Tribuna/Футбол/Блоги/Зямля пад белымі крыламі/Калі на стадыёне «Дынама» пройдзе мітынг апазіцыі на Дзень Волі, ці перажыве гэта газон?

Калі на стадыёне «Дынама» пройдзе мітынг апазіцыі на Дзень Волі, ці перажыве гэта газон?

Распавядае кіраўнік «Арт-Сядзібы» і Symbal.by Павел Белавус.

Автор — Karchmar
15 февраля 2019, 19:35
5
Калі на стадыёне «Дынама» пройдзе мітынг апазіцыі на Дзень Волі, ці перажыве гэта газон?

«Калі Саладуху можна, чаму нам нельга?»

Стадыён «Дынама» менш за год як адкрыўся пасля рэканструкцыі, а ўжо стаў жудасна запатрабаваным. Акрамя Еўрапейскіх гульняў на арэне выступяць рэпер Макс Корж і вядомы поп-спявак Аляксандр Саладуха. І гэта не ўсё. Тут жа хочуць правесці і Дзень Волі. У студзені стала вядома, што арганізатары адправілі заяўку ў Мінгарвыканкам. У кіраўніцтве стадыёна адразу ж заявілі, што на арэне непажадана праводзіць неспартыўныя мерапрыемствы, бо яе рыхтуюць да Еўрапейскіх гульняў. Тым не менш адзін з арганізатараў свята Павел Белавус заявіў, што яго каманда чакае адказу ад Мінгарвыканкама. 

На мінулымі тыдні сітуацыя стала яшчэ больш цікавай: Аляксандру Саладуху дазволілі правесці канцэрт на «Дынама» 1 мая – за паўтара месяца да гульняў. Пры гэтым Дзень Волі святкуюць 25 сакавіка. Каб высветліць, як разгортваюцца падзеі вакол арэны, мы звярнуліся да кіраўніка «Арт-Сядзібы» і Symbal.by Паўла Белавуса. 

***

– Месяц таму вы казалі, што чакаеце адказу ад Мінгарвыканкама. Зараз нешта змянілася?

– Па факце не змянілася. Пакуль мы чакаем адказу: ні пазітыўнага, ні адмоўнага яшчэ не атрымалі. З апошніх размоў з прэс-сакратаркай «Дынама» – яна казала гэта і ў медыя – я зразумеў, што яны [кіраўніцтва арэны] нам не адмаўляюць, але і не дазваляюць, бо няма рашэння горада. Як і казаў, адказ будзе за горадам, бо стадыён цалкам падпарадкоўваецца Мінгарвыканкаму. Пакуль чакаем адказу. Спадзяемся, што атрымаем яго да канца лютага. У мінулым годзе нам адказалі ў першых чыслах сакавіка. Раней былі сітуацыі, калі наогул адказвалі за пяць дзён да запланаваных мерапрыемстваў. Ясна, што адказ за пяць дзён нас задавальняць не будзе. Але мы разлічваем, што, прынамсі, у лютым сітуацыя вызначыцца. 

– Рух «За свабоду» і некалькі партый падалі заяўку на правядзенне Дня Волі ля Опернага тэатра. Яны ўжо не разлічваюць атрымаць дазвол на святкаванне на «Дынама»?

– Я не магу каментаваць. Атрымліваецца так, што ў іх ёсць адзін план, больш палітычны. А мы хочам правесці сапраўднае свята. Не прывязанае да нейкай палітычнай арганізацыі, а народнае, прысвечанае важнай даце. Як бы да яе не ставіліся гісторыкі, але факт застаецца фактам: менавіта ў гэты дзень упершыню была абвешчана беларуская дзяржава. У першую чаргу для нас важна і далей расказваць людзям, што гэта знакавая, магчыма, адна з галоўных дат у гісторыі Беларусі. Таму важна, каб гэты дзень стаў не нейкай акцыяй палітычнай сілы, а сапраўды яскравым святам для вялікай колькасці людзей. Святам яднання беларусаў, святам натхняльным, якое паказвае, што галоўная каштоўнасць – тое, што ў нас ёсць свая дзяржава і мы маем сваю краіну. Гэта галоўная каштоўнасць, якую трэба адстойваць, казаць пра важнасць гэтага для ўсёй нашай краіны і яе жыхароў.

Наша задача – рабіць, каб гэты дзень і ў гэтым і ў наступныя гады быў днём яднання беларусаў. Пра гэта мы і  кажам на розных сустрэчах, у тым ліку і ў медыя. Гэта мы хочам зрабіць. Атрымаецца ці не – тут ужо не ўсё залежыць ад нас. Але мы спадзяемся, што і кіраўніцтва краіны, і кіраўнікі розных дзяржаўных устаноў зразумеюць мэту святкавання, значэнне гэтага дня не як нейкай палітычнай акцыі пратэсту, а менавіта дня, прысвечанага Беларусі і які робяць самі беларусы. 

– Што наогул будзе ўбіраць у сабе гэтае свята?

– Мінулы год паказаў, што беларусы хочуць, каб гэты дзень далей успрымаўся як святочны, як дзень кансалідацыі. Мы хочам, каб ён складаўся і з выступу самых папулярных і самых вядомых беларускіх артыстаў. З выступаў і прамоў паважаных людзей: спартсменаў, грамадскіх і культурных дзеячаў, прадстаўнікоў бізнэсу. Хочам паказаць, што ў нас ёсць розныя людзі, якія могуць быць прыкладам для іншых. Калі ў гэтым годзе атрымаем пазітыўны адказ, будзем запрашаць людзей, якія сваім прыкладам могуць натхняць іншых беларусаў на добрыя справы.

Хочам, как была яскравая музычная праграма, выступы паважаных людзей, якіх ведаюць беларусы, і, зразумела, розныя актыўнасці – грамадскія, культурныя. Паказаць шырокі выбар, што ў нас ёсць шмат беларускамоўнай літаратуры і розных рэчаў, сувеніраў, якія як раз папулярызуюць Беларусь, нашы сімвалы і мову. Паказаць разнапланавасць нацыяльнай культуры і спраў, накіраваных на папулярызацыю краіны. Вось людзі, якія гэта робяць, – паглядзіце, як яны гэта робяць. У будучым гэта мог бы быць дзень Беларусі, калі самі беларусы паказваюць і натхняюць іншых на важныя справы як для краіны, так і для сябе.

У гэтым годзе мы абралі лозунг «Жыве незалежная Беларусь». Галоўнае – казаць пра незалежнасць і яе важнасць. Сёння працягваецца збор сродкаў. Мы запусцілі краўдфандынг на сайце bnr.by. Ёсць варыянт падтрымаць кампанію. Уладзімір Цэслер распрацаваў яскравы лагатып, які, мне падаецца, добра перадае назву гэтага дня. Тыя сродкі, якія мы збіраем, – на сённяшні дзень больш за 15 тысяч рублёў – у любым выпадку пойдуць на арганізацыю вялікага мерапрыества ці некалькіх малых, ці на папулярызацыю ў сацсетках або выпуск рознай друкаванай прадукцыі. У любым выпадку Дзень Волі адбудзецца, але пакуль мы чакаем адказу ад дзяржавы, каб разумець, у якім фармаце гэта будзе. 

Зараз ужо падаюцца заяўкі на мерапрыемствы ў іншых гарадах. Мы хочам, каб гэта быў не толькі Мінск, каб святы, яскравыя канцэрты адбыліся як мінімум у абласных гарадах. 

– Каго са спартсменаў хацелі б запрасіць на свята?

– Зараз у нас ёсць пэўныя дамоўленасці, але мы не будзем казаць пра канкрэтную праграму, каб не паўтараць памылкі мінулага года. Тады мы абвяшчалі, яшчэ не ведаючы, якая будзе пляцоўка. Думаю, абвесцім, калі вызначыцца, якая гэта будзе пляцоўка.

– Некалькі месяцаў таму на «Дынама» праводзіліся нейкія відэаздымкі. Пасля футбалісты скардізіліся на газон. Што вы можаце зрабіць, каб гэта не паўтарылася пасля Дня Волі ?

– Калі ў мяне была размова з намеснікам кіраўніка стадыёна, я ўздымаў гэтае пытанне: мы хочам правесці [мерапрыемства так], каб задзейнічаць сектары і поле. Ён сказаў, што ў іх ёсць такая магчымасць: адмысловым пакрыццём закрываецца поле і ўсе дарожкі. Я так разумею, што яны ўжо яго закупілі. Наколькі разумею, тут робіцца тое ж самае, што і на «Мінск-Арэне», калі там адбываюцца буйныя фестывалі. На «Дынама» нам сказалі, што толькі гэтыя працы будуць каштаваць каля дзевяці тысяч даляраў. Прынамсі, я ўздымаў гэтае пытанне – сказалі, што такая магчымасць ёсць. Наколькі я разумею, калі б яе не было, ужо б не дазвалялі і не прадавалі квіткі на Макса Каржа. Там таксама будзе танцпляц. Я так разумею, пакрыццё і гэтае абсталяванне ў стадыёна ёсць, таму праблем быць не павінна. 

Я так разумею, што, калі праводзіліся здымкі, яны гэтага не рабілі [не закрывалі поле і дарожкі], бо гэта даволі затратная справа. Мабыць, яны проста паставілі абсталяванне на поле. Мы так рабіць не будзем.

– Вы сказалі пра дзевяць тысяч даляраў толькі на пакрыццё. Здолееце сабраць такія сродкі?

– У мінулым годзе агульны бюджэт мерапрыемства каля Опернага склаў каля 60 тысяч рублёў. Ясна, што ў нас не было выдаткаў на арэнду пляцоўкі, бо горад даваў яе бясплатна, на паслугі міліцыі і пажарных. У гэтым годзе прынялі новы законапраект. Увялі і новыя тарыфы. Калі гэта будзе «Дынама» і дазволяць шэсце, толькі на паслугі міліцыі пойдзе каля пяці тысяч даляраў. Калі шэсця не будзе, думаю, у межах стадыёна такіх расцэнак не будзе. Магу сказаць, што збор сродкаў яшчэ да афіцыйнага адказу ідзе значна лепш, чым ў мінулым годзе, калі мы збіралі грошы на стагоддзе БНР. Калі будзе дазволена, я ўпэўнены, што мы збяром [грошы], бо падтрымка невераргодная. У нас ёсць дамоўленасць з сур’ёзным бізнэсам. Мы спадзяемся і на людзей, бо робім гэта не для сябе. Я ўпэўнены: калі ў нас будзе пазітыўны адказ, мы зможам сабраць гэтыя сродкі. Бюджэт такого мерапрыемства павінен быць не менш за 100 тысяч рублёў. Але я ўпэўнены, што, калі будзе пазітыўны адказ і яго дадуць не за пяць дзён, а як мінімум за месяц, мы ўсё гэта зможам.

– Месяц таму кіраўніцтва стадыёна казала, што арэна рыхтуецца да Еўрапейскіх гульняў, таму неспартыўныя мерапрыемствы на ёй абмежаваны. Тым не менш канцэрт Саладухі 1 мая дазволілі. Вас гэта здзівіла?

– Мы таксама ўздымалі гэтае пытанне ў «Дынама». Спачатку, калі падавалі заяўку, казалі, што ад Саладухі яе яшчэ няма. А пасля мы даведаліся, што Саладуха падаў заяўку, атрымаў дазвол ад Мінгарвыканкама і гэтае мерапрыемства адбудзецца. Калі яму дазволілі ў маі, а ў нас мерапрыемства на месяц раней, павінны даць дабро і нам. Калі Саладуху можна, чаму нам нельга? Мы таксама робім важнае мерапрыемства. Не менш важнае, чым Саладуха.

Калі не атрымаем дазвол, гэта чарговы раз пакажа, што ёсць цэнзура: адным можна – іншым нельга. Гэта будзе прыкра. Гэта будзе паказваць, што сітуацыя ў краіне вельмі «станоўчая»: ёсць выбраныя людзі, якім можна, а ёсць выбраныя людзі, якім нельга. Хаця мы ж не просім арэну бясплатна, а гатовыя аплаціць арэнду і выдаткі, якія будзе патрабаваць стадыён. 

– Неяк вы назвалі прэм’ер-міністра Сяргея Румаса прышпільным дзядзькам. Калі ўзнікнуць праблемы, не думалі асабіста ці праз знаёмых звярнуцца да яго?

– Давайце спачатку атрымаем афіцыйны адказ ад горада, а тады будзем прымаць рашэнне. Пакуль адказу няма – нам не адмовілі наконт гэтай пляцоўкі і не прапанавалі альтэрнатыўную. Таму цяжка нешта гаварыць. 

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Дзед і яйкі
28 апреля 2020, 08:35
2
Все посты