Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Казахстан – гэта не толькі грошы і медалі, але і боль: 6 вядомых беларусаў там абламаліся ў сезоне-2023

Казахстан – гэта не толькі грошы і медалі, але і боль: 6 вядомых беларусаў там абламаліся ў сезоне-2023

Калісьці лічыліся гонарам краіны.

Аўтар — bytribuna com
10 лістапада, 23:59
Казахстан – гэта не толькі грошы і медалі, але і боль: 6 вядомых беларусаў там абламаліся ў сезоне-2023

За пару беларусаў па выніках чэмпіянату Казахстана сапраўды можна парадавацца. Трэнер Аляксандр Сяднёў і форвард Усевалад Садоўскі сталі ўладальнікамі залатых медалёў. Адназначна малайцы!

Аднак з 24 беларусаў, якія прайшлі праз турнір, хапае і тых, для каго сезон-2023 склаўся няўдала. Ад гэтых людзей працадаўцы дакладна чакалі большага, але атрымалі вось што.

Аляксандр Гутар, «Аксу»

3 матчы, 6 прапушчаных мячоў

Кім прыходзіў: каля года не мог уладкавацца на Радзіме праз палітычныя рэпрэсіі, але да таго гуляў у чэмпіёнскай камандзе. На карысць кіпера былі і досвед, і званне найлепшага гульца Беларусі-2011.

Што атрымалася: правёў за каманду-аўтсайдэр, якая вылецела з КПЛ, усяго тры матчы, затое прапусціў у іх шэсць мячоў. Запрашаўся як першы нумар, але вельмі хутка патрапіў у запас. Атрымаў ад трэнерскага штабу прэтэнзіі за няважную фізічную форму і занадта простыя прапушчаныя мячы. Наўрад ці ў БАТЭ атрымаецца горш.

Андрэй Салавей, «Аксу»

13 матчаў, 2+1 па «гол+пас»

Кім прыходзіў: атрымаўшы статуэтку найлепшага футбаліста Беларусі-2021, ураджэнец Бярозы не прыжыўся ў «Шахцёры». Арэнда ў «Аксу» здавалася выдатным шанцам перазапусціць карʼеру і паспрабаваць сябе ў новым чэмпіянаце.

Што атрымалася: беларуса ў «Аксу» выкарыстоўвалі на пазіцыі нападаючага, на якой ён выступаў у «Гомелі». Але статыстыка набегла сціплая (2 галы), а Салавей правёў за каманду толькі палову матчаў. Ужо былы галоўны трэнер клуба Руслан Кастышын не разумеў, чаму легіянер, які добра глядзеўся на трэнаваннях, раствараўся на полі, выходзячы ў стартавым складзе. Пасля вылету «Аксу» з апошняга месца Салавей вярнуўся ў Салігорск.

Уладзіслаў Касмынін, «Мактаарал»

0 матчаў

Кім прыходзіў: летам 2023-га ў «Мактаарале», які змагаўся за выжыванне, спадзяваліся, што дасведчаны цэнтральны абаронца павялічыць канкурэнцыю і дапаможа захаваць элітную прапіску. Беларус гуляе ў Сярэдняй Азіі з 2017 года, сабраў нямала тытулаў, а таму мае пэўную рэпутацыю.

Што атрымалася: не здолеў выцесніць з цэнтру абароны свайго суайчынніка Руслана Юдзянкова (26 матчаў, 0+2), які да таго ж быў капітанам калектыву. За паўгода Касмынін не правёў ніводнага матчу ў КПЛ і за тым, як яго каманда паступова паднімаецца ў бяспечную зону, назіраў выключна з лавы запасных.

Дзмітрый Падстрэлаў, «Каспій»

13 матчаў, 2+2 па «гол+пас»

Кім прыходзіў: пасля 5+4 у 28 матчах за «Шахцёр» у чэмпіянаце-2022 паўабаронца вырашыў, што час ехаць за мяжу. Зімой Падстрэлавым цікавіліся клубы з чэмпіянатаў Расіі і Ізраіля, аднак, па словах футбаліста, кіраўнікі «Каспія» аказаліся самымі настойлівымі.

Што атрымалася: здавалася б, выніковасць Падстрэлава на новым месцы не змянілася, аднак ёсць нюанс. У Казахстане ён куды часцей праводзіў па 90 хвілін на полі, чым у Беларусі. У выніку калі ў ЧБ паўабаронцу патрабавалася 185 хвілін, каб набраць выніковы бал, то ў КПЛ – 251 хвіліна. Пры гэтым «Каспій» па выніках першага круга стаў перадапошнім. Праз няўдачы клубнае кіраўніцтва было незадаволенае гульнёй легіянераў, якіх запрашалі на лідарскія пазіцыі. Вынікам стала прапанова зрэзаць заробак. Гэта не задаволіла Падстрэлава, як і яшчэ аднаго беларуса Аляксея Залескага (9 матчаў, 2+1), таму кантракты з імі былі скасаваныя датэрмінова. Неўзабаве Падстрэлаў падпісаўся з БАТЭ (забіў два мячы ў пяці гульнях чэмпіянату), а Залескі адправіўся ў «Тарпеда-БелАЗ» (правёў шэсць матчаў).

Макс Эбонг, «Астана»

19 матчаў, 0+2 па «гол+пас»

Кім прыходзіў: прыйшоў яшчэ ў студзені 2020-га за чвэрць мільёна эўра. Стабільна гуляў за «Астану» – некалі найлепшую каманду Казахстану.

Што атрымалася: казахстанскія эксперты адзіныя ў меркаванні, што хаўбек правёў не найлепшы сезон. Гэта пацвярджае і статыстыка: самы дарагі беларускі футбаліст проста цяпер па версіі Transfermarkt (1,2 млн еўра) адзначыўся ў КПЛ-2023 усяго двума асістамі, што нязвыкла мала для яго. За папярэднія сезоны ён набраў куды больш – 7 +14 у 60 гульнях (у сярэднім адзін пункт за тры матчы).

Вынікі каманды таксама не ўразілі. На ўнутранай арэне «Астана» фінішавала другі, саступіўшы пяць пунктаў «Ардабасы». Некалі гегемон казахстанскага футбола за апошнія чатыры сезоны ўсяго раз станавіўся чэмпіёнам (2022) – у 2020-м першым быў «Кайрат» Аляксея Шпілеўскага, а ў наступным годзе золата ўзяў «Табол». Затое ўпершыню з 2019-га «Астана» дабралася да групы еўракубкаў. На сёння каманда Эбонга змагаецца за плэй-оф Лігі канферэнцый.

У канцы 2023-га кантракт легіянера з «Астаной» заканчваецца, і ўсё ідзе да таго, што беларус пакіне Казахстан. Некалі футбаліст казаў, што марыць паспрабаваць свае сілы ў чэмпіянаце Іспаніі.

Дзмітрый Бяссмертны, «Актобэ»

5 матчаў, 0+1 па «гол+пас»

Кім прыходзіў: першую палову 2023-га правёў у спадзеве выбрацца з чорнага спісу лукашэнкаўскага Мінспорту і трапіць у заяўку БАТЭ. Да канца лета развітаўся з гэтай надзеяй і ў жніўні да канца 2023-га падпісаўся з «Актобэ».

Што атрымалася: дыспазіцыя ў табліцы на той момант прадказвала камандзе барацьбу за срэбра з «Астаной». Вялікім памочнікам у ёй Бяссмертны не стаў, а «Актобе» фінішаваў трэцім. У дзевяці заключных турах беларус зʼявіўся на полі толькі пяць разоў – і толькі аднойчы ў старце. У сярэднім вінгер гуляў па 20 хвілін. Бяссмертны запомніўся толькі асістам у матчы з аўтсайдэрам «Аксу» (1:1) (адзнака 0:50).

Бяссмертнага бралі не толькі пад срэбную гонку, але і як узмацненне ў еўракубкавай кампаніі. Аднак і там каманду чакаў правал. З Лігі канферэнцый казахстанцаў выбіў румынскі «Шэпшы» (1:1, 0:1). Легіянер паўдзельнічаў у абодвух матчах, але ў іх набегаў усяго 24 хвіліны.

Іншыя пасты блога

Усе пасты