Tribuna/Футбол/Блогі/Хто сабраўся працягваць справу Капскага. 7 фактаў пра Пархомчыка і футбол

Хто сабраўся працягваць справу Капскага. 7 фактаў пра Пархомчыка і футбол

Адпускаў Крывушэнку ў зборную, прыбіраў Скрыпчанку, але ўвогуле больш любіць бокс.

Аўтар — bytribuna com
5 сакавіка, 12:00
Хто сабраўся працягваць справу Капскага. 7 фактаў пра Пархомчыка і футбол

2 сакавіка «Тарпеда-БелАЗ» упершыню ў сваёй гісторыі ўзяло Суперкубак Беларусі, у серыі пенальці абгуляўшы мінскае «Дынама». І некаторыя элементы святкавання ў жодзінскай камандзе былі своеасаблівымі.

Распірала радасцю, паводле яго слоў, і Пятра Пархомчыка, былога старшыню агульнага сходу ўдзельнікаў клуба (там гэта галоўны орган кіравання). Цяпер намеснік кіраўніка «кабміна» Лукашэнка прыехаў на матч – і пасля поспеху запэўніваў: трафей, да якога нярэдка ставяцца як да чарговага спарынгу, – гэта «вялікая перамога», а праз падзеі матчу «сэрца ледзь не спынілася». А далей была яшчэ больш ліхая заява.

«Сённяшняя перамога зводзіць нас з розуму. Мы да яе ішлі вельмі доўга, пераадолелі напружаную барацьбу, стварылі ўмовы для працы футбалістаў, стварылі сам клуб. Гэта сапраўдная вытворчая каманда, яе падтрымлівае вельмі шмат людзей. Думаю, што мы ў нейкай ступені зʼяўляемся прадаўжальнікамі справы Анатоля Капскага. Перамогі на міжнародным узроўні – вось да чаго мы імкнемся!» – выдаў Пархомчык.

Сутнасць прамовы рэжымніка, які відавочна і сёння не аддаліўся ад «Тарпеда-БелАЗ», зразумелая: Пархомчык хоча бачыць крутой каманду, што носіць назву завода, як тое было ў БАТЭ і Капскага. Праўда, «прадаўжальнікамі справы» сябе называць лагічна не пасля выйгрышу Суперкубка, а ўслед за якім-небудзь міжнародным поспехам – але там у «Тарпеда-БелАЗ» пакуль толькі мэты, якія вельмі складана выканаць без чэмпіёнства.

Мы ж расказваем, што вядома пра Пархомчыка ў футбольным плане і чым ён займаецца цяпер.

Дапамагаў МТЗ-РІПА

Пархомчык больш за 30 гадоў адпрацаваў на Мінскім трактарным заводзе, прайшоўшы ад вучня свідравальшчыка да першага намесніка генеральнага дырэктара, якім стаў у 2004-м. У тым жа годзе ў Д1 дэбютаваў МТЗ-РІПА. А перад сезонам-2005 у клуб з БАТЭ перайшоў Юрый Пунтус, з якім МТЗ-РІПА адразу ўзяў Кубак Беларусі і бронзу ЧБ, згуляў у еўракубках. Па ўспамінах трэнера, Пархомчык усяму гэтаму паспрыяў.

– Чалавек быў улюблёны ў футбол, таму дапамагаў МТЗ-РІПА. Мы добра размаўлялі. Ён часта лятаў з камандай на міжнародныя матчы, – казаў Пунтус.

Вырашаў пытанні «Тарпеда», якое пры ім стала «Тарпеда-БелАЗ»

У 2007-м Пархомчыка перавялі на пасаду генеральнага дырэктара завода БелАЗ, на якой ён прабыў да пачатку лета 2020-га. Старонка пра гісторыю на клубным сайце «Тарпеда-БелАЗ» кажа, што ў 2007-м тады яшчэ проста «Тарпеда» дзякуючы «роўнаму фінансаванню» пасля 11-га месца ўзляцела на чацвёртае. Аднак у 2008-м каманда стала 13-й з 16, плюс дамашнія матчы праводзіла ў Барысаве. Пасля сезона расійскі ўласнік «Тарпеда» Міхаіл Міраненкаў казаў, што не можа ўдзельнічаць ва ўладкаванні жодзінскага стадыёна, бо той належыць БелАЗу, а інфармацыю пра фінансавыя праблемы адмаўляў.

«Абяцалі рабіць стадыён – робім. Гэтае вельмі дарагое будаўніцтва. Ці стане БелАЗ заснавальнікам «Тарпеда»? Я такога не казаў. Утрымліваем каманду, былі і будзем генеральным спонсарам. Цяпер цяжкі час, у горадзе шмат пытанняў», – каментаваў тады Пархомчык.

У 2010-м «Тарпеда» стала ў Д1 11-м з 12, захаваўшы месца ў эліце праз «стыкі». Пасля гэтага, у 2011-м, завод Пархомчыка ўсё ж такі атрымаў у «Тарпеда» «кантрольны пакет», з чым сайт звязвае «рэзкае паляпшэнне фінансавага стану» клуба, які неўзабаве пачаў называцца «Тарпеда-БелАЗ». З таго часу праблем з грашыма ў футбольным Жодзіне не было.

Тыя, хто ў 2010-х супрацоўнічаў з «Тарпеда-БелАЗ», не раз пазітыўна адгукаліся пра Пархомчыка – па іх словах, ён увесь час прыходзіў на матчы клуба, забяспечваў дапамогу ад завода, нават калі БелАЗу было нядобра праў эканамічныя крызісы, ды і наогул «адзін вырашаў асноўную масу пытанняў». Стварэнне клубнай базы таксама заносілі ў заслугі Пархомчыку. У 2018-м Вадзім Бразоўскі, які шмат гадоў правёў у клубе гульцом і супрацоўнікам, сцвярджаў, што «столькі ўвагі футболу не надаваў ніхто з ранейшых дырэктараў прадпрыемства». Фармалізавала ўплыў Пархомчыка пасада старшыні агульнага сходу ўдзельнікаў клуба, якую ён займаў нават некаторы час пасля пераводу з заводу на пасаду рэжымнага «міністра прамысловасці» у пачатку чэрвеня 2020-го.

Дазволіў Крывушэнку трэнаваць зборную

З канца 2012-га «Тарпеда-БелАЗ» трэнаваў Ігар Крывушэнка – але ў 2017-м атрымаў запрашэнне ўзначаліць зборную Беларусі. Коўч палічыў, што не можа сысці з клуба, і прапанаваў сумяшчэнне.

«Лічу, што я чалавек словы. І яшчэ перад пачаткам чэмпіянату я Пятру Санычу [Пархомчыку] паабяцаў, што гэты сезон я абавязкова адпрацую ў клубе. Калі паступіла прапанова ад зборнай, мы паразмаўлялі. Пархомчык сказаў: «Калі зможаш [сумяшчаць], то працуй, напрамілы Бог», – казаў Крывушэнка вясной 2017-га.

Сваё абяцанне трэнер не стрымаў – у ліпені таго ж года сышоў з «Тарпеда-БелАЗ», каб засяродзіцца на зборнай.

Прыбіраў Скрыпчанку і абараняў Пунтуса

Пархомчык у цэлым меў дачыненне да прыходаў і сыходу трэнераў. Так, пасля сезона-2018 «Тарпеда-БелАЗ» расстаўся з Алегам Кубаравым – па чутках, праз нейкія рознагалоссі з Пархомчыкам. Новым галоўным стаў Вадзім Скрыпчанка – але 10 верасня 2019-га абвясцілі і пра яго сыход. Як потым стала вядома «Трыбуне», гэта было аднаасобнае рашэнне Пархомчыка (падрабязней ніжэй), роўна як і запрашэнне наступным трэнерам Пунтуса.

«Увечары 2 верасня мне патэлефанаваў Пархомчык, сказаў, што клуб мае намер расстацца са Скрыпчанкам, у якасці замены выбар упаў на мяне. І гэта нягледзячы на тое, што я ўзначальваў «Белшыну». Прыйшоў да высновы: калі «Белшына» выйграе наступныя два матчы, то і без мяне справіцца [з выхадам у Д1]. Таму сказаў: «Давайце вернемся да вашай прапановы праз два тыдні». Пасля другой перамогі прыехаў на сустрэчу з Пятром Аляксандравічам, мы пра ўсё дамовіліся», – казаў Пунтус, дадаючы, што яго «сумленне чыстае» перад Скрыпчанкам.

З Пунтусам жа Пархомчык паводзіў сябе інакш – у канцы 2019-га абараняў перад заўзятарамі, якія напісалі на імя дырэктара завода ліст незадаволенасці. Цікава, што тады Пархомчык сказаў фанатам, што ў яго «не так шмат часу, каб паглыбляцца ў футбольныя справы» – хоць да гэтага ў Жодзіна пастаянна казалі, што функцыянер нібыта паспявае ўсё. Як бы там ні было, Пархомчык нездарма верыў, што на 2020-ы Пунтус «выбудуе каманду» – у тым сезоне «Тарпеда-БелАЗ» узяло бронзу.

Не даў моцна разгарнуцца ключавому фігуранту справы «Шахцёра»

Перад сезонам-2019 у «Тарпеда-БелАЗ» прыйшоў не толькі Скрыпчанка: у трэнерскім штабе ўзнік літовец Томас Ражанаўскас, а намеснікам дырэктара клуба, дэ-факта адказным за трансферы, стаў Спартак Мелкумян з Латвіі. Абодва яны да таго працавалі ў «Спартаку» Юрмала – клубе, дзе сябрам праўлення быў расійскі агент Яўген Култаеў. «Трыбуне» ўдалося даведацца, што ўсё гэта – звязаныя паміж сабой факты. Култаеў да 2019-га стаў шмат што вырашаць у салігорскім «Шахцёры» – і змог прасунуць сваіх людзей і ў клуб іншага буйнога прадпрыемства.

У «Тарпеда-БелАЗ» гэтак жа, як у «гарнякоў», адразу сталі зʼяўляцца незразумелыя легіянеры з вялікімі заробкамі. Пры гэтым ад барацьбы за медалі каманда была вельмі далёкая. І ў верасні Пархомчык сваім рашэннем памяняў трэнера, а ў канцы сезона зʼехалі Ражанаўскас і Мелкумян – увогуле, моцна разгарнуцца Култаеву ў «Тарпеда-БелАЗ» не далі.

Затое каламутныя справы працягнуліся ў «Шахцёры» – скончылася ўсё абвінавачваннем у дамоўных матчах, пазбаўленнем чэмпіёнства і крымінальнай справай, у тым ліку на Култаева, якога ў працэсе назвалі «фактычным кіраўніком» клуба. У Беларусі агента не змаглі пасадзіць – ён быў і застаўся за мяжой, – таму кінулі за краты яго сына, які выконваў ролю «курʼера» у некаторых грашовых справах клуба.

Уваходзіў у выканкам АБФФ

У сакавіку 2019-га Пархомчык быў вылучаны ў сябры выканкама АБФФ. Пры 81 дэлегаце дырэктар БелАЗа ледзь набраў патрэбную палову галасоў – атрымаў 42 штукі. На адзнацы 41 тады ледзь не зладзілі перавыбары.

Пархомчык правёў у выканкаме ўвесь чатырохгадовы тэрмін, але публічна ўвогуле нічым у гэтай ролі не вызначыўся – і ў 2023-м проста не выйшаў на новыя «выбары».

Узгадніў максімальна шчодрую акцыю для заўзятараў

У 2018-м «Тарпеда-БелАЗ» пабіла рэкорды шчодрасці для заўзятараў – сярод уладальнікаў абанементаў разыгралі прызоў на 30 з лішнім тысяч долараў! Асноўны вартасць складалі два байка Harley-Davidson, а яшчэ былі плазменны тэлевізар, ноўтбук, планшэт, смартфон і дзесяць мячоў з аўтографамі футбалістаў. Прычым прэтэндавала на ўсё гэта ўсяго каля 350 чалавек – то-бок шанец выйграць быў значна вышэйшы, чым у звычайнай латарэі.

Як тады казалі ў клубе, натхніў іх Пархомчык. Яшчэ ў 2016-м ён хацеў разыграць сярод заўзятараў аўтамабіль, але не склалася. А ў 2018-м яму нагадалі, прапанавалі замяніць прызы на матацыклы – і кіраўнік БелАЗа як кіраўнік вышэйшага органа кіравання клуба ўзгадніў акцыю.

Застаўся лаяльны рэжыму ў 2020-м – магчыма, гэта дапамагло клубу не падпісвацца

За два месяцы да выбараў-2020 Пархомчыка паставілі рэжымным «міністрам прамысловасці». Калі ў першыя дні пасля фальсіфікацыі галасавання ў адказ на гэта і беспрэцэдэнтныя зверствы «сілавікоў» на беларускіх прадпрыемствах узніклі страйкавыя настроі, Пархомчык прыехаў на БелАЗ – паводзіў сябе з рабочымі рэзка, а аднаму выдаў ідэальную для рэжымніка фармулёўку: «У цябе праца ёсць. Што яшчэ трэба? Ідзі працуй». Заадно ахова завода сілай выштурхнула журналістаў з тэрыторыі.

У верасні 2020-га Пархомчык апынуўся на «таемнай інаўгурацыі» Лукашэнкі – ды і потым не даваў падстаў сумнявацца ў лаяльнасці. Пры гэтым, калі ў белспорце зʼявіўся ліст за рэжым, з гульцоў «Тарпеда-БелАЗ» подпісы ніхто не выбіваў – як і з іншых клубаў з «вялікімі» рэжымнікамі ў апекунах.

Дарэчы, Пархомчык аказаўся нейкім спецыялістам па інаўгурацыях – у 2023-м паляцеў ад рэжыму ўдзельнічаць у такой цырымоніі ў Зімбабвэ.

Апякуецца над боксам

«Мінпрам» падтрымлівае многія віды спорту. Гэта футбол, гандбол, пляжны футбол», – казаў Пархомчык у 2021-м. Датычыцца гэта і БелАЗа – пры Пархомчыку ў 2008-м завод атрымаў статус сузаснавальніка ў шматразовым пераможцы жаночага чэмпіянату Беларусі па гандболе, які з тых часоў называецца «БНТУ-БелАЗ», а з 2016-га прадпрыемства можна ўбачыць на форме зборнай Беларусі па пляжным футболе, самай паспяховай з гульнявых проста сёння.

Зрэшты, галоўнае захапленне Пархомчыка ў спорце – не гульнявыя віды. «У дзяцінстве займаўся боксам. У калектыўных відах, напрыклад, у футболе, ты можаш схавацца, зрабіць выгляд, што гуляеш. А ў боксе не схаваешся», – выдаваў куратар «Тарпеда-БелАЗ» у 2017-м. Таму нядзіўна, што ў выніку Пархомчык апекуецца над боксам у якасці кіраўніка апякунскай рады беларускай федэрацыі. Яе старшыня Аляксандр Батвіннік працаваў у Пархомчыка памочнікам на БелАЗе, а першы намеснік старшыні – мяркуючы па ўсім, брат Пархомчыка (тое ж прозвішча, тое ж імя па бацьку, падабенства ў знешнасці). Зрэшты, беларускі бокс, нягледзячы на такую падтрымку, нядаўна правёў вельмі недарэчны ўнутраны чэмпіянат.

У асноўнай дзейнасці Пархомчыка, якога ў 2022-м перасунулі на пасаду намесніка кіраўніка рэжымнага «кабміна», усё тыпова для такой пасады: экс-кіраўнік БелАЗа ўвесь час гаворыць пра інтэграцыю з Расіяй, пра імпартазамяшчэнне (з дапамогай расійскіх крэдытаў), пра тое, што санкцыі беларускай прамысловасці нібыта нізашто, ды і, маўляў, увогуле ў краіны «добрыя фінансавыя паказнікі» і «станоўчая дынаміка развіцця эканомікі». Губляемся ў здагадках, чаму ж тады рэжым так імкнецца ўрэзаць беларусам сацпакет.

Дачка працавала на Чыжа і заўзела за Расію ў хакеі

Перасякалася з футболам і дачка Пархомчыка Валерыя. Пасля БДЭУ яна адразу стала спецыялістам па маркетынгу ў кампаніі «Трайпл» тады яшчэ ўласніка мінскага «Дынама» Юрыя Чыжа, а следам у дзяўчыны ў сацсетках сталі зʼяўляцца фота з маскотам клуба. А яшчэ ў 2015-м дачка Пархомчыка заўзела за Расію на хакейным ЧС. У 2022-м стала вядома, што муж дзяўчыны жыве ў Еўразвязе, з якім так варагуе рэжым з Пархомчыкам у верхавіне.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты