Все новости

Валерый Ісаеў: «У мяне час ад часу ўзнікае адчуванне, што Базанаў узначаліў федэрацыю толькі дзеля таго, каб хадзіць бясплатна на матчы»

17 декабря 2020, 11:01
3

Футбольны агент Валерый Iсаеў паразважау наконт таго, што дало беларускаму футболу правядзенне чэмпіянату у перыяд пандэміі каронавіруса.

– Праз каранавірус спыніліся ўсе футбольныя турніры ў Еўропе, акрамя беларускага. Як вы паставіліся да таго, што ў нашай краіне гуляць працягвалі?

– Варта прызнаць, што футбольная грамадскасць на нашым прыкладзе ўбачыла, што падчас пандэміі чэмпіянат можа працягвацца. І, безумоўна, мы згулялі пэўную ролю ў тым, каб чэмпіянаты ў іншых краінах у пэўны момант аднавіліся. Не буду хаваць сваю эгаістычную пазіцыю. Для мяне як для заўзятара, а не менеджара, гэта быў плюс. Футбалісты і гледачы тады не хварэлі, можна было гуляць. Зараз не магу сказаць, ці правільнае прынялі тады рашэнне. Мы не ведаем сапраўдную карціну захворвання на каранавірус і колькасць смяротных выпадкаў. З іншага боку, паўтаруся, на нашым прыкладзе сусветнае футбольнае і спартыўнае грамадства ўбачыла, што можна праводзіць спаборніцтвы з улікам жорсткіх мер бяспекі.

У нашых чыноўнікаў, безумоўна, сваё стаўленне да пандэміі. Я глядзеў выступленні міністра аховы здароўя, і ніколі ад яго не чуў спачуванняў медыкам і родным памерлых ад кавіду. А ў інтэрнэце неяк ўбачыў відэа, на якім іспанскі чыноўнік зачытваў спісы памерлых дактароў і медсёстраў, якія паклалі свае жыцці на барацьбу з гэтай хваробай, і гэта было вельмі кранальна. Але мы нават у падобнай сітуацыі не можам зрабіць правільныя высновы. Праз каранавірус у Беларусі памерла шмат футбольных людзей. Напрыклад, старшыня наваполацкага «Нафтана» Леанід Падліпскі і былы трэнер гродзенскага «Нёмана» Сяргей Няфёдаў. Аднак кіраўнік футбольнай федэрацыі Уладзімір Базанаў заяўляе, што галоўным дасягненнем сёлета стала тое, што беларускі чэмпіянат праз пандэмію не спынілі. Шчыра кажучы, калі і вешаць камусьці «ордэн» за гэта, дык дакладна не кіраўнікам федэрацыі. Мы ведаем, што не яны прымалі рашэнне, працягваць чэмпіянат ці не. Зараз не тая сітуацыя, каб падобным наогул можна было б ганарыцца. І калі ты ўжо прыгадаў вірус, дык можна было прыгадаць тых, каго праз гэтую заразу няма з намі, і ўшанаваць іх памяць хвілінай маўчання. Ну ў нас ставяцца да падобнага вось так. Мы будзем ганарыцца тым, што нам тэлефанавалі з УЕФА, казалі, што мы малайцы, а смерць абсалютна здаровага Падліпскага не такая істотная ў агульных працэсах. Але я стаўлюся інакш. Што здарылася цудоўнага, калі мы падчас каранавіруса працягвалі чэмпіянат? Ці з’явіўся інтарэс новых інвестараў да клубаў і ліг? Ці пачалі мы будаваць эканомныя і кампактныя стадыёны ў гарадах? Ці лепш стала прадавацца атрыбутыка клубаў? Ці ўзмацніўся інтарэс да нашых футбалістаў за мяжой? Не. Мы зрабілі добрую справу для футбольных аматараў з розных краін, бо не было чаго глядзець, але ж сёння пра нас нават не ўзгадваюць.

– Базанаў лічыць, што наш чэмпіянат паказалі па расійскім тэлеканале «Матч ТБ» — і гэта файна.

– Але што гэта дало нашаму першынству? Мы проста ўпэўніліся ў тым, што на наш чэмпіянат нішто не можа паўплываць і ён будзе праводзіцца пры любых умовах.

Футболам трэба займацца інакш. Кіраўнік федэрацыі кажа, што зборная ў 2020-м выступіла нармальна, і асноўны крытэрый у ацэнцы трэнерскага штаба нацкаманды, на яго думку, было тое, што яны наведвалі матчы чэмпіянату Беларусі. Паслухай, а што яшчэ рабіць трэнерам?! Базанаў, дарэчы, таксама ездзіў на гэтыя матчы. І гэта, відаць, добра, бо ён цікавіцца футболам, але ў мяне час ад часу ўзнікае адчуванне, што ён узначаліў федэрацыю толькі дзеля таго, каб хадзіць бясплатна на матчы. А кіраўнік федэрацыі мусіць займацца зусім іншым – шукаць новыя крыніцы для фінансавання зборнай і клубаў, ствараць умовы, каб футбол станавіўся больш прывабным для інвестараў і партнёраў, – сказаў Iсаеў.