Все новости

Ігар Случак: «У параўнанні з 2014 і 2015 гадамі я бачу добрыя зрухі — больш клубаў пачалі ўжываць беларускую мову»

24 октября 2017, 16:10
7

Каардынатар грамадскай ініцыятывы «Справаводства па-беларуску» Ігар Случак распавёў пра ўжыванне клубамі беларускай мовы.

«У параўнанні з 2014 і 2015 гадамі я бачу добрыя зрухі — больш клубаў пачалі ўжываць беларускую мову. У 2014 годзе ў рэйтынгу было 100 пазіцый, і толькі 15 месцаў набралі нейкія балы, астатнія мелі нуль. У 2015-м таксама было толькі 15 месцаў з баламі, астатнія былі «нулявыя». У сёлетнім рэйтынгу разы ў два павінна павялічыцца хоць нейкае ўжыванне беларускай мовы, і стала больш клубаў, якія ўжываюць родную мову даволі шмат.

У пляне беларусізацыі хакей ня проста адстае, а знаходзіцца пад зямлёй.

Нават калі адміністрацыйнымі мэтадамі пачнуць згортваць беларускую мову ў спорце, фанаты дакладна ад яе не адвернуцца, бо яны прыносілі беларускую мову ў спорт, калі яшчэ не было такога трэнду. Яшчэ тады, калі не было ўкраінскіх падзеяў, якія мо паўплывалі на кіраўніцтва нашай дзяржавы, фанаты адышлі ад імпэрскай, «ярускай» пазыцыі. Яшчэ тады бачыў, як гомельскія фанаты рабілі банэры з надпісамі кшталту «у майках ЯРУССКИЙ не прыходзь, не ганьбуй сябе».

Яшчэ ў пачатку 2000-х у фанатаў была такая славянская ідэя з ухілам на Расею. Цяпер славянізм мо і застаўся, але ён стаў беларускім — што мы, беларусы, абсалютна адрозныя. Мо фанаты яшчэ не зусім ведаюць мову, няшмат беларускай культуры, але яны сябе атаясамляюць з Беларуссю ў сымболіцы, у мове на банэрах. Такія рэчы ня знікнуць.

Але, на жаль, ёсць даволі жорсткая тэндэнцыя, што маладыя людзі, якім гадоў па 15, могуць зусім ня ведаць беларускай мовы. А гэта кепская сытуацыя для нацыянальнай ідэі, для нацыянальнай дзяржавы, калі частка маладога пакаленьня ня ведае сваёй мовы не таму, што прынцыпова ня хоча яе ведаць, а проста таму, што ня ведае: кантакты толькі ў расейскамоўным асяроддзі, у школе праходзяць беларускую як замежную, не разумее неабходнасць і сэнс сваёй мовы. І нават сярод не такіх і маладых, каму 20-25 гадоў, заўважаю: калі яны хочуць перайсці на беларускую мову, каб са мной паразмаўляць, у іх выходзіць два беларускія словы, тры ўкраінскія і пяць расейскіх.

Нават калі чалавек хоча сам гаварыць па-беларуску, але ня мае слоўнікавага запасу, гэта бывае вельмі цяжка. Чаго ўжо казаць пра тых, хто ніколі не задумваўся пра тое, што на беларускай мове можна размаўляць. У будучыні нас чакае вялікая праблема, калі цяпер дзяржаўная моўная палітыка ня стане сапраўды збалянсаванай, каб прававыя акты, сайты, бланкі, інфармацыя аб таварах была на дзвюх дзяржаўных мовах, каб прынамсі быў выбар.

Бо калі амаль няма сярэдніх навучальных установаў па-беларуску, калі няма ўнівэрсытэту, можна зразумець простага чалавека: ён бачыць усё па-расейску і можа не задумвацца, навошта яму беларуская, так прасцей жывецца. Мова — гэта ў першую чаргу сродак камунікацыі, спрашчэння жыцця. Ня кожны разумее каштоўнасць яе нацыянальнай часткі», – сказаў Случак.