Все новости

Лявон Вольскі: «Пры іншай уладзе ЧС, канешне, правядуць. Нам жа пасля гэтай улады застанецца ўсё гэта багацце: лядовыя палацы, уся хакейная інфраструктура»

21 января 2021, 08:31

Беларускі музыкант Лявон Вольскі выказаўся наконт ЧС-2021, які быў павінны адбыцца ў Мінску.

- Некаторыя аналітыкі лічаць, што чэмпіянат свету трэба было правесці, бо гэта дазволіла б прыцягнуць больш увагі да праблем Беларусі падчас турніру.

– Ай, давайце мы не будзем аналітыкамі такімі. Я тут некампетэнтны, яшчэ раз паўтаруся… Як вырашыла асацыяцыя, так і… Гэта ейнае права, яны вырашалі, давайце проста згаджацца. Я раю таксама нашым аматарам хакея, якія ўсім гэтым кіруюць, таксама з гэтым пагадзіцца, а не ўстройваць тут паказальныя рэпрэсіі ў адказ.

- Праўладныя Telegram-каналы пісалі, што раней ЧС быў стрымліваючым фактарам, а цяпер чакайце сапраўдных рэпрэсій.

– Ніякіх стрымліваючых фактараў я не заўважыў у рэпрэсіях, якія былі, і хай гэта застанецца на сумленні гэтых праўладных каналаў, якія пішуць гэта. Ім усё залічыцца, што яны пішуць, у рэшце рэшт.

- Ці чыталі рэакцыю расiйскіх чыноўнікаў на перанос чэмпіянату? Яны абараняюць турнір ў Мiнску, быццам гэта ў іх забралі  чэмпіянат.

– Вельмі сумна за гэтым назіраць наогул: і за пазіцыяй, і за паводзінамі расiйскіх чыноўнікаў, лепей на гэта не глядзець.

- Ці можа наша зборная байкатаваць турнір?

– Ужо казалі функцыянеры, што ўсё роўна паедуць, але, мне здаецца, 50 на 50, мне здаецца, калі ўсё вырашае адзін чалавек, то ў яго можа проста штосьці перакруціцца чарговым разам у галаве, і ён скажа: «Не і ўсё. Не паедзем». Тады не паедуць. Тут усё залежыць ад капрызу адной асобы.

- А ці можа Лукашэнка правесці які-небудзь турнір,  альтэрнатыўны чэмпіянату свету?

– Канешне, можа. Можа правесці. Я думаю, што якія-небудзь чэхі могуць прыехаць – ветэраны. Латышы ўжо не прыедуць дакладна, Сербія вось не гуляе ў хакей, но, можа быць, можна знайсці нейкую брыгаду аматараў. Можна правесці.

- На мінулым тыдні ў Мiнск прыязджаў Фазэль. Як вам гэты візіт: гэтыя абдымашкі, сэлфі?

– Фазэль выглядаў разгубленым і такім прыгнечаным. Тым больш ён яшчэ потым сказаў, што вось, мне казалі, што гэтыя фотаздымкі нікуды не пойдуць у прэсу, а яны пайшли. Ну гэта ўжо смешна – давайце я з вамі сфоткаюся, але вы толькі гэта нідзе не давайце. Быццам ён не разумеў, з кім ён размаўляе. Што ў людзей зусім няма ніякага… Яму сказалі: «Ды канешне, канешне, Рэнэ». Абсалютна зразумела, што яны свае словы трымаць не будуць.

Ён выглядаў зусім не харызматычным у гэтай сітуацыі, а наадварот. Мне здаецца, што ён вельмі шкадуе, што чэмпіянат усё ж такі не прайшоў у Менску, што ў ніх былі нейкія дамовы, пра якія мы не ведаем, але ж усё пайшло не так, і ён вельмі шкадуе. Як і шмат хто з еўрапейскіх, дарэчы, функцыянераў таксама шкадуюць, што такая сітуацыя здарылася, што раней усё было быццам бы пад кантролем, а цяпер вось так вось, і такая халодная вайна, а яшчэ ж нядаўна, два гады таму, усё ж было так ціха, мірна. Хаця ў нас нічога мірнага не было – таксама людзей саджалі, бралі ні за што, знявольвалі, толькі маштабы былі не тыя, таксама і білі, толькі не проста на вуліцы, а там, калі ўжо забіралі.

- Фазэль кажа, што хутка правядзе ЧС у Беларусі, калі ўсё супакоіцца. Як разумееце, пры Лукашэнку такое будзе магчыма?

– Пры іншай уладзе, канешне, правядуць. Нам жа пасля гэтай улады застанецца ўсё гэта багацце: лядовыя палацы, уся хакейная інфраструктура. Канешне, трэба праводзіць.