Все новости

Павал Аракелян: «Гэта нават магло дэмаралізаваць той бок, бо палонныя сядзелі і ўпэўнена абмяркоўвалі, што будзе, калі мы пераможам»

23 ноября 2020, 11:56
1

Джазмэн і фітнес-трэнер Павал Аракелян расказаў пра свае ўражаньні ад турмы. Яго затрымалі 7 лістапада пасьля канцэрту ў Малінаўцы. За кратамі саксафаніст правёў 15 дзён.

«Увогуле, паўсюль, ад самага пачатку і да канца, паўнавартасныя катаваньні. Антысанітарыя, адсутнасьць гігіены, туалетнай паперы, вады, чалавечага стаўленьня. Паўсюль тое, пра што расказвала Алена Леўчанка. Але ўсім, хто там знаходзіцца, усім людзям пляваць на гэта абсалютна.

Я дакладна ведаю, што паўсюль, ва ўсіх так званых «хатах», людзі ў асноўным самаадукоўваюцца. Інтэлігенцыя ж сабралася. Але, калі шчыра, усе „хаты“, куды я заяжджаў, я хутка апускаў на свой узровень. Таму 90% часу мы рагаталі, калі хтосьці ішоў на прыбіральню. Шчыра кажу, як было, так было. Але 10% мы ўсё ж такі самаадукоўваліся. Абмяркоўвалі што заўгодна. Гэта нават магло дэмаралізаваць той бок, бо палонныя сядзелі і ўпэўнена абмяркоўвалі, што будзе, калі мы пераможам. Якія рэформы, усё такое. Няма ніводнага сумневу ў тым, што будзе далей, як трэба дзейнічаць.

Цяпер паўсюль шукаюць нейкіх арганізатараў. Адбываецца канфлікт Савецкага Саюзу, які пакуль пры ўладзе, і сучаснасьці, ХХІ стагодзьдзя. Гэта саўкі, якія проста не разумеюць, як так можа быць, што такое ідэя. Для іх ёсьць толькі грошы, улада. Толькі першасныя патрэбы, жывёльныя. Яны проста не разумеюць, што можа быць інакш. Для іх прадаць можна ўсё; думаюць, што ёсьць нейкія людзі, якія атрымліваюць прыбытак з усіх гэтых падзей. Але яны нідзе іх не знаходзяць, таму хапаюць усіх. Але выніку няма. І паразуменьня не атрымаецца. Адыходзіць старая эпоха і прыходзіць новая», – сказаў Аракелян.