Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Нармальны, старанны, з завышанай самаацэнкай. Што Нікіфарэнка крычаў Скрыпчанку падчас класіка

Нармальны, старанны, з завышанай самаацэнкай. Што Нікіфарэнка крычаў Скрыпчанку падчас класіка

Лічыць сябе вартым чэмпіянату Іспаніі або Англіі.

Аўтар — bytribuna com
11 сакавіка, 16:46
Нармальны, старанны, з завышанай самаацэнкай. Што Нікіфарэнка крычаў Скрыпчанку падчас класіка

10 сакавіка прайшоў матч у адказ паміж БАТЭ і мінскім «Дынама» ў чвэрцьфінале Кубка Беларусі. І атрымаўся ён агнявым: шэсць галоў, серыя пенальці, перамога сталічнага клуба. А яшчэ шмат эмоцый. Самыя яркія – паміж паўабаронцам Барысава Алегам Нікіфарэнкам і галоўным трэнерам мінчукоў Вадзімам Скрыпчанкам. 22-гадовы футбаліст, адкрыўшы лік на 42-й хвіліне, пабег святкаваць поспех да лаўкі запасных «Дынама», трэнера гэта зачапіла – ледзь не адбылася сутычка.

«Трыбуна» даведалася, што крычаў футбаліст у бок былога трэнера, і наколькі ў прынцыпе такія паводзіны зʼяўляюцца тыповымі для Нікіфарэнкі.

Пра няпростыя ўзаемаадносіны Нікіфарэнкі і Скрыпчанкі вядома даўно. Яшчэ ў жніўні мінулага года «Трыбуна» расказвала, як футбаліст, які на той момант выступаў за «Дынама», трапіў у няміласць да трэнера, быў сасланы ў дубль і застаўся без гульнявой практыкі. Скрыпчанка лічыў, што паўабаронца выглядае слабей за канкурэнтаў, а той крыўдзіўся і лічыў, што варты быць адным з асноўных выканаўцаў. У выніку адносіны распаліліся да такога ўзроўню, што пасля 16 хвілін у матчы ў адказ кваліфікацыі Лігі канферэнцый Нікіфарэнка за «Дынама» больш наогул не выходзіў.

Гулец у міжсезонне наўпрост заявіў, што ў яго канфлікт са Скрыпчанкам, і прызнаўся, што гульні за БАТЭ супраць «Дынама» будзе лічыць для сябе асаблівымі.

Па словах інфармаваных суразмоўцаў, у гульца засталася моцная крыўда на тое, што ў мінскай камандзе яго не ставілі ў склад.

– Было зразумела, што Алег вельмі паспрабуе забіць у матчы, і што калі ён гэта зробіць, то што-небудзь абавязкова зладзіць. Напэўна, чагосьці чакаць ад яго трэба было. У выніку атрымалася вось такое святкаванне, – распавёў «Трыбуне» адзін з удзельнікаў класіка.

Пры гэтым нашыя суразмоўцы, якія знаёмыя з Нікіфарэнкам і яго характарам, сцвярджаюць, што правакацыйныя паводзіны з мэтай падчапіць крыўдніка не зʼяўляюцца для яго тыповымі. Але эмоцыі ад няўдачы ў «Дынама» прывялі да такога ўсплёску.

– У Алега ёсць такая рыса, як завышаная самаацэнка. Гэта выразна выяўлялася і ў минскім клубе, – кажа адзін з дасведчаных суразмоўцаў. – Скрыпчанка ставіў у склад тых, каго лічыў на канкрэтны момант сапраўды наймацнейшым, не дапускаў ніякіх патуранняў або асаблівага стаўлення да гульцоў. Нікіфарэнка ж лічыў, што яго ўсаджваюць у запас незаслужана. Ён увогуле лічыў сябе ледзь не найлепшым ва ўсім чэмпіянаце Беларусі на сваёй пазіцыі. А тут во Скрыпчанка яго не ставіць у аснову. У выніку – крыўды і капрызы.

Па нашых звестках, амбіцыйнасць Нікіфарэнкі выяўлялася і ў ранейшых клубах, дзе ён мог прадэманстраваць незадаволенасць рашэннем трэнера, які не выпусціў яго ў старце. Напрыклад, мог на трэнінгу не на 100 працэнтаў выканаць тое ці іншае практыкаванне. Аднак ніколі, паводле суразмоўцаў, не даходзіла да нейкіх дэманстратыўных жэстаў. Усё вырашалася мірна, праз размовы і тлумачэнні. Зрэшты, настолькі нацягнутых стасункаў, як са Скрыпчанкам, у Нікіфарэнкі не было ні з кім з папярэдніх трэнераў.

– Сам па сабе Алег – хлопец нармальны, старанны, неканфліктны. Проста ён сапраўды лічыць сябе годным ледзь не іспанскага чэмпіянату ці англійскага. Але пакуль – у БАТЭ, – падзяліўся меркаваннем пра гульца яшчэ адзін спецыяліст, які ведае Нікіфарэнку. – У мінулым годзе такая амбіцыйнасць і самаўзвышэнне яму перашкодзілі.

10 сакавіка Нікіфарэнка адкрыў лік у матчы і пабег святкаваць да лавы запасных «Дынама». А што ён крычаў у бок трэнераў мінчукоў?

– Там сапраўды было без складаных сказаў, ніякай мацяршчыны ці чагосьці такога, – кажа адзін з удзельнікаў сустрэчы. – Нікіфарэнка крычаў нешта тыпу «Так! Так!» Проста самі па сабе паводзіны і крыкі менавіта ў бок Скрыпчанкі аказаліся правакацыяй, якая раззлавала трэнера. Гэта не была рэакцыя на нейкія словы.

Рулявы «Дынама» кінуўся да гульца, але яго адцягнуў рэзервовы арбітр. Пры гэтым ні Скрыпчанка, ні Нікіфарэнка за паводзіны не атрымалі папярэджанняў ад Віталя Шымусіка.

– На самай справе тут эпізод на вырашэнне суддзі. Калі гульня да таго моманту ішла без асаблівага нерва і напружання (а яно было менавіта так), то можна было абысціся без папярэджанняў. Шымусік вырашыў не выпісваць «гарчычнікі», і ён меў на гэта права. З іншага боку, калі б прадʼявіў папярэджанні, то таксама меў бы рацыю, – разважае адзін з суддзяў ЧБ.

А ці будзе прымяняць нейкія санкцыі БАТЭ ў дачыненні да Нікіфарэнкі? Па нашай інфармацыі, у Барысаве не бачаць нічога заганнага ў паводзінах гульца, таму і нейкіх санкцый, хутчэй за ўсё, не будзе.

Нашыя суразмоўцы мяркуюць, што сам гулец, магчыма, ужо ўсвядоміў, што паступіў не вельмі прыгожа і правільна. І не выключаюць, што Нікіфарэнка папросіць прабачэння ў былога трэнера, калі яшчэ гэтага не зрабіў.

Што да рэакцыі Скрыпчанкі, то футбольныя людзі яе разумеюць.

– Скрыпчанка – вельмі эмацыйны, хоць і ведае меру. То-бок нікога не абражае, нікога не зневажае, нават на эмоцыях. Ён перад гульнямі на трэнінгах выдае эмацыйныя спічы. Гэта ў яго не адабраць, – тлумачыць нам суразмоўца, які добра ведае характар Скрыпчанкі. – А тое, што ён так адрэагаваў на правакацыю Нікіфарэнкі... Зноў жа, тут усё праз нацягнутыя стасункі. Не выключаю, што калі б сябе так павёў не Нікіфарэнка, а іншы экс-гулец «Дынама», то наўрад ці трэнер адрэагаваў бы такім чынам.

Па нашай інфармацыі, калі мінулым летам Скрыпчанка адправіў у дубль гульца, той сам абраў варыянт адпрацаваць кантракт з «бела-блакітнымі» да канца, разумеючы, што наўрад ці вернецца ў аснову. Персанальны канфлікт, у якім ніхто не хацеў саступаць, не пакідаў на гэта ніякіх спадзеваў. Нікіфарэнка хацеў сысці вольным агентам, у клубе яго зразумелі. Расстанне з «Дынама» прайшло спакойна, але прэтэнзіі да Скрыпчанкі нікуды не падзеліся.

Фота: bel.football

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты