Tribuna/Футбол/Блоги/У Беларусі з'явіліся сексоцкія фан-сектары: сілавікі дапамаглі ў афармленні, старыя ультрас называюць іх імбецыламі

У Беларусі з'явіліся сексоцкія фан-сектары: сілавікі дапамаглі ў афармленні, старыя ультрас называюць іх імбецыламі

7 января, 00:16

Такога ў нас яшчэ не было.

Суцэльны байкот, распачаты яшчэ ў 2021 годзе, пазбавіў беларускія футбольныя клубы ультрас. Актыўныя прыхільнікі не пакінулі стадыёны «Крумкачоў», «Юні», «Макслайна» (яшчэ ў часы рагачоўскай прапіскі), але класічнымі фанатамі яны ніколі сябе не пазіцыянавалі. Напярэдадні фінала Кубка-2021 адмовіцца ад ігнаравання матчаў вырашылі заўзятары «Іслачы».

Сітуацыя ў вышэйшай лізе змянілася ў 2023-м: людзей, якія спрабавалі зладзіць актыўную падтрымку, заўважалі, прынамсі, на матчах менскага і брэсцкага «Дынама», «Гомеля», БАТЭ і «Белшыны». Вылучэння з гэтага шэрагу заслугоўвае сітуацыя ў горадзе над Сожам. Гомельскія фанаты новай хвалі нібыта атрымалі непублічны дазвол на падтрымку ад лідараў старога руху, якія, аднак, так і не абвесцілі пра адмову ад байкота шырокім колам.

Часцей за ўсё фанаты з'яўляліся ў абодвух «Дынама». Іхная арганізаванасць падкрэслівалася не толькі колькасцю, але і візуальным афармленнем.

Актыўныя заўзятары мінскага «Дынама» збіраліся ў сектар амаль на кожным матчы каманды – выправы не былі выключэннем. Прычым часам для паездак у іншыя гарады клуб упершыню за некалькі гадоў ладзіў аўтобусы. Дармовымі яны былі толькі на чэмпіёнскую гульню ў Бабруйску, а з'ездзіць, прыкладам, у Наваполацк каштавала 45 рублёў.

Дынамаўскія фанаты рэдка збіраліся ў колькасці, большай за 100 чалавек, аднак часта такой наведвальнасцю адрозніваўся і сектар апошніх перадбайкотных гадоў. А на хатняй гульні з БАТЭ новыя ультрас наогул налічылі 350 заўзятараў, але лічба выклікала справядлівыя сумневы.

Наяўнасць некалькіх банераў падказвала, што на сектары знаходзяцца іх гаспадары. Старыя фанаты «Дынама» сапраўды пазнавалі на фота з матчаў некаторых сваіх знаёмых, але дадавалі, што аўтарытэтам у руху яны не карысталіся. Большасць жа, відавочна, складалі падлеткі і маладзёны.

Новыя гаспадары трыбуны намагаліся падкрэсліць пераемнасць з таварышамі ў класічным стылі афіш, афармленні відэа музыкай дынамаўскага фаната-рэпера Lil'Fill (цяпер ён знаходзіцца на эміграцыі). Прычым у відэасправаздачы з Бабруйска выкарысталі ягоны трэк «Футбол без мусоров», у якім гучыць забароненая абрэвіятура A.C.A.B. У Беларусі яе яшчэ да 2020 года прызналі экстрэмісцкай – за выкарыстанне пагражае да 15 содняў. Пры жаданні рэжымныя сілавікі могуць убачыць ў гэтым і распальванне варожасці ў дачыненні сілавікоў, што ўжо трапляе пад артыкул 130 Крымінальнага кодэксу.

Суполка новых фанатаў ва «Вконтакте» налічвае больш за 130 чалавек. У ёй збіралі заўякі на месцы ў выязных аўтобусах і нават анансавалі продаж сцікераў. На чэмпіёнскім матчы ў Бабруйску, а таксама пасля заключнай гульні сезону з «Тарпеда» «ультрас» выкарыстоўвалі піратэхніку. За гэта ў Беларусі 2010-х фанатаў затрымлівалі, а пасля штрафавалі ці адпраўлялі на содні, калі толькі пра «піра» афіцыйна не дамаўляліся з сілавікамі і федэрацыяй.

Лідары дынамаўскага руху тры разы за сезон адмяжоўваліся ад новых фанатаў, называючы іх смеццем і намякаючы на іхную супрацу з сілавікамі. Ультрас папярэджвалі, што за гэтыя ўчынкі ім калісьці давядзецца адказаць. «Будзьце пільныя, не апускайцеся да масы нікчэмнасцяў, якія завуць сябе «цяперашнім Двіжам». Двіж – гэта Мы, гэта кожны з Вас ганарлівых і непахісных, непадкупных фэнаў! «Дынама» - гэта мы! Жыве Беларусь!» – пісалі лідары дынамаўскага руху.Але галоўную праграмную заяву зрабілі амаль праз месяц пасля сканчэння чэмпіянату – 28 снежня.

Некаторыя заўзятары «Дынама» здзівіліся, ўбачыўшы ў трансляцыі чэмпіёнскага матчу ў Бабруйску банер «Минчане». Ён не належаў камусьці асабіста, а быў адным з тытульных банераў руху. Таямніцу зруйнавалі проста: «Минчане» знаходзіліся ў адмысловай каморы з фанацкай маёмасцю. Ключ ад яе канфіскавалі сілавікі пры адным з ператрусаў, а пасля, відаць, перадалі лідару новых фанатаў.

Дынамаўскія фаны падкрэслілі, што маглі б знайсці паразуменне са сваімі нашчадкамі, калі б іхнае з'яўленне было незалежным і хаця б з зародкам ідэалогіі супраціву. Але гэтых «ультрас» яны назвалі прадуктам працы «чэкістаў з кдб з маладым складам гупобікаў», а лідара – «несусветным ідыётам».

Відаць, падобны фінт правярнулі і брэсцкія сілавікі. Там фан-сектар таксама «знайшоў» старыя банеры і барабан, а яшчэ ўвёў белы дрэс-код, што і раней рабілі ультрас абодвух «Дынама». Лідары руху адрэагавалі, як і менскія пабрацімы.

«Людзі, якія заклікаюць у апошнія тыдні да актыўнай падтрымкі як на хатніх, так і на выязных матчах, расцэньваюцца фанатамі «Дынама-Брэст» няйначай як правакатарамі ці імбецыламі», – адзначылі брэсцкія фанаты ў сваёй заяве ў верасні.

Пры гэтым фанаты менскага і брэсцкага «Дынама», відаць, больш за іншыя рухі пацярпелі ад рэпрэсій сілавікоў пасля 2020 года. Таксама менавіта яны яшчэ з 2014-га вылучаюцца сярод іншых беларускіх ультрас па колькасці добраахвотнікаў на вайне ва Украіне.

З'яўленне сексоцкіх сектараў менавіта ў Менску і Брэсце тлумачыцца перш за ўсё памерам рухаў. Ультрас абодвух «Дынама» ў Беларусі заўсёды лідыравалі па колькасці, таму і ў часы байкоту прага да каляфутбольнай культуры сярод мясцовых заўзятараў застаецца найвялікшай. А попыт нараджае прапанову, якую і далі ім сілавікі са сваімі сэксотамі. Ці чакаць новую хвалю «фанатаў» у 2024-м?

Пакуль жа канстатуем: беларускія сілавікі ўпершыню дадумаліся да сексоцкіх фан-сектараў.

Фота: «Дынама-Менск», brestfans98/Instagram

Лучшее в блогах
Больше интересных постов