Крынж дня. Беларуская і расійскія жаночыя зборныя згулялі пад савецкімі назвамі – з якой нагоды і хто перамог?
«Поўнае пагружэнне ў атмасферу СССР».
10 жніўня з нагоды 100-годдзя расійскага валейбола ў Маскве адбыўся рэтра-матч паміж жаночымі камандамі Беларусі і Расіі, якія замест незалежных назваў краін выкарыстоўвалі савецкія, то бок, БССР і РСФСР. Гульня праходзіла на арэне «Дынама» і, як можна ўбачыць з відэа, якое размясціў рэжымны рэсурс sport5, не сабрала шмат гледачоў.
Тым не менш, арганізатары пахваліліся «поўным пагружэннем у атмасферу СССР». Вось што напісана пра матч на сайце Усерасійскай федэрацыі валейбола: «Мороженое детям вручали мороженщицы в кружевных наколках, в буфете наливали лимонад в знаменитые стаканы, расхаживали дружинники… Не хиты, а шлягеры; не ведущий, а диктор; не «Дорогие болельщики!», а «Уважаемые товарищи!»
Дзіва, але «дружыннікаў», «шлягеры» і дыктараў з «Уважаемые болельщики, просьба встать, звучит гимн...» дагэтуль прысутнічаюць на матчах футбольнай вышэйшай лігі Беларусі.
Але вернемся да валейбола. Самая заўважная рэтра-зачэпка, якую атрымалася адшукаць на гульні – стылізаваная рэтра-форма каманд-удзельніц. Беларускам нават не трэба было мяняць герб:
Таксама з савецкіх валейбольных атрыбутаў былі і старыя правілы, а менавіта:
1) гулялі пяць партый да трох перамог;
2) да 15-ці ачкоў (для перамогі розніца павінна складаць два ачкі);
3) набор ачкоў быў магчымы толькі на сваёй падачы;
4) дазволена блакаванне падачы;
5) забаронена гульня часткамі цела ніжэй пояса.
6) без лібера.
У выніку перамогу атрымала, сюрпрыз-сюрпрыз, «каманда РСФСР» – 3:0 (15:4, 15:7, 15:6). Але памятныя медалі атрымалі валейбалісткі абедзвюх зборных:
«Back to USSR» адбудзецца і з мужчынскімі зборнымі – матч пройдзе 30 жніўня там жа, на валейбольнай арэне «Дынама» ў Маскве.
А як вы ставіцеся да такіх праяў суму па савецкіх часах?