Все новости

Аляксандр Апейкін: «Барацьба беларускіх спартсменаў з дыктатурай – унікальная з’ява, прыкладаў якой не было і няма»

16 августа 2022, 14:57

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці і экс-дырэктар гандбольнага клуба «Віцязь» Аляксандр Апейкін падзяліўся ўспамінамі аб стварэнні ліста вольных спартоўцаў.

«Беларускаму руху вольных спартсменаў спаўняецца два гады. 16 жніўня 2020 года ў свет выйшаў знакаміты Адкрыты ліст спартсменаў з патрабаваннем адстаўкі Лукашэнкі, спынення гвалту і правядзення новых сумленных выбараў. Больш за 2000 подпісаў пад лістом ад спартсменаў нікуды не падзеліся. Ніхто свайго меркавання не змяніў.

Барацьба беларускіх спартсменаў з дыктатурай – унікальная грамадска-палітычная з’ява, прыкладаў якой не было і няма ў ніводнай краіне свету. Найкаштоўнейшы здабытак гісторыі сучаснай Беларусі, які назаўжды застанецца ў падручніках і памяці сучаснікаў. Журналісты, пісьменнікі і гісторыкі вольнай Беларусі будуць доўга вывучаць гэты феномен. Гонар, упэўненасць, вера ў перамогу – гэта тое, што давалі спартсмены беларускаму грамадству два гады.

Мы працягваем наш вялікі Марафон Свабоды, сіл яшчэ багата. Нас большасць, і з кожным днём нас становіцца яшчэ больш. Усе мы загартаваліся, прайшлі выпрабаванне часам, сталі мацней як супольнасць і як асобы. Усе цвёрда ідуць па шляху да перамогі, ніхто не саступіў ні на крок. Мы ганарымся адзін адным. За намі праўда, годнасць і вера беларускіх людзей, таму мы не маем права спыняцца.

Жыве Беларусь!» – падзяліўся Апейкін.