Tribuna/Футбол/Блоги/На вулiцы маёй/«Спагадач» з Баранавічаў выдаваў газету пра футбол, а потым стаў палітолагам ва Украіне (з’ехаў 13 год таму, бо па яго прыйшла група захопу)

«Спагадач» з Баранавічаў выдаваў газету пра футбол, а потым стаў палітолагам ва Украіне (з’ехаў 13 год таму, бо па яго прыйшла група захопу)

Зараз яе аўтар жыве ва Украіне.

16 марта 2021, 08:18
6
«Спагадач» з Баранавічаў выдаваў газету пра футбол, а потым стаў палітолагам ва Украіне (з’ехаў 13 год таму, бо па яго прыйшла група захопу)

Беларускамоўнае выданне вабiла нават чыноўнiкаў.

Баранавіцкі футбол, які сёлета адзначае 110-годдзе, у заняпадзе. Інтарэс жыхароў да мясцовай каманды зусім невялікі. «Баранавічы» ўжо даўно ператварыліся ў «ліфт», якi боўтаецца паміж першай і другой лігамі. Гэты сезон «чырвона-сінія» правядуць у Д2, трапiўшы туды не з-за спартыўнага прынцыпу, ды яшчэ пачнуць хатнiя гульнi за межамi роднага стадыёна.

Але так было не заўсёды. Больш за 20 год таму, калі «Баранавічы» ўпершыню ў сваёй гісторыі выходзілі ў першую лігу, на каманду хадзілі з задавальненнем. Натуральны футбольны бум падмацоўваўся тым, што ў горадзе выходзіла прыватная самвыдатаўская газета «Баранавіцкі футбол». Выданне бясплатна распаўсюджвалася на гульнях каманды і карысталася вялікай папулярнасцю.

Выпуск той газеты наладзiў Iгар Тышкевiч. На самым пачатку ХХ стагоддзя ён быў кіраўніком баранавіцкага агенцтва рэгіянальнага развіцця «Варута» – аналітычнага цэнтра, які канцэнтраваўся на аналізе мясцовай эканомікі i сацыяльных адносінаў, а таксама выконваў ролю рэсурснага цэнтра для грамадскіх арганізацый горада ды навакольных раёнаў. Для «Трыбуны» Тышкевiч пагадзiўся ўспомнiць час пад’ёму баранавiцкага футбола.

– Адразу скажу: я не спартовец. Проста аднойчы знаёмыя землякі падказалі, што ў «Баранавічах» падабралася цікавая банда з высокімі мэтамі і задачамі. І зацягнулі на гульню. Мяне зацікавіла. Быў перакананы, што футбол у горадзе памірае. Пабачыў каманду, інтарэс – пераканаўся ў іншым.

У горадзе нават добрага стадыёна не было. Старыя трыбуны на «Лакаматыве» былі збудаваныя па тыповым праекце стадыёнаў каля вайсковых гарадкоў: цагляныя сцены, драўляныя бэлькі і дошкі замест сядзенняў. Такія канструкцыі трэба даглядаць, чаго не было з пачатку 1990-х – натуральна, дрэва спарахнела. Трыбуны разабралі, новыя будаваць не спяшаліся. Ніхто не ведаў, будзе поўная рэканструкцыя ці не, так усё і стаяла.

Але амбіцыйнасць каманды прастымулявала інтарэс гледачоў. Народ на футбол пайшоў. Уявіце: на стадыёне без трыбун збіралася больш за дзве тысячы чалавек! Пры поўнай адсутнасці інфраструктуры гэта дарагога варта. Людзі стаялі на нейкіх рэштках старых трыбун, на нейкіх бетонных слупах. Нават элементарных прыбіральняў не было – дзесьці далёка, бліжэй да вайсковай камендатуры, стаялі дзве «шпакоўні», як у вёсках, у перапынках там былі велізарныя чэргі.

Пазней, пасля 2005-га, калі людзі пабачылі, што перспектывы выйсці ў вышэйшую лігу няма, калі клуб вырашыў, што будзе гуляць, як гуляецца, калі пачало мяняцца стаўленне горада, усё пайшло на спад. Але ў 2003-м у паветры быў «пах адрэналіну і амбіцый». У мяне ўзнікла ідэя выдаваць газету. Справа ў тым, што не было аніякай інфармацыі: ні пра нашых гульцоў, ні пра суперніка, ні пра сам чэмпіянат. Людзі проста хадзілі на футбол і глядзелі. Мне захацелася неяк змяніць сітуацыю.

