Все новости

Лябедзька, якi сядзеў з Івуліным: «Перадачы прымаюць, але нi адзiн вязень iх не атрымоўвае»

13 июня 2021, 14:01
1

Палітыка Анатоля Лябедзьку таемна вывезлі з турмы на Акрэсціна, паведамляе «Радыё Свабода».

Лябедзька пад’ехаў на таксоўцы апоўдні. Больш за гадзіну не было вядома нічога пра яго месцазнаходжанне. Палітыка павінны былі вызваліць сёння ў 10.50 паводле пратаколу затрымання. Аднак дзяжурны ЦІП на Акрэсціна паведаміў жонцы палітыка Святлане, што ў турме яго няма, ён вызвалены. Каля турмы сустрэць Лябедзьку прыйшлі родныя, сябры і калегі па партыі. Лябедзька прыехаў дадому на таксоўцы. Высветлілася, што яго вывезлі на легкавіку ў Сляпянку, паклаўшы тварам долу.

Лябедзька адзначыў, што палову свайго арышту правёў у камэры на дваіх, дзе знаходзіліся па 15-16 чалавек. Гаворачы пра сукамэрнікаў, якія былі ў яго за гэты час, ён «цешыцца, што ў Беларусі ёсць такія людзі». Таксама Лябедзька сказаў, што сядзеў разам з журналістамі Алесем Сілічам, Арцёмам Маёравым і Аляксандрам Івуліным.

Перадачы Лябедзьку не перадавалі, як не аддалі і рэчы. Палітык раіць людзям не насіць перадачы вязьням, паколькі «перадачы прымаюць, але нi адзiн вязень iх не атрымоўвае». А пісаць варта, хаця б дзеля таго, каб сыстэма даведалася, што ў грамадзтве вялікая салідарнасць са зняволенымі. Лябедзька перакананы, што палітычны рэжым, які чыніць падобныя расправы над беларусамі, не даможацца сваіх мэтаў знішчыць пратэсты, хаця б таму, што ніводзін з ягоных сукамэрнікаў не пашкадаваў аб сваіх учынках і пазыцыі не змяніў.

Былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька атрымаў 30 сутак арышту за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве». Яго затрымалі 14 траўня каля суду Кастрычніцкага раёну Мінска. Там у гэты дзень пачаўся суд над групай студэнцкіх актывістаў. Іх абвінавачваюць у арганізацыі акцый пратэсту ў студэнцкім асяроддзі.