй нешта не спадабалася, яна раве, рыдае – бывае, ледзь супакойваем. Ёй жа ўсяго чатыры з паловай.

- У тэніс цяпер не гуляеце?

– Не, хоць вельмі хочацца. Даўно трымала ракетку ў руках – гады тры таму. Цяпер няма магчымасці. У мяне ёсць сяброўка дзяцінства, з якой мы разам займаліся тэнісам – я скончыла, а яна працягнула заняткі і нават працавала дзіцячым трэнерам. На жаль, яна зараз пераехала і жыве ў Маскве. А так бы я з задавальненнем з ёй пагуляла. Бо трэба мець спарынг-партнёра, каб ён умеў гуляць. Ды і ракетку трэба дзесьці ўзяць, а то ў маёй нешта адламалася.

- Вось праз нашу газету перадамо намёк Вашаму мужу, што Вам падарыць.

– :) 

 

«На першым месцы заўсёды будзе Мінск»

- У вас на старонцы УКантакце куча фатаграфій з розных краін. Зразумела: спаборніцтвы, зборы. Але падарожнічаць, я гляджу, Вы таксама любіце.

– Вельмі. Люблю падарожнічаць, шпацыраваць па розных гарадах. І калі на спаборніцтвах ёсць магчымасць нешта паглядзець, то мы бяжым у горад, каб засталося хоць мінімальная ўражанне. І калі ў нас ёсць час на адпачынак: звычайна гэта верасень – пачатак кастрычніка, таксама стараемся куды-небудзь паехаць сям’ёй.

- Куды паедзеце ў гэтым годзе?

– Вось пакуль яшчэ не ведаем.

- У які горад Вам заўсёды хочацца вярнуцца?

– У Мінск – гэта мой любімы горад. Я яго лічу сапраўды вельмі прыгожым. Я вельмі рада, што нарадзілася і жыву менавіта ў Мінску. І мне заўсёды хочацца сюды вяртацца. Вядома, еўрапейскія гарады прыгожыя, выдатныя. Але адзін з самых лепшых – Рым. У Парыжы я была даволі шмат, у мяне там ёсць любімыя месцы. Але на першым месцы ўсё роўна заўсёды будзе Мінск.

- Шмат хто кажа, што Мінску не хапае еўрапейскасці. Згодныя?

– Магчыма, тут менш гандлёвых цэнтраў, магазінаў, кафэ менавіта па цэнтральным праспекце. Усё глядзіцца спакойна. Але ў будучыні, думаю, гэта ўсё будзе з’яўляцца. Затое ў нас адзін з самых чыстых гарадоў, чым мы і ганарымся.

- Чым яшчэ займаецца Марына Арзамасава ў вольны час? Спіць?

– Спіць – гэта няправільна сказана. Ляжыць з адным закрытым вокам, спрабуе гуляць з дзіцём. У дачкі цяпер такі ўзрост, калі ёй пастаянна патрабуецца ўвага. У яе сто лялек, яна ўвесь час з імі гуляе, разыгрывае нейкія сцэнары, ёй патрэбныя партнёры для гульні. Ну і, вядома ж, у мяне маюцца звычайныя хатнія клопаты, якія ёсць у кожнай жанчыны.

- Хто гатуе – Вы ці муж?

– Не, не муж :) Хоць цяпер ён нешта захапіўся – на вячэру смажыць курынае філе. У яго вельмі добра атрымліваецца. Калі яму хочацца, ён сам ідзе ў краму, купляе філе і сам гатуе. Але ў асноўным гатую я. Хоць на сняданак муж дапамагае прыгатаваць пару бутэрбродаў і каву.

- Вам даводзіцца моцна абмяжоўваць сябе ў харчаванні?

– Вы ведаеце, не. Месяц-паўтара таму я нават спрабавала набраць трохі вагі, а то паездзіла па спаборніцтвах, схуднела зусім. Ды яшчэ да таго ж спякота была. Хацела набраць хаця б кілаграм. Налягала на вугляводы, мяса, піла два віды пратэіну. У выніку набрала 400 грамаў – лічы, нічога не змянілася. Так што абмяжоўваю сябе ў шкоднай ежы. Вельмі люблю Кока-Колу, але стараюся піць яе як мага радзей. Вось чыпсы таксама, напрыклад. Але ўсё ж такое любяць.

- Салодзенькае таксама...

– Гэта я магу сабе дазволіць. Адзінае – я не ем марожанае. А калі і ем, то толькі падагрэтае, каб горла не захварэла.

«За грошы зараз можна зрабіць усё»

- Неабходныя вітаміны Вы самі купляеце, ці забяспечваюць?

– У апошнія гады сітуацыя ў гэтым плане добрая. Міністэрства спорту і наша федэрацыя вылучаюць сродкі на фармакалогію – рэчы, якія прадаюцца ў аптэках. Але, вядома, даводзіцца многае дакупляць: спартовае харчаванне, БАДы. Сродкаў у гэта ўкладваецца шмат, але гэта інвестыцыя у сваё здароўе, свае вынікі. Проста нават для таго, каб быць бадзёрым, добра сябе адчуваць, мець здаровыя мышцы і суставы.

- Нашай фармакалогіі ўсё так жа далёка ды заходняй?

– Усё спартовае харчаванне, якое набываем, у асноўным еўрапейскай або амерыканскай вытворчасці. У нас пакуль такога няма. 

- А дастаць усё можна, толькі што за свае грошы?

– Так, усё можна набыць. Не заўсёды ў нашай краіне: вельмі часта купляем у Польшчы, у Маскве. Бывала, што муж збіраўся і ехаў у Маскву. За грошы цяпер можна зрабіць усё.

- У адной з публікацый прачытаў, што лёгкая атлетыка ў Беларусі з каралевы спорту ператварылася распусную жанчыну, прычынай чаму допінгавыя скандалы не такога даўняга часу. Што можаце сказаць з гэтай нагоды?

– Я ў роўнай ступені з іншымі спартоўцамі з усяго свету падпадаю пад кантроль антыдопінгавых службаў. Мы пастаўлены ў жорсткія рамкі – нам трэба сачыць за ўсім, што трапляе ў наш арганізм. Але, вядома, гэта крытыка з боку асабліва нашых айчынных СМІ вельмі непрыемная. Усе мы перажываем за спорт. І кожны спартовец укладае ўсю душу ў свае выступы. А калі актыўна крытыкуюць, то становіцца вельмі крыўдна.

- Ці падзейнічалі гэтыя допінгавыя скандалы на працу федэрацыі лёгкай атлетыкі?

– Перад кожнымі афіцыйнымі спаборніцтвамі мы здаем абавязковы хатні допінг-кантроль, каб выключыць якія-небудзь непрыемныя моманты. Наконт якіх-небудзь разглядаў або пераменаў я не ў курсе – гэта тычыцца кіраўніцтва федэрацыі. Усё, што патрабуецца ад спартоўца – выконваць патрабаванні допінгавых службаў і праходзіць допінг-кантроль.

- Лёгкай атлетыкай можна зарабіць?

– Вы ведаеце, можна. Калі спартовец паспяховы і ўдзельнічае ў розных спаборніцтвах. З афіцыйных стартаў аплачваецца толькі чэмпіянат свету. Алімпійскія гульні аплачваюцца дзяржавай, а чэмпіянат Еўропы не аплачваецца. Але ёсць этапы Брыльянтавай лігі, серыі спаборніцтваў Сусветнага выкліку, іншыя камерцыйныя старты. Паволі можна зарабіць. Аднак вельмі шмат укладваецца ў аднаўленне, фармакалогію. У прынцыпе, у нашай краіне таксама шмат багатых людзей: відаць, якія будуюцца дамы, жыллё дарагое ў краіне, шмат дарагіх машын. І гэта відавочна не спартоўцы. Людзі круцяцца. Кожны робіць тое, што можа.

- А як умовы для Вашай падрыхтоўкі ў параўнанні з Еўропай? Усё ёсць?

– Так. Я вельмі задаволена нашай трэніровачнай базай. Добрае пакрыццё. Праўда, трэба або трыбуну дадатковую пабудаваць, ці ж дрэвамі ўсё вакол засадзіць, а то вельмі ветрана. Тут у нас ёсць медыцынскі цэнтр, басейн, трэнажорная зала, лазня. База выдатная. Ды і ў гэтым годзе абяцаюць здаць новы манеж, выкананы па ўсіх еўрапейскіх стандартах.

- Апошняе пытанне. Гляджу, Вы татуіроўкі любіце.

– Так, яны мне падабаюцца на ўсіх, усюды і ў любой колькасці. Але я пакуль раблю іх патрошку – цішком ці ж гандлюючыся, дамаўляючыся. Муж кажа, што мне ўжо хопіць. Хоць ён сабе таксама зрабіў адну. Кажуць, з кім павядзешся... Але я ўсё зараз хаджу вакол яго: «ну давай зробім яшчэ адну». Але ён кажа, што мне ўжо дастаткова, а яму пакуль не хочацца.

- Вашы татуіроўкі нясуць нейкі сэнс, ці гэта проста ўпрыгожванне?

– Вядома, яны ўсе маюць сэнс. Хоць першапачаткова была ідэя проста мець татуіроўку, але не абы што ж трэба рабіць, а добра падумаць. Нічога проста так не робіцца.

Другие посты блога

Все посты