Tribuna/Футбол/Блоги/Зона ультрас/СК думае спіcаць смерць фаната «Маладзечна» на самагубства. Чаму я ніколі ў гэта не паверу

СК думае спіcаць смерць фаната «Маладзечна» на самагубства. Чаму я ніколі ў гэта не паверу

Здаецца, хтосьці занадта багата хлусіць.

Автор — Karchmar
24 августа 2020, 19:24
2
СК думае спіcаць смерць фаната «Маладзечна» на самагубства. Чаму я ніколі ў гэта не паверу

  Здаецца, хтосьці занадта багата хлусіць.

Ужо два тыдні Беларусь жыве нібы ў жахлівым сне. Людзі не паверылі ў намаляваныя ЦВК 80 адсоткаў і выйшлі на вуліцы. Яшчэ раз: беларусы, якія ўжо два стагоддзі жывуць з рэпутацыяй памяркоўных, не стрывалі і вырашылі змагацца. Гэта ж як трэба было з нас кпіць і здзеквацца? А пасля краіна скалыўнулася пад амапаўскім бізуном. Сведчаннi пра жахі на Акрэсціна разышліся па ўсіх кутках, дзяцей ужо палохаюць постацямі ў чорным. І цяпер улады хочуць нас пераканаць у пастановачнасцi кадраў, каб мы іх праглынулі, як павінны былі адсоткi.

У першыя дні пасля выбараў нельга было з ўпэўненасцю сказаць, што той ці іншы твой знаёмы зараз не спазнае ўсё хараство сутарэнняў Акрэсціна: спісы затрыманых былі няпоўныя. І вось калі сілавікі ўжо пачалі развітвацца са сваімі гасцямі, TUT.BY апублікаваў фотаздымкі зніклых людзей: сярод іх мы з хлопцамі нечакана знайшлі Мікіту Крыўцова.

Напэўна, дагэтуль я і не ведаў яго сапраўднага прозвішча. У сацсетках ён ніколі ім не падпісваўся і фатаграфіі не ставіў. Між сабой мы з сябрамі называлі яго Пробкін – адно з ягоных фэйкавых прозвішчаў. Упершыню я ўбачыў яго ў 2016-м: напярэдадні матчаў зборнай хацеў прыдбаць адну з цішотак, якімі ён гандляваў. Як аднаго з галоўных барыг Мікіту ведала ці не палова фанацкай Беларусі. Аднойчы я і сам перадаваў рэчы яго кліентам: хлопцы былі магілёўскія, а там якраз праводзілі фінал Кубка.

Спакваля ў нас склалася кампанія на матчы зборнай – хлопцаў 10-15 з розных рухаў: БАТЭ, «Маладзечна», «Дынама». Лідарам быў Мікіта. На гульню са шведамі хацелі зрабіць перф у выглядзе вялізарнага бел-чырвона-белага сцяга з ужыткам піра, але нешта тады не атрымалася: здаецца, не здолелі дамовіцца з АБФФ.

Гэтай кампаніяй спрабавалі гуляць у футбол. Нас двойчы паклікалі на фанацкія турніры ў Смалявічы. Здабыць хаця б адну перамогу ў матчах так і не здолелі, затое перамаглі па-за межамі поля: мангала і столькі піва не было ні ў каго. 

Спрабавалі яшчэ нешта ладзіць на гульнях зборнай, але перашкодзіў ціск сілавікоў. Шмат каго з хлопцаў затрымалі на матчы з Люксембургам у верасні 2018-га: там былі і піра, і зарад «Хто не скача...», які пасля гэтага забаранілі. Мікіту, як і некалькі дзясяткаў іншых фанаў, якія наведалі тую сустрэчу, знайшлі па фота і выклікалі ва Упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Больш нашая суполачка зборную на сектары не падтрымлівала.

Мікіта працягваў катацца за клуб і зборную. Яшчэ летась ён набыў танныя квіткі на самалёт у Тбілісі, але ў сакавіку матч з Грузіяй не адбыўся.

Калі мы знайшлі Мікіту ў спісах зніклых, ніякіх сумненняў у нас не было – затрымалі. Ён ніколі не сядзеў дома і заўжды намагаўся жыць на поўную. Спрабавалі пытацца па валанцёрскіх чатах і ў сяброў, якія ўжо прайшлі тыя жудасныя муры. Але дарма. У суботу знайшлі толькі цела.

Цяпер СК падводзіць да версii пра суіцыд. Мікіту, маўляў, знайшлі павешаным, ды і з жонкай яны збіраліся разыходзіцца.

Ці варта гэтаму верыць? Не.

Вядома, у кожнага свае тараканы ў галаве, але Мікіта – зусім не той чалавек, які пайшоў бы на самагубства. І справа тут не ў смеласці (зірніце хаця б на гэтае відэа). Ён заўжды хацеў атрымліваць ад жыцця як мага болей кайфу. Ён ніколі не хваляваўся праз сямейныя клопаты. Мікіта ўмеў атрымліваць асалоду паўсюль, нават чакаючы маршрутку. Да рэйсу ў Жодзіна ён амаль кожны раз паспяваў завітаць ў блінную на «Усходзе» і замовіць блінцоў. Я неяк пакаштаваў: а сапраўды ж, смачна.  

Апошні раз ягоны тэлефон быў уключаны каля РНПЦ неўралогіі і хірургіі. Ва ўстанове яго знаходжанне адмаўляюць. Побач знаходзіцца Упраўленне унутраных спраў Мінскага раёна. Цела знайшлі недалёка.

Бацькі Мікіты не маглі апазнаць яго прынамсі да панядзелка. Яго тату ў СК паказалі толькі чорна-белае фота. Цела не даставалі з меха: казалі, вывозьце і глядзіце дзе заўгодна – без следчага апазнання не будзе. А той ехаць адмаўляўся. Калi апазнанне ўсё ж адбылося, тату было вельмi цяжка – бо, па словах адваката сям’i, цела Мiкiты моцна змянілася.

Ды, зрэшты, справа ўжо і не ў Мікіту. Хтосьці хоча, каб мы праглынулі версію пра самагубства. Як Ганчара, Завадскага, Захаранку, Плошчу-2010, Дзень Волі-2017... Няўжо праглынём, а, беларусы?  

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты