Tribuna/Футбол/Блоги/Ultra-Music/Песні пераможцаў. Якая музыка пасуе чвэрцьфіналістам ЧС

Песні пераможцаў. Якая музыка пасуе чвэрцьфіналістам ЧС

Напярэдадні гульняў ¼ фінала чэмпіяната свету па футболе Ultra-Music прапаноўвае альтэрнатыўныя гімны каманд, якія будуць змагацца за выхад у паўфінал.

Блог — Ultra-Music
Автор — zanykyle
3 июля 2014, 13:15
3

Напярэдадні гульняў ¼ фінала чэмпіяната свету па футболе Ultra-Music прапаноўвае альтэрнатыўныя гімны каманд, якія будуць змагацца за выхад у паўфінал. 

Бразілія

За альтэрнатыўны гімн гаспадароў чэмпіяната адказныя еўрапейцы — галандская поп-каманда з 90-х Vengaboys. Песню «Aquarela do Brasil» напісаў адзін з самых яркіх кампазітараў Бразіліі Ары Бароза ў далёкім 1939 годзе. Версія Vengaboys упершыню выйшла як сінгл у 1997, але спецыяльна да мундзіаля галандцы перазапісалі песню нанова і знялі, бадай што, лепшы кліп на свеце.

Калумбія

Бясконцыя канфлікты за ўладу ўнутры краіны, магутныя злачынныя кланы, грамадзянскія войны — дзясяткі год Калумбія не бачыла светлых дзён. Каб расказаць усяму свету пра свае надзеі на лепшы лёс, музыкі з усёй Калумбіі з’ядналіся і разам выканалі песню Карласа Вівеса «La Tierra Del Olvido» («Зямля забытых»). Магчыма, і футбольная зборная краіны – зорная, яркая як ніколі — можа сваімі перамогамі з’яднаць Калумбію і прынесці людзям кавалак шчасця? Сіла ў еднасці — «Лос Кафетэрос» гэта дакладна ведаюць. Так, Фалькао на чэмпіянат не паехаў — але гэта не страшна. Шакіра да суайчыннікаў таксама вось не далучылася — і нічога.

Нідэрланды

Рок-н-рол эйндховенскага гурта Peter Pan Speedrock хуткі, нібы Ар’ен Робэн, і магутны, як удар Уэслі Снэйдэра. Спевамі «We Want Blood» энергічныя галандскія фанаты змогуць папулярна распавесці сваім любімцам пра тое, што «аранжавым» ужо даўно трэба хоць разок выйграць чэмпіянат свету.

Коста-Рыка

Вядомы на сваёй радзіме костарыканскі гурт Gandhi у 2002 годзе запісаў выдатны гімн для каманды. Чым выдумляць альтэрнатыўныя, нагадаем вам колішні афіцыйны. Хлопцы спяваюць пра мары аб вялікіх чэмпіёнствах, пра тое, што Коста-Рыка — мірная краіна без футбольных войнаў, дый пра тое, што футбол тут — свята. Між тым, Коста-Рыка — самая шчаслівая краіна на свеце згодна з Міжнародным індэксам шчасця. Уяўляеце сабе, як усё чатырохмільённае насельніцтва будзе адрывацца, калі каманда вернецца з медалямі?

Аргенціна

Спонсар гімна для аргенцінскай каманды — міжнародная анархічная групоўка Mano Negra. Нічога страшнага, што словы песні на французскай мове: футбол, як вядома, аб’ядноўвае. «Святы Марадона, маліся за мяне», спявае Ману Чао разам са сваёй каляровай кампаніяй; нагадаем, менавіта Марадона з капітанскай повяззю на плячы вёў сваю каманду да перамогі на мундзіалі-86 — апошнім, які выйгралі аргенцінцы. Хуліганская песня выглядае куды больш дынамічна, чым гульня «альбіселестэ» на чэмпіянаце, але ў каманды яшчэ ёсць час, каб выправіць гэту неадпаведнасць.

Бельгія

Гурт The Black Box Revelation з Дзілбека, нягледзячы на юны ўзрост удзельнікаў, ужо паспеў зарабіць шмат пазітыўных рэцэнзій і распачаць свой шлях да захопу сусвету. Акурат тое ж самае можна сказаць пра зборную Бельгіі. Сіла бельгійцаў, канешне, у маладосці — яркай і гарачай, нібы агонь. «Гэтым разам я не магу спыніцца», — спявае юны вакаліст BBR Ян. Здаецца, бельгійцы толькі пачынаюць разганяцца — і спыняцца ім не хацелася б аж да самага фінала. Не дарэмна ж краіна чакала 12 год!

Францыя

Радыё-дыджэй, комік і спявак Себасцьян Патош, Глорыя Гейнар у мужчынскім абліччы, прапанаваў сваю правакацыйную песню «On Va La Foutre Au Fond» («Мы збіраемся скончыць глыбока») ў якасці афіцыйнага гімна зборнай Францыі на гэтым чэмпіянаце, але яго варыянт не быў прыняты. Песня выдатная, таму мы выпраўляем несправядлівасць.

Германія

І напрыканцы — хвілінка афіцыйнасці ў нашым альтэрнатыўным спісе. Гімн нямецкай зборнай для ЧС-14 выконвае тэлевядучая і актрыса Мэлані Мюллер, больш вядомая дзякуючы нямецкаму тэлеканалу Blue Movie пад імем Scarlet Young. Як вядома, большая частка футбольнай аўдыторыі — мужчыны; у святле гэтага факта ідэя запрасіць для выканання гімна зборнай актрысу, папулярную якраз пераважна сярод мужчынскай аўдыторыі, здаецца нам бліскучай. «Давай, Германія, забі гол» — афіцыйны гімн зборнай Германіі на чэмпіянаце ад жанчыны з футбольным прозвішчам.