Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/«На спрынце, Андруша!» Як склаўся сезон для героя галоўнага мема-2023 у белфутболе

«На спрынце, Андруша!» Як склаўся сезон для героя галоўнага мема-2023 у белфутболе

Распрануўся і...

Аўтар — KentYara98
4 снежня, 04:34
18
«На спрынце, Андруша!» Як склаўся сезон для героя галоўнага мема-2023 у белфутболе

У гэтым сезоне галоўны трэнер мінскага «Дынама» Вадзім Скрыпчанка стаў не толькі стваральнікам першага за 19 гадоў чэмпіёнства для клубу, але і аўтарам аднаго з галоўных мемаў у гэтым футбольным сезоне.

6 жніўня ў матчы супраць «Іслачы» на 88-й хвіліне пры ліку 3:1 на карысць дынамаўцаў спецыяліст вырашыў зрабіць замену. Замест бразільскага легіянера Арыньё, які на той момант ужо зрабіў асістэнтскі дубль, на поле мусіў выйсці Андрэй Рылач. Заклік да рэзервіста паспяшацца атрымаўся вельмі эмацыйным, да таго ж патрапіў на відэакамеры.

Пасля з'яўлення на полі маладога паўабаронцы «Дынама» прапусціла яшчэ адзін мяч, але ўсё ж скончыла сустрэчу з лікам 3:2 на сваю карысць.

Увогуле, для 21-гадовага Рылача дэбютны сезон у складзе «Дынама» артымаўся не самым яркім, калі, канешне, не лічыць узгаданага мема. Да таго падпісант праўладнага ліста выступаў за «Энергетык-БДУ», дзе апынуўся летам 2020-га. За два паўнавартасныя сезоны ў «студэнтаў» Рылач замацаваўся ў аснове і агулам правёў у чэмпіянаце 56 матчаў (3+1). Па выніках 2022-га ён увайшоў у спіс самых шматабяцальных гульцоў свету ва ўзросце да 21 года па версіі CIES Football Observatory – быў шостым сярод атакуючых паўабаронцаў.

У сезоне-2023 Рылач хоць і не змог прэтэндаваць на месца ў дынамаўскай аснове, але быў пастаянна ў ратацыі: з'явіўся на полі ў 26 матчах і вызначыўся пяццю асістамі. За галявую перадачу на 69-й хвіліне ў гульні супраць сваёй былой каманды паўабаронцу нават прызналі гульцом матча. За гэта ён атрымаў бокс з мяснымі далікатэсамі ад партнёра клуба.

На фінішы сезона Скрыпчанка не надта турбаваў свайго падапечнага спрынтамі. Даў таму ўсяго па хвіліне супраць «Нёмана», «Шахцёра» і «Гомеля», 13 хвілін супраць «Энергетыка-БДУ» і 4 хвіліны з БАТЭ, а ў чатырох заключных матчах увогуле на поле не выпускаў.

Тым не менш чэмпіёнам краіны Рылач стаў. Гэта таксама было зафіксавана ў сацсетках.

Таксама футбаліст выступае за моладзевую зборную Беларусі, прычым з'яўляецца ейным капітанам. Рылач быў непасрэдным удзельнікам усіх прыніжэнняў каманды ў гэтым годзе. Нічыі з Андорай, разгромы ад Партугаліі, параза ад Фарэраў – амаль паўсюль дынамавец адбегаў па 90 хвілін. Усяго ў матчах кваліфікацыі ЧЕ-2025 гулец правёў 13 гульняў, дзе вызначыўся адным асістам (аддаў на Максіма Касараба ў сустэчы з партугальцамі, і то быў адзіны адказ на шэсць галоў суперніка).

Самому Скрыпчанку мемная гісторыя, здаецца, спадабалася. Ён нават вырашыў паўтарыць яе пасля чэмпіёнскага матчу з «Белшынай». Толькі гэтым разам замест «Андрэйкі» героем быў Арцём Быкаў.

Кантракт Рылача з «Дынама» разлічаны яшчэ на два гады. Калі клуб утрымае Скрыпчанку, то заўзятары могуць пабачыць яшчэ не адзін яркі перформанс у выкананні гэтай пары.

Іншыя пасты блога

Усе пасты