Tribuna/Футбол/Блоги/Звязда/«Ратуюць зборы і раз’езды, якія дазваляюць эканоміць». Дзяніс Осіпаў – пра беларускі фрыстайл

«Ратуюць зборы і раз’езды, якія дазваляюць эканоміць». Дзяніс Осіпаў – пра беларускі фрыстайл

Карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з вядомым беларускім фрыстайлістам Дзянісам ОСІПАВЫМ пра спорт, экстрым, сям’ю і рыбную лоўлю.

Блог — Звязда
Автор — Звязда
18 марта 2015, 12:22
2
«Ратуюць зборы і раз’езды, якія дазваляюць эканоміць». Дзяніс Осіпаў – пра беларускі фрыстайл

Дзяніс ОСІПАЎ — апошні з магікан зборнай Беларусі па фрыстайле. Ён выступаў за нацыянальную каманду поплеч са славутымі Аляксеем Грышыным, Дзмітрыем Дашчынскім, Антонам Кушнірам і Алай Цупер. Летам яму споўніцца 32, і ён самы вопытны спартсмен у зборнай. Праўда, Дзяніс у пашпарт не глядзіць і кар’еру завяршаць не плануе. Нядаўна заваяваў «бронзу» ў акрабатыцы на этапе Кубка свету ў Раўбічах і збіраецца пазмагацца за ўдзел у зімовай Алімпіядзе, якую праз тры гады прыме карэйскі Пхёнчхан. А пакуль ёсць вольная хвіліна, дае змястоўнае інтэрв’ю карэспандэнту «Звязды».

 

Для мяне падобная ўзнагарода значыць многае, — прызнаецца Дзяніс. — І, па вялікім рахунку, хатні этап Кубка свету быў, як Алімпійскія гульні: не хацелася ўдарыць тварам у гразь, было вялікае жаданне заняць прызавое месца. І я рады, што так і атрымалася.

Асабліва перад стартам не хваляваўся. Мяне крыху бянтэжыла надвор’е, але я стараўся не думаць аб ім. На маёй памяці гэта ўжо не першы выпадак, калі з-за ўмоў спаборніцтвы былі пад пагрозай зрыву. На адным з этапаў, на поўначы Канады, перад пачаткам спаборніцтваў адмянілі трэніроўкі. Прыйшлося скакаць без падрыхтоўкі. Слой снегу быў мінімальны. У некаторых месцах з’явіліся лужы і туман. Пайшоў дождж. Праўда, арганізатары выкруціліся і правялі этап на належным узроўні. Адрозненне ад раўбіцкага этапа ў тым, што ў Канадзе ляжаў натуральны снег, а ў нас з-за цёплай зімы ўпор зрабілі на штучны. Апошні этап Кубка свету Раўбічы прымалі тры гады таму. За гэты час шмат што змянілася. У нас з’явіліся новыя трампліны, абсталявалі судзейскі домік. І цяпер туды пагрэцца могуць зайсці не толькі суддзі, але і спартсмены.

* * *

Хатні этап Кубка свету ў Раўбічах — гэта нешта сваё, не падобнае да іншых спаборніцтваў. На некаторыя этапы прыходзіць мала гледачоў. А ў нас за скачкамі сачыла шмат балельшчыкаў. Сярод іх, дарэчы, было багата сваякоў фрыстайлістаў. Мяне прыехалі падтрымаць мае сябры і жонка. Прысутнасць іх на трыбунах прыдавала мне ўпэўненасці.

* * *

— Фрыстайлістам больш камфортна выступаць увечары. У дрэннае надвор’е не так проста прызямліцца. А пры святле пражэктараў вельмі добра відаць на схіле ўсе грудкі. Пры палёце ты арынтуешся на іх і можаш добра выканаць прызямленне.

* * *

— Спортам пачаў займацца з першага класа. Да нас у школу прыходзілі спецыялісты з розных секцый, гурткоў, глядзелі на фізічныя здольнасці, прасілі, каб падцягнуўся некалькі разоў, адціснуўся, і пакідалі свае візітоўкі. Я назбіраў поўную кішэню гэтых «талонаў» па розных відах спорту. Гімнастыка, акрабатыка, вырашыў паспрабаваць сябе нават у музыцы. Мне, малому, хацелася паўсюль паўдзельнічаць. Але разам з маці спыніліся на гімнастыцы, бо калі трэнер Мікалай Якаўлевіч Котаў завёў мяне на батут, ён мне здаўся нечым касмічным, нерэальным.

* * *

— У фрыстайле апынуўся ў 1999 годзе. Дагэтуль я не ведаў нічога пра гэты спорт. У навінах па тэлебачанні неяк глядзеў, як спартсмен выконвае скачок, і быў літаральна шакіраваны ўбачаным. Я ведаў, што такое сальта, што такое вярчэнне, але ніяк не мог зразумець, як гэта ехаць на лыжах, а пасля рабіць адважны скачок з трампліна. Думаў, гэтыя людзі вар’яты. А ў выніку сам стаў адным з іх.

* * *

— Фрыстайлісты самі па сабе даволі экстрэмальныя людзі. Цалкам бясстрашным сябе не назаву, але экстрым зацягвае. І ўвесь час хочацца чагосьці новага. Я некалькі разоў скакаў у Гомелі на вяроўцы з моста. А пасля Алімпіяды ў Ванкуверы, дзе перамогу здабыў Лёша Грышын, нашы хлопцы ездзілі на аднаўленчыя зборы на Кубу і скочылі з парашутам. Знаходзіліся ў свабодным падзенні 45 секундаў. Зразумела, рабілася гэта разам з інструктарам, але ўсё роўна было прыемна. Я таксама хачу зрабіць нешта падобнае, аднак не маю пакуль на гэта магчымасці.

* * *

— Мой родны Гомель у нечым стаў культавым горадам для беларускага фрыстайла. Менавіта туды з Украіны пераехаў шэраг спартсменаў. Сярод іх былі трэнер Наталля Шарснёва і Ала Цупер. З украінцаў у горадзе ўсё і пачалося. Да іх фрыстайлам там ніхто не займаўся.

* * *

— Я жыў у Гомелі ў раёне «Сельмаш». І нічога крымінальнага пра яго сказаць не магу. Магчыма, нехта і мае пра яго злачынныя гісторыі, хадзіў туды, куды не трэба было. У маім дзяцінстве спорт займаў увесь час. На астатняе яго не хапала. У нас нават летніх канікул у звычайным разуменні не было.

* * *

— Атрымліваецца, што я сапраўды «апошні з магікан» у зборнай. Усе хлопцы з былой каманды кар’еру закончылі. Толькі Антон Кушнір на пэўны час узяў тайм-аўт, але плануе аднавіць кар’еру. Усе таварышы па сённяшняй камандзе маладзейшыя за мяне на 5-10 гадоў. Але я не стаўлюся да іх, як да малодшых. У калектыве ўсе размаўляюць на роўных. Кожны мае сваё слова. Атмасфера ў зборнай добрая.

* * *

— Планую яшчэ як мінімум тры гады выступаць на высокім узроўні. Хочацца прабіцца на Алімпіяду. А тады і пабачым, што будзе далей. У сваёй кар’еры я пакуль толькі аднойчы ўдзельнічаў у Гульнях (у 2014 годзе ў Сочы. — Аўт.). Тады перад стартам склалася цікавая сітуацыя. У нашай зборнай было 6 хлопцаў, і толькі 4 з іх маглі трапіць у заяўку на Алімпійскія гульні. Антон Кушнір, Аляксей Грышын і Дзіма Дашчынскі адабраліся па рэйтынгу, а паміж мной і Максімам Гусцікам праходзілі цяжкія, напружаныя спаборніцтвы за апошнюю пуцёўку. У выніку выбралі мяне. Безумоўна, Максім засмуціўся, але нічога, ніякіх крыўдаў няма. Мы кантактуем і цяпер. У камандзе, паўтаруся, пануе шыкоўная атмасфера. А для мяне ўдзел на Алімпіядзе стаў ажыццяўленнем мары. Я доўга ішоў да яе, двойчы не адбіраўся, саступаў месца Цімафею Сліўцу. Дэпрэсіі з-за гэтага ў мяне не было. Ставіўся да падобнага па-філасофску. Прымаў, як ёсць. Значыць, так трэба было.

* * *

— Поспехі Антона Кушніра і Алы Цупер на Алімпіядзе для мяне нечаканасцю не сталі. Ад Антона я ў любым выпадку чакаў медаль. На той момант ён дэманстраваў проста ідэальныя скачкі. Ад іх вока радавалася! Гэта тычыцца і Алы. На яе таксама ўскладваліся задачы. Бо ўсе ведалі, што яна здольная на добры вынік.

* * *

— У мяне няма любімых скачкоў. Усе яны аднолькавыя. Проста трэба ставіцца да іх з усёй адказнасцю.

* * *

— За кароткі адрэзак часу падчас палёту можна абдумаць усё, што заўгодна. Я нават сам задаюся пытаннем, як гэта магчыма? Часам наогул здаецца, што гэтыя некалькі секундаў цягнуцца для цябе ўсе паўгадзіны.

* * *

— Са сваёй жонкай Сабінай я сустрэўся чатыры гады таму, а праз два гады мы пажаніліся. Яна таксама з Гомеля, але наша знаёмства не мае ніякага дачынення да спорту. Мы пазнаёміліся ў коле сяброў. Па адукацыі яна эканаміст, але яшчэ выкладае ёгу. Праўда, цяпер яна ў адпачынку па доглядзе дзіцяці. Роўна год таму ў нас нарадзіўся сын, якому далі імя Мірон.

* * *

— Пасля Алімпіяды я стаў зарабляць у два разы менш, і фінансавая сітуацыя пачалася адбівацца на маім жыцці. Ратавалі пастаянныя зборы і раз’езды, якія дазвалялі эканоміць. Заробак амаль цалкам ішоў на аплату арэнды кватэры. Але дзякуй гаспадыні, у якой мы здымаем жытло. Яна разумее агульнае становішча і бярэ з нас разумныя грошы.

* * *

— Люблю вудзіць рыбу. Любую. Галоўнае, каб яна добра бралася. А ўсё пачалося з дзяцінства, калі мяне да гэтага прывучыў дзядуля. Я даволі актыўна рыбачыў на зборах. Разам з Максімам Гусцікам пастаянна вудзілі рыбу ў Швейцарыі. Лавілі ўсё: і плотку, і ляшча, і акуня…Часам нават смажылі, але найчасцей адпускалі ўлоў назад у вадаём. Між іншым, большасць людзей вудзяць там выключна дзеля спартыўнага інтарэсу, дзеля расслаблення.

* * *

— Беларусь у фрыстайле — адна з самых перспектыўных і паспяховых краін. У медальным заліку ў сусветным рэйтынгу, калі не памыляюся, мы займаем другое месца. Унікальны цэнтр фрыстайла, які павінны неўзабаве адкрыць у Мінску, палепшыць нашу падрыхтоўку скачкоў, якасць выканання.

— Ён з’явіўся своечасова?

— Безумоўна, было б лепш, каб ён з’явіўся ў нас раней. Мы б толькі лепш падрыхтавалі праграму. Галоўнае, што завяршылі будаўніцтва, распачатае пасля Алімпіяды ў Ванкуверы ў 2010 годзе.

* * *

— Мне ніколі не прапаноўвалі пераехаць і выступаць за іншую краіну. Але мне гэтага і не трэба. Мне за нашу зборную прыемна выступаць.

Фота Аляксандра Шаблюка і Надзеі Бужан.

Лучшее в блогахБольше интересных постов

Другие посты блога

Все посты