Напачатку Ігар хацеў проста дапамагчы з друкам праграмак да матчаў. Тым больш у агенцтве быў старэнькі фармату А4 рызограф – апарат для друку невялікімі накладамі. Тышкевіча звялі з Уладзімірам Масюком, які быў дыктарам на стадыёне і займаўся праграмкамі. Але ж Масюк хацеў выдаваць простую праграмку з мінімальным наборам інфармацыі, а Тышкевіч – распавядаць пра каманду, супернікаў і гэтак далей. У выніку на адной тэхніцы вярсталася і друкавалася два тыпу прадукцыі – праграмка і новая газета «Баранавіцкі футбол».

– У кожнага з маіх сяброў былі пэўныя веды. Нехта ўмеў вярстаць, нехта набіраў нармальна ці ведаў фаташоп. Пачалі працаваць. Фармат быў ад 8 да 12 старонак А4, якія скрэплены стэплерам, каб было зручна гартаць. Выданне было чорна-белае, але з фотаздымкамі ўсё ж даводзілася мучацца – трэба было iх растрыраваць, каб рызограф змог надрукаваць.

Газета была цалкам беларускамоўная. Першы нумар выйшаў накладам 299 асобнікаў – максiмум па законе для выданняў без дзяржрэгiстрацыi. Разышоўся імгненна.

Старанна намагаліся, каб амаль у кожным нумары было інтерв’ю з гульцом або трэнерам каманды. Мне падаецца, што ў адным з першых нумароў мы ўзялі інтервью ў [тады галоўнага трэнера каманды] Андрэя Хлебасолава. Проста прыйшлі да яго ў трэнерскую: «Мы вось такія. Хочам выдаваць газету». Хлебасолаў крышку здзівіўся: «Ну добра, спрабуйце». Гульцам спачатку было трошкі нязвыкла ад увагі: «мінор» – і тут падыходзяць, распытваюць, фатаграфуюць. На першыя размовы Хлебасолаў гульцоў «наказам» загяняў. Але потым звыкліся.

Таксама мы аналізавалі будучую гульню: у якім стане каманда [супернiкаў], як правяла апошнія гульні, пра небяспечных гульцоў i гэтак далей. Пiсалi пра гарады, адкуль да нас прыязджалі каманды. А паколькі на стадыён хадзіла шмат моладзі, распавядалі і пра гісторыю баранавіцкага футбола. Але не з савецкага часу, калі ў Баранавічах быў «Тэксцільшчык» і «Лакаматыў», а капалі глыбей – у тыя часы, калі футбол у горадзе толькі з’яўляўся. Напрыклад, знайшлі сведчанне таго, што ў футбол у нас пачалі гуляць у 1922-м годзе, «за польскім часам», i першая каманда праіснавала два гады. Памятаю, што пра ваенны час (пры немцах) нам удалося знайсці згадкі толькі пра нейкія аматарскія каманды. Ды і ўвогуле да 1950 году ў сувязі з актыўнай «партызанкай» супраць СССР на тэрыторыі Заходняй Беларусі «саветы» не асоба стымулявалі спорт – не хацелі, каб людзі збіраліся без патрэбы. Гістарычныя факты шукалі па архівах і праз успаміны людзей.

Перыядычна рабілі тэкставыя правакацыі, з якiх усе рагаталі. Напрыклад, калі былі некія важныя матчы, мы абыгрывалі іх з невялічкімі намёкамі на палітыку. Шклоў – сакральнае месца, i калі прыязджаў тамашні «Спартак» у нас была такая перадавая: «Раскаталі Шклоў па полі». А калі прыязджала «Вертыкаль» [з Калiнкавiчаў], то «Пераскоч праз «Вертыкаль».

Намагаліся выдаваць «БФ» на кожную хатнюю гульню. Не заўсёды атрымлівалася, але раз на месяц газета выходзіла стабільна. Распаўсюджвалася яна бясплатна – нарывацца з фінансамі не хацелі, тым больш нам і так з паперай дапамагалі неабыякавыя людзі. Таму і ніякай камерцыі на нашых старонках не было. Гэта прынцыпова.

Тышкевіч успамінае, што папулярнасць газеты была такой, што ў 2004 годзе ён з сябрамі вырашыў трошкі парушаць закон – друкаваць крыху больш за 299 асобнікаў. Размяталі выданне вельмі хутка.

– Асобнікаў 20-30 аддавалі камандзе. Частку забіраў дыктар Валодзя Майсюк, каб раздаваць, астатнiя мы самi раздавалі на трыбунах. Газета была папулярна, нават кіраўніцтва горада цікавілася. Памятаю, хаджу па трыбунах, раздаю газету, тут голас намкіраўніка гарвыканкама з VIP-ложы: «А мне газетку?!» І я яму па руках перадаю :).

Дырэктар клубу Мечыслаў Базан таксама нас чытаў. Базан – гэта была глыба. Чалавек, які рэальна фанацеў. Вельмі класны дзядзька. Мне ён падаваўся ў добрым сэнсе заходнебеларускім гаспадаром. Ён лічыў, што футбольны клуб – гэта ягонае, і ён мусіць яго выцягнуць. Спрабаваў зрабіць клуб лепшым. Была зараджанасць на тое, каб нечага дасягнуць. Памятаю, ён разважаў: «Акей, мы слабейшыя, але мы дупай укапаемся ў поле, зубы ашчэрым – і нас ніхто не пройдзе». Гэта вельмі добры прыклад зацятасці.

Мечыслаў Базан (злева) і Андрэй Хлебасолаў (справа)

З часам мяне пачалі пазнаваць на стадыёне, да і ў горадзе былі выпадкі, што мяне пазнавалі як «чалавека з газетай». Маглі падысці, выказаць падзяку і запытацца: «На матч газета будзе?». На стадыёне меў магчымасць пайсці за браму пафотаць або падысці пасля матча да распранальні, каб пагутарыць з гульцамі. Міліцыя ведала, хто я і чым займаюся, таму меў вольны праход усюды.

Памятаю, як аднойчы спазняўся на гульню. Якраз збудавалі новыя трыбуны, і ўваход стаў платным. Бяжым да ўваходу з парачкай крэпенькіх фанатаў і торбамі з газетай. Квіткi набыць часу няма. Ляцім наўпрост да кантралёраў і міліцыі. І тут маёр – на жаль, не памятаю ягонае прозвішча, класны дзядзька, які звычайна займаўся аховай матчу – бачыць нас і крычыць сваiм: «Прапускай! Прапускай!»

Як кажа Тышкевіч, у той час заўзець ў Баранавічах прыходзiлi з душой. Дакладней, не заўзець, а спагадаць (на рускую перакладаецца як «сочувствовать», «сострадать», «симпатизировать» – заўв. Tribuna.com). Такое слова ўжывалася на старонках газеты.

– Мы доўга думалі, якую тэрміналогію ўзяць за аснову. Беларускае тэлебачанне гаварыла «балельшчыкі», «вратар» і гэтак далей. Нам гэта катэгарычна не падабалася. У выніку фанатаў вырашылі называць фанатамі або заўзятарамі, а звычайных гледачоў, якія проста прыходзяць на трыбуны, – спагадачамі, бо яны не балеюць (гэта ж не хваравітае пачуцце), а спагадаюць. Але ж мы гуляліся з тэрміналогіяй. Напрыклад, у кожнага чалавека ёсць свае «крылатыя выразы». Часцей за ўсё мы іх пакідалі. Тыя ж капітан [Андрэй] Кіпра і [гулец Аляксандр] Чудук часцяком ужывалі слова «фартовы». Памятаю, доўга спрачаліся, пакінуць так ці перакласці. Вырашылі пакінуць.

Атмасфера на трыбунах была добрай. Хадзілі і жанчыны, і дзеці. А калі хтосьцi ўжываў ненарматыўную лексіку, калi нейкі мужык лаяўся, на яго ўсе шыкалі: «Дзеці вакол!» Гэта было цікава, хаця мат раз-пораз мiльгаў :). Народ вельмі любіў Андрэя Хлебасолава. Ён той чалавек, хто павёў усіх за сабой, даў штуршок для ажыятажу. Значную ролю гуляла і група гульцоў, якія прыйшлі з «Белшыны». А той жа [Уладзiмiр] Путраш, напрыклад – ён быў культавым [гульцом]! З выгляду нязграбны, але меў такую чуйку на гол! Памятаю, ён казаў: «Пакуль даюць кручаны пас, я яшчэ жыву». Ён добра згуляўся з Сяргеем Сергелем. Удваіх накалацілі страшэнную колькасць галоў!

Уладзімір Путраш

Нажаль, доўга газета не праіснавала. Апошні нумар выйшаў у другой палове 2005 года, калі інтарэс да футбола ў Баранавічах амаль знiк. А сам Тышкевіч пераехаў у пасёлак Свіслач недалёка ад Мінска.

– Футбола там не было, але ці ў 2007-м, ці ў 2008-м, калі ствараўся «Рудзенск», на мяне выйшаў хлопец з каманды, i я дапамагаў яму з праграмкамі і статыстыкай, але ён выдаваў сам. З 2008 года я на беларускі футбол не хаджу, таму што жыву ва Украіне. Хіба толькі быў выпадак, калі ў Лізе Еўропы [у 2010-м] гулялі кiеўскае «Дынама» і БАТЭ. Знаёмыя кіеўскія фанаты запрасілі на сектар. Атрымалася, як кажуць ва Украіне, «кумедно» [смешна]: я не даў рады, што сяджу ў фан-сэктары, i калі БАТЭ адкрыў лік, ускочыў на ногі з крыкам «Гол!». Азіраюся, а вакол мёртвая цішыня і 800 твараў павернуты ў мой бок. Пасля доўга смяяліся з гэтага.

З Беларусі я з’ехаў таму, што любімая дзяржава вырашыла мяне пасадзіць. Гэта быў 2008 год. У [пасёлку Свiслачскага сельсавета] Дружным планавалася пабудаваць хімічнае прадпрыемства. Народ трошачкі бунтаваў, і я, дурань, пачаў людзей кансультаваць, стварыў мясцовы інфармацыйны партал, пачаў выдаваць мясцовую газету. Паціху спрабаваў разгойдваць сітуацыю. Будаўніцтва тады прыпынілі (пазней дабудавалі, але кошт праекту вырас у два разы з-за вялікіх укладанняў у ачыстныя). А за мной тады прыехала група захопу. Узяць адразу ў іх не арымалася, а я вырашыў з’ехаць. Абвінавачаны быў у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Ня ведаю, закрыта справа па даўнасці часу ці не, хутчэй за ўсё, не, бо цікаўнасць з боку беларускай дзяржавы да мяне не знікае.

Першыя гады пасля выезду было наогул «драйвова». Напрыклад, у 2010-м на кіеўскае ўпраўленне барацьбы з арганізаванай злачыннасцю прыйшла арыенціроўка, што я беларускі крымінальны аўтарытэт. Маё затрыманне было вельмі прыгожае, як у серыялах: зброя, падмацаванне каля будынку – увесь антураж. Але хлопцы хутка зразумелі, што нешта не так, калі суаднеслі з арыенціроўкай месца, дзе мяне затрымлівалі – беларускія крымінальныя аўтарытэты не будуць пiць гарбату ў офісе арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў :). У выніку сiлавiкi вырашылі, што справу зрабілі. Быў загад затрымаць, загаду арыштоўваць не было – праз некаторы час мяне адпусцілі.

Зараз Тышкевіч займаецца палітычным аналізам ва Украінскім інстытуце будучыні. Ён лічыць, што выбары ў Беларусі былі прадказальнымі, а зараз ідзе актыўная фаза палітычнага крызісу.

– Яшчэ ў жніўні казаў, што пратэсты ў тым выглядзе, у якім яны былі, не могуць быць паспяховымі. На жаль, так і атрымалася. Што тычыцца чакання вясны, то у снежні 2020 года я казаў, што з канца лютага па красавік – час неустойлівасці ўлады. Гэта той час, калі яна можа паваліцца. Але магчымасць і рэчаіснасць – гэта рознае. Вясной будзе пэўная актывізацыя. Я вельмі хачу, каб змены адбыліся, але я сумняваюся, што гэта рэальна менавіта вясною. Але калі апаненты Лукашэнкi спрацуюць нармальна, то могуць закласці падмурак на змены бліжэй да восені, бо другая кропка няўстойлівасці ўлады ў 2021 годзе пачнецца ў жніўні і працягнецца да кастрычніка.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты