Все новости

Артур Удрыс: «Спартовае асяроддзе даволі нарцыстычнае, тут перад табой ставяцца мэты, важнейшыя нават за здароўе»

21 августа 2022, 10:07

31-гадовы валейбаліст, актывiст SOS_BY, падпісант ліста за сумленныя выбары Артур Удрыс распавёў, у чым, на ягоную думку, канфліктуюць звычайная псіхалогія і спартовая.

– Чым вы цяпер займаецеся?

– У маі скончыўся мой кантракт з клубам у Салоніках, пазней скончылася і грэцкая віза. Шукаў краіну, куды не трэба віза, і прыехаў у Сербію, але гэта не лепшае падарожжа. Тут шмат ватнікаў, ды і сербы – рускамірцы, якія вельмі падтрымліваюць Пуціна, атмасфера трохі прыгнятальная. Кажуць, што сербы любяць рускіх больш, чым рускія самі сабе любяць.

Цяпер рыхтуюся да новага сезона, а таксама пішу артыкулы па псіхалогіі ў свой невялікі блог. З 1 верасня вяртаюся на вучобу [ва Усходнееўрапейскі інстытут псіхааналізу], пачну там апошні курс. Новы клуб? Планы ёсць, але новы кантракт пакуль што не падпісаны.

– Як валейбаліст апынуўся ў псіхалогіі?

– Упершыню ёй зацікавіўся, калі ў маім жыцці быў цяжкі перыяд, я дрэнна ўпісваўся ў каманду і шмат трывожыўся. Адчуваў, што перажываю даволі высокі ўзровень стрэсу, і пачаў шукаць дапамогу. Папрацаваў з псіхатэрапеўтам, зацікавіўся гэтай тэмай і пачаў чытаць кніжкі па псіхалогіі. У нейкі момант зразумеў, што кніжак мне ўжо мала і трэба вучыцца далей, увогуле хацеў бы пасля заканчэння кар’еры ісці працаваць псіхатэрапеўтам. Так і пачаў вучыцца. Зараз крыху цікаўлюся псіхааналізам і крыху – гештальтам, бяру патроху з абодвух кірункаў.

– Спартовая псіхалогія вас цікавіць?

– Цікавіць, але быць выключна спартовым псіхолагам не хачу, бо там ёсць непрыемныя для мяне моманты. Спартовае асяроддзе даволі нарцыстычнае, у спорце перад табой ставяцца мэты, якія ты абавязкова павінен дасягнуць, яны важнейшыя за ўсё астатняе, нават за здароўе. У гэтым сэнсе спартовая псіхалогія не спалучаецца са звычайнай псіхалогіяй.

Напрыклад, чалавек кажа, што ён страціў матывацыю хадзіць на працу. Звычайны псіхолаг пачне разбірацца, што не так з працай, магчыма, чалавек не можа знайсці супольную мову з калегамі ці эмацыйна выгарэў. Спартовы псіхолаг больш будзе займацца павышэннем матывацыі, а не пошукам прычын яе зніжэння, і гэта часам супярэчыць прафесійнай этыцы. Калі спартсмен ідзе да псіхолага, каб палепшыць свае вынікі, я б дасягаў гэтага праз паляпшэнне адносін з камандай, павышэнне каманднага духу і зніжэнне стрэсу, а не праз прымушэнні і працу над сілай волі, – расказаў Удрыс.