Все новости

Акцёр Павел Харланчук-Южакоў: «Радзівонаў тлумачыў, чаму не паехаў гуляць у Расію. Яму не спадабалася, што там вельмі шмат размоў пра грошы»

12 апреля 2018, 18:17

Знакамiты беларускі акцёр Павел Харланчук-Южакоў рассказаў пра знаёмства с былым нападаючым БАТЭ Віталём Радзівонавым.

– Я неяк пазнаёміўся з Віталём Радзівонавым. Ён прыйшоў на спектакль, а пасля мне паведамілі, што ён у адказ запрашае купалаўцаў на футбол. Здаецца, гэта быў матч БАТЭ з брэсцкім «Дынама». Паехалі я і Лёша Яравенка, які зараз працуе ў Кіеве. Мы сядзелі ў VIP-ложы, і, як нам пасля сказалі, Капскі быў вельмі незадаволены тым, што мы падтрымлівалі не толькі БАТЭ, але і брэсцкую каманду. Хаця я, безумоўна, заўзеў за каманду Радзівонава. Наступным разам мы ў ложы ўжо не сядзелі.  Пасля таго матчу мы падышлі адно да аднаго і пагаварылі. Я яму падарыў паветра Купалаўскага тэатра.

– Як гэта?

– У нас прадаюцца адмысловыя колбачкі, у якіх нібыта змешчана паветра тэатра. Пасля гэтага Віталь неяк хадзіў у тэатр, сядзеў на мыліцах каля маёй маці. Мы перазвоньваліся. І ўвесь гэты час размаўлялі з Радзівонавым выключна па-беларуску. Спачатку ён даволі сціпла гаварыў, а пасля ўсё пайшло – мы пісалі адно аднаму зычанні на мове ў вайберы і жадалі поспехаў. Я толькі не пісаў яму пасля таго, як ён завяршыў кар’еру. Бо не ведаў, віншаваць яго з гэтым ці не. Ён мне вельмі падабаецца як чалавек. Я вось што зачапіў з адной з нашых размоў. Віталь тлумачыў, чаму не паехаў гуляць у Расію. Яму не спадабалася, што там вельмі шмат размоў пра грошы. Заканчваецца трэніроўка ці матч і людзі толькі і абмяркоўваюць, у які клуб пайсці. Маўляў, пустэча.

– Я ведаю, што вы неяк абменьваліся з ім квіткамі. Ён даваў вам білеты на еўракубкавыя матчы, а вы – ў тэатр. Як думаеце, хто атрымаў больш задавальнення – вы ці Віталь?

– Напэўна, я. На матчы БАТЭ з «Ромай» была цудоўная атмасфера. Хаця Віталь таксама хадзіў на неблагія спектаклі. Напрыклад, на «Офіс». За гэты спекталь рэальна не сорамна. Мы над ім шчыра працавалі. Шчыра – не вельмі люблю гэтае слова, але ўсё роўна яго выкарыстаў, – сказаў Харланчук-Южакоў.