Чэмпіёнская баржа замест аўтобусу і каля мільёна заўзатараў. У Більбаа вельмі грандыёзна адсвяткавалі Кубак
Яны чакалі гэтага дня 40 гадоў.
Чэмпіёнскі аўтобус – занадта банальна! Чэмпіёнская баржа – іншая справа. Так падумалі ў Більбаа і спусцілі на ваду легендарную La Gabarra. Пераможца Кубка Іспаніі «Атлетык» адсвяткаваў трафей на судне, якое апошні раз выкарыстоўвалі пасля чэмпіёнства 40 гадоў таму. Па розных падліках на вуліцы Більбаа выйшлі каля мільёна заўзатараў. На набярэжных было мора фанатаў у клубных колерах. А балконы і дахі ўздоўж ракі здавалі ў арэнду за вялікія грошы. Некаторым шчасліўчыкам пашанцавала праплысці на лодцы побач з камандай. Выглядала усё гэта вельмі грандыёзна.
Дарэчы, ідэя з баржай належыць суседзям «Атлетыка» – сціпламу клубу «Асера». Яны ажыцявілі задумку яшчэ ў 1924-м годзе, пасля перамогі ў другой лізе. Але тады і футбол у баскскім рэгіёне не быў такім папулярным.