Tribuna/Футбол/Блогі/Калі моладзевая зборная – гэта будучыня белфутбола, то яна ў нас зусім бязрадасная. Проста ганебны год для каманды

Калі моладзевая зборная – гэта будучыня белфутбола, то яна ў нас зусім бязрадасная. Проста ганебны год для каманды

Нягледзячы на маніпуляцыі з лімітам.

Аўтар — bytribuna com
21 лістапада, 12:00
4
Калі моладзевая зборная – гэта будучыня белфутбола, то яна ў нас зусім бязрадасная. Проста ганебны год для каманды

20 лістапада моладзевая зборная Беларусі правяла свой апошні матч у 2023-м – і развіталася нават з тэарэтычнымі шанцамі паехаць на Еўра-2025.

Рэальных не было даўно – пра што казаць пасля двух нічыіх з Андорай, паразы з трыма прапушчанымі мячамі ад Фарэраў, двух размазванняў партугальцамі па «-5»? Прамежкавы вынік васьмі матчаў адбору – тры нічыіх і пяць паразаў, прычым запар, чаго ў гісторыі каманды да гэтага не бывала. Таксама за першыя восем сустрэч кваліфікацыі беларуская моладзь ніколі раней не набірала менш пунктаў (столькі ж было ў адборы МЧЕ-2015), не забівала менш мячоў (тыя ж пяць былі ў адборы МЧЕ-2000), не прапускала больш (19 – абсалютны рэкорд), не мела такую дрэнную розніцу («-14») і не абыходзілася наогул без перамог.

За 2023-і беларуская зборная U-21 перамагла аднойчы – і то не аднагодкаў, а расійскую зборную U-20. Таму цягам года не раз узнікалі пытанні: як галоўны трэнер Сяргей Ясінскі захоўвае сваю пасаду? Гэта аказалася збегам фактараў – спачатку коўч пасля нічыіх з Андорай напіша пазітыўную справаздачу, якая зойдзе выканкаму АБФФ на фоне звальнення Георгія Кандрацьева з першай зборнай, затым пасля паразы ад Фарэр выявіцца, што наперадзе матчы з Партугаліяй і Харватыяй, і ў АБФФ не захацелі выракаць зменшчыка Ясінскага на старт з паразаў. Ну а сёння яго і няма чаго звальняць – кантракт і так заканчваецца 31 снежня, дастаткова не працягваць.

Сам трэнер у адстаўку ні разу не падаваў, перад свежым матчам з харватамі адмахнуўшыся ад пытання па тэме: «Вось праз тыдзень падумаю пра гэта, а пакуль у нас шмат працы, трэба даводзіць футбалістам нашыя задумы». Хаця задумы ў Ясінскага далёка не заўсёды адзіныя на ўвесь штаб.

Публічна Ясінскі тлумачыў прыкрыя вынікі ў асноўным двума фактарамі. Першы – гэта нібы нешанцаванне. Так, безнадзейныя гульні з Партугаліяй трэнер прадбачліва прыбраў у бок – і нават прывёў неправяраемую «спасылку на аўтарытэт».

- У партугальцаў футбалісты проста касмічныя, іх трэнер сказаў, мы добра гулялі супраць іх, проста шанцаў [ад самага пачатку] не было. З іншымі мы гулялі на роўных ці нават з вялікай перавагай. І з Харватыяй, і з Грэцыяй добра згулялі. Але вось нейкае нешанцаванне. Упэўнены, што [беларускія] гульцы растуць як футбалісты, і гэта заўважна. Мы павінны ў першую чаргу вучыць іх гуляць у футбол, – заяўляў Ясінскі (вучыць ён хоча 21-гадовых, вы правільна зразумелі).

А другі фактар – гэта, не паверыце, «страта гульнявой практыкі ў клубах»! На гэта Ясінскі скардзіўся неаднаразова (прыклад 1, прыклад 2), што выглядала проста смешна з улікам кантэксту. Ён такі: перад сезонам-2023 АБФФ спецыяльна пад моладзевую зборную, якой можна выкарыстоўваць футбалістаў, што народжаныя ад 1 студзеня 2002 года, устанавіла патрабаванне да клубаў «вышкі» пастаянна трымаць на полі хаця б аднаго роўна такога гульца – пры тым, што ў 2022 годзе «лімітчыкамі» лічыліся і гульцы 2000 года нараджэння, гэта значыць і так штучнае абмежаванне «нацягнулі» яшчэ больш. Плюс праз фінансавыя праблемы некаторыя клубы ўжо на этапе падрыхтоўкі да цяперашняга ЧБ сталі выкарыстоўваць адразу па некалькі гульцоў, якія пасуюць моладзевай зборнай, як «Шахцёр», а «Мінск» наогул пабудаваў на іх каманду.

Як бачым, гэта не дапамагло. Зрэшты, Ясінскі сам кідаўся ў розныя бакі – у афіцыйных матчах за ягоную каманду за год згулялі 33 чалавекі, а ў таварыскіх гэты лік павялічылася яшчэ мацней (зрэшты, у асноўным дзякуючы матчу 11 ліпеня з расійскім «Ротарам», дзе трэнер «правяраў рэзерв»). Больш за ўсё здзіўляе пры гэтым, як настойліва трэнер упіраўся ў выкарыстанне менавіта тых, у каго быў дэфіцыт клубнай практыкі – і гэта пакуль трэнер таго ж «Мінска» Сяргей Яромка не раз папракаў штаб моладзевай зборнай у недаверы яго гульцам.

Да прыкладаў: Кірыл Чарнавок згуляў дзве хвіліны ў першым матчы з Андорай – і больш за «моладзеўку» не выступаў, хоць меў пастаянную практыку ў «Мінску» і працягнуў мець у БАТЭ, дзе гульцом зацікавіліся летам. Толькі да лістапада заўважылі ў U-21, што цалкам прыстойны сезон у аснове «Іслачы» праводзіць Аляксандр Гуз. Так і не атрымаў шанцу на поле Мацвей Дукса – майстар штрафных, які прымудрыўся ў «Смаргоні» набраць 7 галоў і 8 асістаў за сезон. Затое Ягор Карпіцкі, які фактычна прасядзеў восень на лаўцы расійскіх «Крылаў Саветаў», у Ясінскага ўсё роўна выходзіў у аснове лістападаўскіх сустрэч. У верасні амаль увесь матч з партугальцамі адгуляў футбаліст «Шахцёра» Мікіта Баранок (з таго часу застаўся ў аснове), у якога да таго моманту з сакавіка ў «вышцы» было 6 хвілін практыкі. Ну а Арцём Шуманскі ўвогуле правёў за «моладзеўку» 8 сустрэч, у той час як у афіцыйных матчах за кіпрскі «Арыс» выйшаў на поле толькі сем разоў (нуль у аснове).

Хто яшчэ больш за іншых гуляў за зборную U-21 у афіцыйных матчах у яе ганебны год? Брамнікамі былі брэсцкі дынамавец Міхаіл Казакевіч (3 матчы) і Фёдар Лапавухаў з мінскага «Дынама» (5). Толькі ў абароне ёсць гульцы без пропускаў сустрэч – асноўны ў «Мінску» Максім Касараб і капітан зборнай Андрэй Рылач (ён выконваў і апорніка), які восенню зусім мала гуляе за мінскае «Дынама», але месца ў аснове «моладзеўкі» не страціў. Толькі матч з Фарэрамі прапусціў Ян Скібскі – асноўны абаронца «Віцебску» з Д2. Нямала гулялі і Глеб Якушэвіч, яшчэ адзін прадстаўнік «Мінска», і Ілля Маскаленчык з Д4 Расіі, дзе гуляе за «Зеніт-2».

Яшчэ адзін прадстаўнік Д4, але ўжо партугальскага – паўабаронца Кірыл Зіновіч, якога Ясінскі не выклікаў толькі ў лістападзе, як раз паскардзіўшыся на адсутнасць у гульца практыкі (да гэтага гульні ўзроўню Д3-Д4 Партугаліі прымаліся без нараканняў). У пяці матчах паўдзельнічалі Ілля Чарняк (большасць прыпала на кароткі восеньскі перыяд стабільнай гульні за аўтсайдэра чэмпіянату Казахстану «Каспій»), чарговы асноўны гулец «Мінска» Данііл Душэўскі і футбаліст абоймы «Іслачы» Глеб Роўда. Шэсць разоў на замену выходзіў Максім Кавалевіч, які да восені прабіўся ў стартавыя 11 у «Шахцёры». Ну і, вядома, нельга не ўспомніць пра Руслана Лісаковіча – ён улетку стаў выходзіць у аснове махачкалінскага «Дынама» у Д2 Расіі, тут жа патрапіў у аснову на два вераснёўскіх матчы «моладзеўкі», пасля гэтага ў клубе стаў зʼяўляцца радзей, але ўсё роўна адправіўся з Ясінскім у Партугалію – а там атрымаў пазафутбольную траўму і з тых часоў не гуляе нідзе. Заадно мы даведаліся, што футбалісты «моладзеўкі» ў зборнай ужываюць алкаголь.

У нападзенні ж, апроч згаданых Карпіцкага і Шуманскага, шэсць матчаў правёў Герман Баркоўскі – асноўны форвард не найдужэйшага ў цяперашнім сезоне «Энергетыка-БДУ», які ўвосень забіў за клуб шэсць мячоў (праўда, чатыры з іх з пенальці).

Зрэшты, як вядома, вынік – ужо даўно не галоўнае для беларускай сістэмы. А на фота вышэй адлюстравана, як футбалісты «моладзеўкі» ў чэрвені «ў поўным складзе» заязджалі ў Хатынь – і, калі верыць АБФФ, адзначылі, «наколькі важна сёння мірнае неба над нашай беларускай зямлёй». Ну і якія могуць прэтэнзіі да такіх надзейных грамадзян?

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты