Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Гэтыя футбалісты з’ехалі з Беларусі: адзін змяніў піва на крыпту, іншы прарываецца з Мексікі ў ЗША

Гэтыя футбалісты з’ехалі з Беларусі: адзін змяніў піва на крыпту, іншы прарываецца з Мексікі ў ЗША

А вось чым займаюцца астатнія.

Аўтар — bytribuna com
29 лютага, 06:00
Гэтыя футбалісты з’ехалі з Беларусі: адзін змяніў піва на крыпту, іншы прарываецца з Мексікі ў ЗША

Рэжымны «чорны спіс» футбалістаў і іншыя віды пераследу справакавалі ад’езд шэрагу беларускiх гульцоў за мяжу. Там хтосьці працягнуў кар’еру, а хтосьці скончыў – і пачаў новы шлях. Даведаліся, як цяпер справы ў тых, каму давялося пакінуць Радзіму.

Кірыл Алексіян, 33 гады

Абаронца пагуляў за шэраг беларускіх клубаў, а ў складзе БАТЭ ў 2011-м нават выйшаў на паўгадзіны ў матчы групы ЛЧ супраць «Барселоны». Двойчы станавіўся чэмпіёнам Беларусі, выступаў у Харватыі і Літве. У 2020-х рэжым палічыў гульца «недобранадзейным», з-за чаго Алексіян не змог знайсці новы клуб і вырашыў скончыць кар’еру. Потым здарыўся пераезд у Грузію з-за асцярогi за ўласную бяспеку. У новай краіне Алексіян пачаў трэніраваць дзяцей і дарослых аматараў. У верасні 2023-га экс-футбаліст падрабязна расказваў пра змены ў сваім жыцці.

Што цяпер? У лістападзе 2023-га жыццё Алексіяна памянялася зноў – ён пераехаў у Польшчу. Як удалося даведацца, цяпер экс-футбаліст займаецца пытаннямі легалізацыі, пры гэтым ужо месяц працуе трэнерам дзяцей 2016 года нараджэння ў школе варшаўскай «Легіі» – самага тытулаванага клуба Польшчы. Апроч гэтага, паспявае трэніраваць дарослых аматараў з Украіны і Беларусі. Невялікая дзіцячая школа, адкрытая Аляксіянам у Тбілісі, працягвае працу пад кіраваннем іншага чалавека, якому экс-футбаліст перадаў справы перад пераездам.

Віталь Гайдучык, 34 гады

Пяціразовы чэмпіён Беларусі, бронзавы прызёр маладзёжнага чэмпіянату Еўропы-2011 пакінуў беларускі футбол у пачатку ліпеня 2021 года. Тады Гайдучык і яго аднаклубнік Дзмiтрый Байдук пакінулі брэсцкае «Дынама», не пажадаўшы гуляць разам з падпісантамі за рэжым Лукашэнкі, якіх у камандзе набралася 10 чалавек.

Пасля такога Гайдучыка таксама ўнеслі ў спіс «недобранадзейных». Футбаліст жа застаўся ў Брэсце, шмат часу прысвячаў сям’і і маленькаму сыну. Форму падтрымліваў самастойна, двойчы на тыдзень трэніраваўся з мясцовым футзальным клубам «Першы рэгіён», але гуляць за яго не імкнуўся.

Што цяпер? Гайдучык спадзяваўся, што ў пачатку 2022-га яму ўдасца знайсці які-небудзь клуб, а калі не атрымалася, ціха скончыў кар’еру і перабраўся ў Польшчу. Цяпер экс-футбаліст жыве ў Варшаве. У мінулым годзе ён у складзе каманды Free SPOrT United выйграў Кубак Івуліна, працягвае гуляць на аматарскім узроўні ў турнірах 6х6. Нядаўна Гайдучык скончыў двухмесячнае навучанне на фітнес-трэнера, атрымаў дыплом і з пачатку лютага стаў працаваць персанальным коўчам у адным з трэнажорных залаў Варшавы.

Яўген Савасцьянаў, 36 гадоў

У верасні 2020-га абаронца зняўся ў відэа футбалістаў супраць гвалту. Сезон-2021 правёў у «Смаргоні», але ўжо летам таго ж года пачаў задумвацца пра пераезд у Польшчу. У канцы студзеня 2022-га Савасцьянаў перабраўся ў суседнюю краіну, дзе заключыў кантракт з клубам Д4 «Ключэвія» з горада Старгард-Шчэціньскі на захадзе Польшчы. Паралельна з футболам Яўген стаў працаваць на будоўлях на кампанію, якой валодаюць гаспадары клуба.

Што цяпер? Савасцьянаў па-ранейшаму выступае за «Ключэвiю», якая аплачвае гульцу здымную кватэру ў Старгардзе-Шчэціньскім, і паралельна працуе, толькі цяпер у прыватнай фірме, якая займаецца гідраўлічнымі і пнеўматычнымі сістэмамі. На футбольным полі за клуб у гэтым сезоне Д4 гулец правёў 16 матчаў, але цяпер аднаўляецца ад невялікай траўмы.

«Ключэвія» пасля першага круга ідзе на чацвёртым месцы ў сваёй падгрупе (12 балаў адставання ад лідараў пры адной пуцёўцы ў Д3). Клуб укладваецца ў развіццё: адкрылася акадэмія, зроблены рамонт на стадыёне, абноўленыя асноўнае і трэніровачнае палі. Па нашай інфармацыі, Савасцьянаў падвучыў польскую мову і думае наконт перспектывы стаць трэнерам у акадэміі «Ключэвіі».

Арцём Васькоў, 35 гадоў

Васькоў таксама зняўся ў відэа супраць гвалту. Апошнім клубам на Радзіме быў дзяржынскі «Арсенал», з якім гулец растаўся ў жніўні 2022-га – а новую каманду ў Беларусі знайсці не змог з-за траплення ў «чорны спіс» «мінспорту». Васькоў вырашыў завяршаць кар’еру, аднак ужо ў канцы года апынуўся ў польскай «Люблінянцы» з Д4, а ў пачатку 2023-га падпісаў кантракт з клубам той жа лігі «Сцiлон» з Гожува-Велькапольскага, дзе стаў заадно трэнерам акадэміі.

Што цяпер? Паўабаронца па-ранейшаму гуляе за «Сцiлон», які спрабуе вырашыць задачу захавання месца ў Д4 – у сваёй падгрупе пасля 18 тураў каманда ідзе на 16-м радку з 18, а вылятаюць тры клубы. На рахунку Васькова 14 матчаў (у сярэднім 70 хвілін на полі) і чатыры забітыя мячы.

Таксама Васькоў працягвае працаваць у акадэміі «Сцiлона» – трэніруе дзяцей 2014-2015 гадоў нараджэння і вучыцца на катэгорыю С.

Філіп Іваноў, 33 гады

Выхаванец мінскага «Дынама» ў Беларусі змяніў нямала клубаў, спрабаваў сябе ў Латвіі. Апошнім у кар’еры гульца клубам сталі «Крумкачы», дзе Іваноў лічыўся лакальнай легендай. Пасля сезона-2021 футбаліст перабраўся ў польскі Кракаў, дзе ў 31 год скончыў кар’еру і пачаў новае жыццё. Іваноў зарабляў таксістам, шмат часу праводзіў з сям’ёй і падарожнічаў. У жніўні 2022-га прыняў удзел у першым Кубку Івуліна ў складзе адной з каманд з сістэмы Team Ivulin, таксама гуляў з аматарамі ў турнірах 6х6 і 7х7.

Што цяпер? Пошук інфармацыі пра Іванова аказаўся няпростым, аднак «Трыбуне» атрымалася даведацца, што цяпер экс-футбаліст у не самым прыемным становішчы. У мінулым годзе Іваноў з сям’ёй вырашыў перабрацца ў ЗША, выбраўшы шлях праз Мексіку, аднак пакуль што не здолеў трапіць у Штаты і затрымаўся ў мексіканскім прыграніччы. Колькі яшчэ давядзецца пражыць у «падвешаным» стане, невядома.

Яўген Касцюкевіч, 34 гады

Яшчэ адна легенда «Крумкачоў» – аўтар памятнага гола праз усё поле ў вароты «Віцебска» ў 2017-м, па сутнасці, усю кар’еру правёў у форме мінчан. Паралельна з футболам брамнік паспяваў займацца ўласным бізнесам – у родным Жодзіне разам з таварышам трымаў краму разліўнога піва «Шчука», у вольны ад трэніровак час займаўся пастаўкамі прадукцыі і часцяком сам стаяў за прылаўкам. У сярэдзіне 2019-га Яўген пакінуў «Крумкачы» і з’яўляўся на футболе толькі ў якасці гледача.

Што цяпер? Вось ужо некалькі гадоў пра Касцюкевіча нічога не чуваць. Як удалося даведацца «Трыбуне», цяпер экс-варатар жыве ў Варшаве і пагружаны ў сферу крыптавалюты. Па звестках нашых суразмоўцаў, цяперашняе жыццё Касцюкевіча можна цалкам назваць паспяховым і вельмі камфортным.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты