Айс-ТВ
Блог

Зборная Беларусі не з’едзе з ЧС без перамог – дзякуючы шайбе расіяніна і сэйвам канадца абыгралі шведаў, але амаль не спявалі гімн

Зборная Беларусі правяла другі матч на хакейным ЧС у Латвіі. Супернікам стала зборная Швецыі, якую за ўсю гісторыю ўдавалася абыграць толькі адзін раз – у тым самым матчы на ​​АГ-2002. На ЧС ўсе восем сустрэч заканчваліся перамогай скандынаваў. Аднак у 2021-м «трэ крунур» адчуваюць сябе няўпэўнена. У дэбюце на турніры ў Рызе шведы раптам прайгралі датчанам (3:4) і відавочна хацелі выправіць становішча.

Ужо на старце матча 4 хвіліны за тое, што заехаў суперніку клюшкай па твары, атрымаў Ягор Шаранговіч, аднак шведы нічога зрабіць за гэты час не змаглі. У сярэдзіне першага перыяду гульню спыніла сур’ёзная траўма Яўгена Лiсаўца – ён вельмі няўдала зваліўся ў свайго борта, спатрэбіліся лекары і насілкі. Добрага паўтору моманту мы так і не ўбачылі, але па выніках эпiзоду нікога не каралі.

Далей гульня была на здзіўленне прыкладна роўнай – маглі выйсці наперад як беларуская зборная, так і шведская. А ў самым пачатку трэцяга перыяду зборная Беларусі павяла. Закінуў шайбу натуралізаваны перад самым ЧС расiянiн Герман Несцераў з «Гомеля».

А вось у шведаў адзначыцца так і не атрымалася – насуха абараніў браму яшчэ адзін замежнік, канадзец Дэні Тэйлар, які адбіў 32 кідка і стаў лепшым гульцом матча. Ён так і скончыўся 1:0 на карысць зборнай Беларусі, у гонар чаго прагучаў госгiмн краіны. Але ж яго амаль ніхто не спяваў – толькі на словах «Квiтней, Беларусь» па-над лёдам стала шумна.

https://s5o.ru/storage/dumpster/1/c3/9cb5f872617c3071389697cb95958.JPG

Што ж, выдатны падарунак для беларускай прапаганды. Каментатар на дзяржТБ Аляксандр Цвячкоўскі адразу пасля шайбы ўзмоцнена ўспамінаў нейкія выказванні галоўнага трэнера шведаў Юхана Гарпенлова – канкрэтыкі не было, але мы выдатна памятаем, што коуч адназначна выступаў за перанос ЧС з Беларусі яшчэ ў кастрычніку. А яшчэ зараз якім-небудзь, напрыклад, страхам перад «моцай нашага хакея» можна растлумачыць яшчэ адну навіну са Швецыі, адмову мясцовага «Лександа» ляцець у Беларусь на матч ЛЧ з «Юнацтвам». Насамрэч гэта рашэнне клуба тлумачыцца сітуацыяй, якая працягвае назірацца ў нашай краіне. Ну а пасля свежых навін пра прымусовую пасадку ў Мінску з удзелам знішчальніка самалёта, што ляцеў з Грэцыі ў Літву, узнікае пытанне, ці захоча ляцець над тэрыторыяй Беларусі хтосьцi у прынцыпе.

Фота: hockey.by

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья